Расія абстраляла Херсон, шмат забітых і параненых (фота 18+)
21 лютага Херсон скаланула серыя магутных выбухаў, у выніку якіх загінулі людзі. Колькасць ахвяр удакладняецца, але ўжо вядома прынамсі пра пяцёх загінулых. Нагадаем, у лістападзе Херсон быў вызвалены ад расійскай акупацыі.

Аб серыі выбухаў у горадзе на поўдні Украіны паведаміў
кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін у сваім тэлеграм-канале.
«Херсон пад абстрэлам. Як Мяркуецца, "Град".
Каля 20 выбухаў», — напісаў ён.
Мясцовых жыхароў адразу заклікалі знаходзіцца ў хованках або ў
іншых бяспечных месцах. Паблікі Херсона пачалі пісаць аб тым, што па горадзе сапраўды
шмат «пралётаў», пры гэтым месцы не ўдакладняліся.
Пазней з'явілася інфармацыя аб першых пацярпелых. У прыватнасці, адна з ракет трапіла ў аўтобусны прыпынак, дзе на той момант знаходзіліся людзі.
«Быў "прылёт" па прыпынку, ёсць шмат
параненых», — пісалі мясцовыя тэлеграм-каналы.
Пазней украінскія крыніцы паведамілі пра шасцёх загінулых у выніку
абстрэлу прыпынку грамадскага транспарту. Аднак праз нейкі час інфармацыю ўдакладнілі: загінулі пяць чалавек.
Яшчэ праз нейкі час з'явіліся звесткі таксама пра 12 параненых у выніку расійскай атакі.




Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў жорсткі абстрэл Херсона, у выніку якога загінулі шэсць чалавек.
Як напісаў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале, расійскае войска масіравана абстрэльвае Херсон і бязлітасна забівае мірнае насельніцтва.
Расійскія снарады трапілі ў аўтапарк, жылыя масівы, шматпавярховік і прыпынак грамадскага транспарту. На жаль, ёсць пацярпелыя і загінулыя, адзначыў Зяленскі. Ён выказаў спачуванні ўсім, хто страціў родных.
«Свет не мае права ні на хвіліну забываць, што расійская жорсткасць і агрэсія не маюць межаў. Дзяржава-тэрарыст будзе адказваць за ўсе свае бесчалавечныя злачынствы супраць нашага народа і Украіны», — падкрэсліў прэзідэнт.


9 лістапада ў Мінабароны РФ паведамілі, што пасля шматмесячнай акупацыі расійскія войскі
пакідаюць Херсон і правобярэжжа вобласці. Пазней акупанты ўзарвалі масты на
Херсоншчыне і Мікалаеўшчыне.
11 лістапада УСУ зайшлі ў Херсон. Увечары ў той жа дзень
Зяленскі ў сваім відэазвароце пацвердзіў гэтую інфармацыю. Таксама было
дэакупавана ўсе правабярэжжа Херсонскай вобласці.
14 лістапада прэзідэнт Украіны наведаў Херсон, тады над горадам афіцыйна паднялі ўкраінскі сцяг.
Паводле unian.net, фота з украінскіх тэлеграм-каналаў і тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага.