Расія атакавала Львоў “Калібрамі”: ракета трапіла ў жылы дом, ёсць ахвяры

Расія  выпусціла ноччу дзесяць крылатых ракет. Украінскія Сілы супрацьпаветранай абароны знішчылі сем з іх. На гэты момант вядома, што загінулі чатыры чалавекі, больш за 30 параненыя

Наступствы расійскай ракетнай атакі ў Львове 6 ліпеня. Фота: t.me/dsns_telegram

Наступствы расійскай ракетнай атакі ў Львове 6 ліпеня. Фота: t.me/dsns_telegram

Паводле звестак на раніцу, вядома пра чатырох загінулых. 32 чалавекі, піша «РБК-Украіна», атрымалі раненні. Паводле звестак ДСНС Украіны, сем чалавек удалося выратаваць, яшчэ 64 чалавекі былі эвакуяваныя.

Прынамсі, адзін паверх жылога будынка у Львове быў разбураны расійскай ракетай. Гарадскія ўлады паведамілі, што пашкоджана больш за 60 кватэр. 

Кіраўнік Львоўскай кампаніі Максім Казіцкі паведаміў, што ў ноч на чацьвер, 6 ліпеня, расійская ракета трапіла ў шматкватэрны дом у Львове. Ён апублікаваў відэа з месца трагедыі.

"Расійская ракета трапіла ў шматкватэрны дом у Львове. Было ўзгаранне, якое аператыўна пагасілі. Ёсць пацярпелыя. На месцы працуюць пажарныя, медыкі, спецыялісты ДСНС. Людзям аказваюць усю неабходную дапамогу. Ратавальнікі разбіраюць завалы", — напісаў Казіцкі.

Тым часам мэр Львова Андрэй Садовы паведаміў, што колькасць пацярпелых узрасла да васьмі. У шматпавярховіку пашкоджана больш за 60 кватэр і 50 аўтамабіляў.

Пазней ён дадаў, што з-пад завалаў выцягнулі целы дваіх загінулых.

Мэр Львова Андрэй Садовы назваў ракетны ўдар, нанесены ў ноч на 6 ліпеня,  адным з самых маштабных нападаў на грамадзянскую інфраструктуру «з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ ва Украіну. 

«Вельмі вялікія разбурэнні — разбурана больш за 50 дамоў», — сказаў ён, і дадаў, што шкода ацэньваецца ў дзясяткі мільёнаў грыўняў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі апублікаваў у тэлеграме кадры разбурэнняў у Львове і выказаў спачуванні родным загінулых. «Абавязкова будзе адказ ворагу. Адчувальны», — дадаў ён.

Войскі РФ атакавалі Львоў ракетамі “Калібр” з акваторыі Чорнага мора сёння ўначы. Сілам СПА Украіны атрымалася знішчыць сем з дзесяці цэляў ворага, паведаміла камандаванне паветраных сіл УСУ.

Адзначаецца, што ўдары былі нанесеныя з надводных носьбітаў і падлодак.

"Было зафіксавана некалькі груп ракет, якія спачатку накіроўваліся ў паўночным кірунку, выкарыстоўваючы рэльеф мясцовасці і рэчышча Дняпра, а затым рэзка змянілі курс на захад. У выніку баявой працы зенітнымі ракетнымі падраздзяленнямі і авіяцыяй паветраных сіл удалося знішчыць усяго сем з дзесяці крылатых ракет “Калібр", — падкрэслілі вайскоўцы.

Яны дадалі, што зафіксавана траплянне ракет па грамадзянскіх аб'ектах у Львове.


У выніку расійскай паветранай атакі ў Львове быў таксама пашкоджаны аб'ект інфраструктуры.

Паводле korrespondent.netmeduza.io, сацсетак, Украінская служба РБК