Расія атакавала Украіну рэкорднай колькасцю дронаў. Пры чым тут Беларусь?

Вайна бліжэй, чым падаецца. У часе сённяшняй атакі Расіі па Украіне некалькі ўдарных дронаў зляцелі ў Беларусь, і хто яго ведае, дзе яны ўпалі. А ўдары ў адказ Украіны па Расіі маглі нанесці шкоду беларускім нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам. Ідуць 1292-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

bb1lfc3s.jfif

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 170 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 7 верасня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 52 штурмы расіян ў раёнах Шахавага, Новаэканамічнага, Міралюбіўкі, Сухога Яру, Лісоўкі, Котліна, Удачнага, Дачнага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 26 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Талстога, Маліеўкі, Шаўчэнка, Камышувахі і іншых.

На Сіверскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 14 атак каля Серабранкі, Грыгораўкі, Пераезнага і ў кірунку Дронаўкі.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Кацярынаўкі, Русінага Яру, Палтаўкі.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 12 разоў, спрабуючы прарвацца каля Грэкаўкі, Рэдкадубу, Карпаўкі, Калодзежаў, Торскага.

На Краматорскім кірунку адбылося 10 боесутыкненняў каля Бондарнага, Віралюбаўкі, Ступачак і Белай Гары.

* * *

Страціўшы ў жніўні на Пакроўскім кірунку 5 кв. км, падраздзяленні Сіл абароны Украіны змаглі аднавіць кантроль над 26 кв.км украінскай зямлі, паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі па выніках яго працы ў раёнах вядзення актыўных баявых дзеянняў – на Пакроўскім, Дабрапольскім, Северскім кірунках. 

«Пакроўскі кірунак застаецца адным з самых складаных... Менавіта тут расійцы засяродзілі асноўныя намаганні і стварылі самую вялікую наступальную групоўку, якая спрабуе прарваць нашу абарону. Але ўкраінскія воіны мужна ўтрымліваюць рубяжы, знішчаюць жывую сілу і тэхніку ворага, а таксама праводзяць выніковыя штурмавыя дзеянні. Так, страціўшы ў жніўні на Пакроўскім кірунку 5 кв.км, падраздзяленні Сіл абароны змаглі аднавіць кантроль над 26 кв. км украінскай зямлі. Падобныя суадносіны ў нашу карысць — таксама і на Дабрапольскім кірунку», — написаў ён у Фэйсбуку.

* * *

У ноч на 7 верасня Расія нанесла самы маштабны ў гэтым годзе камбінаваны ўдар па тэрыторыі Украіны з ужываннем ударных БпЛА і ракет наземнага базавання. У цэлым падчас удару было заўважана 823 сродкі паветранага нападу:

  • 810 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў;
  • 9 крылатых ракет Іскандэр-К; 
  • 4 балістычныя ракеты Іскандэр-М/KN-23.

Супрацьпаветранай абаронай збітая/падаўленая 751 паветраная мэта:

  • 747 ударных БпЛА і дронаў іншых тыпаў;
  • 4 крылатыя ракеты Іскандэр-К.

У выніку абстрэлу ў Кіеве зафіксаваныя разбурэнні ў Святошынскім, Дарницкім і Пячэрскім раёнах. Вядома пра двух загінулых (адно з іх дзіця) і 20 пацярпелых у выніку атакі РФ.

У Святошынскім раёне было трапленне ў 16-павярховы дом. Таксама ў дзевяціпавярховым доме адбыўся пажар з шостага па дзявяты паверхі — там частковае разбурэнне перакрыццяў.

Расійцы ўпершыню з пачатку вайны атакавалі будынак урада Украіны — там узнік пажар, на месцы здарэння працуюць ратавальнікі.

У Адэсе гэтай ноччу падчас абстрэлу была пашкоджана шматпавярхоўка і Палац спорту — пацярпелі 3 чалавекі.

У Крэменчуге расійцы гэтай ноччу ўдарылі па мосце праз Днепр. Мост мае нацыянальнае значэнне: злучае левы і правы берагі горада, праз яго праходзіць чыгуначныя зносіны і дзве трасы нацыянальнага значэння. Але абышлося без пацярпелых.

Крывы Рог падвергнуўся некалькім хвалям нападаў. Падчас першай быў удар ракетамі па дамах і аб'ектах транспартнай і гарадской інфраструктуры, а ўжо праз некалькі гадзін паўторна ўдарылі ракетамі па аб'екту інфраструктуры, які пашкодзілі падчас першай хвалі атакі.

Сілы абароны Украіны ў ноч на 7 верасня нанеслі ўдары па частцы нафтаправода «Сталёвы конь » і Ільскаму НПЗ.

Як адзначае Генштаб, УСУ пашкодзілі лінейна-вытворчую дыспетчарскую станцыю (ЛПДС) «8-Н» у раёне населенага пункта Найтопавічы Бранскай вобласці. Станцыя ўваходзіць у комплекс магістральнага нафтаправода «Сталёвы конь», магутнасць перапампоўкі якога складае 10,5 млн тон. Аб'ект мае стратэгічнае значэнне для забеспячэння транспарціроўкі нафтапрадуктаў для расійскай арміі.

