Паўгода вайны ва Украіне. Факты і лічбы
Узброенае ўварванне Расіі ва Украіну пачалося каля 5-й гадзіны раніцы 24 лютага. Перад пачаткам вайны заходнія аналітыкі (і не толькі яны) агучвалі сцэнарыі, у якіх на захоп Кіева расійцам адводзілася 3-4 дні.
Роўна праз шэсць месяцаў вайны, у Дзень Незалежнасці Украіны, «экстрэмісцкае» ў Беларусі амерыканскае радыё ўзгадвае асноўныя факты і лічбы гісторыі супрацьстаяння.
Колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва
Усе баявыя дзеянні, якія адбываюцца з моманту пачатку вайны, амаль выключна ідуць на тэрыторыі Украіны, у тым ліку на землях самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама ў акупіраваным расійцамі Крыме і ў акваторыі Чорнага мора. За ўсе 6 месяцаў супрацьстаяння Украіна толькі некалькі разоў абстрэльвала ўласна расійскую тэрыторыю — пацярпелі Белгародская і Кіраўская вобласці. Страты сярод цывільнага насельніцтва ў Расіі дакладна невядомыя, яны вымяраюцца дзясяткамі чалавек.
Страты сярод цывільнага насельніцтва Украіны падлічвае ААН. Паводле звестак на 14 жніўня, яны дасягнулі больш як 5500 чалавек. Пры гэтым у ААН падкрэсліваюць, што лічбы могуць значна адрознівацца ад рэальных. Эксперты арганізацыі не могуць улічыць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва на тэрыторыях, якія цяпер акупіраваныя войскамі РФ.
Страты бакоў
Афіцыйных звестак аб колькасці загінулых за шэсць месяцаў вайны салдат не існуе. Расія апошні раз публікавала гэтую інфармацыю 25 сакавіка, тады ў Крамлі налічылі 1351 загінулага расійскага вайскоўца і 3825 параненых. Неафіцыйна на канец жніўня страты расійскай арміі могуць мнагакратна перавышаць гэтыя лічбы.
Брытанская ВВС сумесна з расійскім выданнем «Медиазона» ад пачатку вайны збірае звесткі аб загінулых расійскіх вайскоўцах, якія публікуюць мясцовыя ўлады і СМІ ў Расіі. Па стане на 19 жніўня журналісты налічылі звыш 5700 пацверджаных выпадкаў. Паводле выданняў, рэальны памер страт расійскай арміі можа быць у 2-3 разы вышэйшы.
Заходнія спецслужбы ацэньваюць магчымыя страты арміі РФ ва Украіне ў памеры 15-20 тысяч чалавек. Украінскі Генштаб называе лічбу ў 42 тысячы чалавек, куды ўключае таксама параненых падчас баявых дзеянняў.
Афіцыйную колькасць загінулых украінскіх вайскоўцаў 22 жніўня агучыў міністр абароны Украіны Валеры Залужны. Па яго словах, яна складае каля 9000 вайскоўцаў.
Перамовы
Перамовы паміж прадстаўнікамі Крамля і Кіева пачаліся ўжо на чацвёрты дзень вайны, 28 лютага. Яны праходзілі на тэрыторыі Беларусі. Пасля некалькіх раўндаў 10 сакавіка ў Турцыі сустрэліся кіраўнікі МЗС абедзвюх краін Сяргей Лаўроў і Дзмітро Кулеба. Апошні раз бакі перамаўляліся 22 красавіка, Расію прадстаўляў на сустрэчы Уладзімір Мядзінскі, Украіну — Давід Арахамія. Пасля гэтага прадстаўнікі Кіева і Масквы абмяркоўвалі транзіт караблёў з украінскім збожжам праз Чорнае мора, гэта адбылося ў канцы ліпеня.
22 жніўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што адмовіцца ад любых перамоў з Крамлём у тым выпадку, калі Масква пачне судзіць абаронцаў «Азоўсталі» ў Марыупалі.
Акупацыя Украіны
За шэсць месяцаў вайны Расія змагла акупіраваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку плошча акупіраваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расійскія войскі адступілі з поўначы Украіны, а таксама часткова ад Харкава. На канец жніўня цалкам акупіраванымі застаюцца Крым, Луганская і Херсонская вобласці, а таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласці, каля 70% Запарожскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
Адзіным абласным цэнтрам Украіны, захопленым Расіяй пасля 24 лютага, застаецца Херсон. Горад быў акупіраваны расійскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Кіеў падазрае частку былога кіраўніцтва Херсона і вобласці ў здрадзе дзяржаве.
Загінулыя ва Украіне беларусы
За шэсць месяцаў вайны ва Украіне вядома пра смерць 11 беларусаў, якія загінулі, ваюючы на ўкраінскім баку. Гэта Ілля Хрэнаў, Аляксей Скобля, Дзмітрый Апанасовіч, Дзмітрый Рубашэўскі, Канстанцін Дзюбайла, Павел «Волат», Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Васіль Грудовік, Вадзім Шатроў і адзін з байцоў палка Каліноўскага, імя якога не называлася.
Акрамя гэтага, дакладна вядома пра двух палонных каліноўцаў — Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева. Падрабязнасцей пра іх лёс няма. Украіна ўключыла беларусаў у афіцыйны спіс на абмен ваеннапалоннымі, бо полк імя Каліноўскага ўваходзіць у структуру Узброеных сіл Украіны.
Вядома таксама пра выпадкі гібелі ўраджэнцаў Беларусі, якія ваявалі ва Украіне на баку Расіі. За шэсць месяцаў вайны такіх назбіралася дзевяць чалавек. Гэта Андрэй Бабко, Раман Гровіч, Васіль Курловіч, Аляксандр Шыянаў, Пётр Лузанаў, Павел Яўглеўскі, Ілля Курналёў, Уладзіслаў Чарноў і Мікалай Маркаў. Усе яны былі альбо байцамі так званай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер», альбо кадравымі вайскоўцамі Узброеных сіл РФ, якія служылі там па кантракце.
Таксама вядома пра двух цывільных беларусаў, што загінулі ва Украіне ў выніку расійскіх абстрэлаў, — гэта два дальнабойшчыкі, якія аказаліся «не ў той час не ў тым месцы».
Пераслед за падтрымку Украіны
Першыя акцыі ў падтрымку Украіны прайшлі ў Беларусі ў нядзелю 27 лютага, у гэты ж дзень у Беларусі праводзіўся так званы рэферэндум аб зменах у Канстытуцыю. Паводле звестак праваабаронцаў, 27 лютага былі затрыманыя каля 900 чалавек. У сакавіку адбыліся акцыі на інфраструктуры Беларускай чыгункі, у выніку якіх была пашкоджана частка абсталявання. Больш за дзясятак «рэйкавых партызанаў» затрымалі сілавікі.
Суд над першай іх групай скончыўся 10 жніўня. Найбольшы тэрмін зняволення атрымаў Канстанцін Ермаловіч — 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іншыя ўдзельнікі групы атрымалі тэрміны ад 2 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Судовыя працэсы ў справе яшчэ сама меней чацвярых «рэйкавых партызанаў» распачаліся ў жніўні, некаторым з абвінавачваных можа пагражаць смяротнае пакаранне.