Як паведаміў камандуючы сіламі беспілотных сістэм УСУ Роберт Броўдзі («Мадзяр»), атакаваны аб'ект мае стратэгічнае значэнне для транспарціроўкі нафтапрадуктаў з беларускіх НПЗ у Расію — з Мазырскага і Наваполацкага заводаў.

Таксама ноччу падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый атакавалі магутнасці Ільскога нафтаперапрацоўчага завода ў Краснадарскім краі. Гэты НПЗ штогод перапрацоўвае 6,42 млн тон нафты і задзейнічаны ў забеспячэнні расійскіх узброеных сіл. Фіксаваліся выбухі і пажар у раёне НПЗ.

* * *

Новыя ўдары Расійскай Федэрацыі па ўкраінскіх гарадах з'яўляюцца свядомым злачынствам Крамля і спробай зацягнуць вайну, напісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram.

«Такія забойствы цяпер, калі даўно магла пачацца рэальная дыпламатыя, — свядомае злачынства і зацягванне вайны», — напісаў Зяленскі.

Ён нагадаў, што ў Вашынгтоне не раз гучалі заявы аб магчымых санкцыях у выпадку адмовы ад перамоваў, а таксама адзначыў неабходнасць выканаць усе дамоўленасці, дасягнутыя ў Парыжы.

«Свет можа прымусіць крамлёўскіх злачынцаў перастаць забіваць, патрэбна толькі палітычная воля. Дзякуй усім, хто дапамагае», — падкрэсліў ён.

* * *

Падчас масіраванага абстрэлу расійцаў некалькі варожых ударных беспілотнікаў перасеклі мяжу Украіны з Беларуссю, паведаміў у Telegram прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«З ночы працягваецца ліквідацыя наступстваў расійскіх удараў: больш за 800 дронаў, 13 ракет, з іх чатыры — балістыка. Паводле папярэдняй інфармацыі, некалькі дронаў перасеклі мяжу Украіны і Беларусі», — заявіў прэзідэнт Украіны.

* * *

Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Кірыл Буданаў у інтэрв'ю «Апострофу» заявіў, што Расійская Федэрацыя можа зноў правесці мабілізацыю і гэта з'яўляецца сур'ёзнай пагрозай.

Падчас размовы Буданаў нагадаў, што Расія ў 2022 годзе правяла частковую мабілізацыю. Пасля гэтага яна рабіла ўсё магчымае і колькі б гэта ні каштавала, каб мабілізацыю больш не праводзіць. Аднак гэта не адмяняе факту, што Масква можа зноў мабілізаваць людзей.

«Ці можа Расійская Федэрацыя правесці мабілізацыю? Можа быць. Можа, на жаль, гэта сур'ёзная пагроза. Гэта балюча будзе для Расійскай Федэрацыі, але гэта рэалістычна. І такая пагроза, на жаль, існуе», — сказаў Буданаў.

На пытанне, ці могуць расійцы адправіць у вялікіх аб'ёмах тэрміновай службы, кіраўнік ГУР заявіў, што ў гэтым няма сэнсу, але РФ зможа нарасціць колькасць войскаў РФ, якіх будзе кідаць на мяса, калі яны пойдуць шляхам мабілізацыі.

Адносна магчымых антываенных акцый, на думку Буданава, гэта смешна. Паводле яго, негатыў у грамадстве будзе, але гэта не спыніць Расію.

«Глядзіце, настроі калі пачаць мабілізацыю негатыўныя ў грамадстве. Яны будуць. І гэта тое, што яны ўбачылі, калі ў 2022 годзе зрабілі і адразу максімальна хутка паспрабавалі гэта спыніць. Але, ці спыніць гэта, скажам так, расійскую машыну? Не, не спыніць», — рэзюмаваў кіраўнік ГУР Украіны.

* * *

Расійская Федэрацыя ў вайне супраць Украіны выкарыстала са складоў ад 50 да 75% былых запасаў узбраення і вайсковай тэхнікі, якія прайшлі мадэрнізацыю і аднаўленне. Пра гэта распавёў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі ў інтэрв'ю Укрінфарму.

«Што тычыцца колькасці, якая ёсць на складах сёння, складана сказаць, таму што ёсць розныя лічбы. Чулася, што ўжо выкарыстана Расійскай Федэрацыяй ад 50 да 75% запасаў рознага ўзбраення з былых запасаў. У той жа час хачу адзначыць, што нягледзячы на выкарыстаныя запасы, Расія захавала магчымасці вырабу новых відаў і новага ўзбраення непасрэдна ў абаронна-прамысловым комплексе. І, напэўна, гэта дзякуючы таму, што большасць прадпрыемстваў АПК Савецкага Саюза не былі зачыненыя, яны скарацілі свае магутнасці, але Расія была і на сёння застаецца адным з асноўных экспарцёраў узбраення за мяжу», — адзначыў Скібіцкі.