Расія пад наймагутнейшай атакай беспілотнікаў. Што вядома на гэты час
Расійскае Мінабароны заявіла аб нападзе больш за 150 украінскіх беспілотнікаў на 15 расійскіх рэгіёнаў, уключаючы Маскву. Падрабязна пра атаку піша Бі-бі-сі.
Два дроны былі збітыя ў раёне Маскоўскага нафтаперапрацоўчага завода, заявіў мэр Сяргей Сабянін. У Падмаскоўі пад атакай апынулася Кашырская ДРЭС, яшчэ адной мэтай стала Конакава ў Цвярской вобласці, дзе таксама знаходзіцца электрастанцыя.
Як сцвярджае Мінабароны Расіі, удалося або збіць, або перахапіць 158 беспілотнікаў самалётнага тыпу. Гэта рэкордная колькасць, але атакі з удзелам больш за 100 дронаў ужо былі. 14 жніўня Мінабароны Расіі заяўляла аб знішчэнні 117 дронаў над васьмю рэгіёнамі.
Уначы, да ранішняга прэс-рэлізу Мінабароны, аб атаках паведамілі ўлады ў 10 рэгіёнах. Ваеннае ведамства дадало ў спіс яшчэ пяць: Курскую, Тамбоўскую, Смаленскую, Арлоўскую і Іванаўскую вобласці. У Курскай вобласці, як сцвярджаецца, знішчана больш за ўсё — 46 дронаў. Пры гэтым лічбы Мінабароны не супадаюць з тымі, якія ўначы давалі губернатары.
Пачынаючы з гадзіны ночы мэр Масквы Сяргей Сабянін кожную гадзіну паведамляў у тэлеграме аб чарговым дроне, які ляцеў на Маскву ібыў збіты ў Маскоўскай вобласці. Да пяці гадзін раніцы набралася ўжо пяць беспілотнікаў у розных раёнах: Падольск, Ступіна, Адзінцова, Ленінская гарадская акруга.
А палове на сёмую Сабянін паведаміў, што аднаму дрону ўдалося трапіць у Маскву — ён быў збіты ў раёне Маскоўскага нафтаперапрацоўчага завода ў Капотні, «пашкоджанняў і пацярпелых няма, пагрозы працы МНПЗ няма». Пазней яшчэ адзін збіты дрон упаў на адно з памяшканняў нафтазавода, з-за чаго пачаўся пажар.
Да 11-й гадзіны раніцы маскоўскае ўпраўленне МНС распаўсюдзіла наступнае паведамленне аб сітуацыі на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Капотні: «Пажарнікамі Масквы аператыўна было лакалізавана ўзгаранне. Пагрозы для людзей і функцыянавання завода няма. Адкрытага гарэння няма. Становішча на месцы спакойнае» (цытата паводле «Інтэрфаксу»).
Да васьмі раніцы мэр Масквы налічваў ужо 11 збітых беспілотнікаў (у Мінабароны на два менш). Пры гэтым Сабянін не ўключаў у сваю статыстыку Кашыру ў Падмаскоўі, дзе мэтай удару стала электрастанцыя на Ацэ.
Гэтую інфармацыю ў тэлеграме пацвердзіў кіраўнік гарадской акругі Міхаіл Шувалаў: «Была здзейснена спроба атакі трыма беспілотнікамі тэрыторыі Кашырскай ДРЭС. Ахвяр і разбурэнняў няма, пажару не было».
Падмаскоўе стала дзявятым атакаваным рэгіёнам, а восьмым была Цвярская вобласць. Рэгіянальны ўрад паведаміў, што пяць дронаў сістэма СПА збіла "ў раёне Конакава".
Да гэтага часу ў тэлеграм-каналах ужо з'явіліся сцвярджэнні аб тым, што атакавана не толькі Кашырская, але Канакоўская ДРЭС на Волзе. Афіцыйных каментароў з гэтай нагоды пакуль не было, а Мінабароны паведаміла толькі аб адным беспілотніку ў Цвярской вобласці, а не пяці.
Конакава знаходзіцца побач з Маскоўскай вобласцю. У Тульскай вобласці, якая таксама мяжуе з Падмаскоўем, абласное міністэрства па рэгіянальнай бяспецы заявіла аб трох збітых дронах.
Першым аб тым, што налёт прыняў масіраваны характар, заявіў губернатар Бранскай вобласціАляксандр Багамаз. Каля гадзіны ночы ён паведаміў аб 12 збітых беспілотніках, пасля дзвюх гадзін — яшчэ аб 14. Раніцай падвёў вынік: 27 (у Мінабароны Расіі — 34).
У Варонежскай вобласці, паводле заявы губернатара Аляксандра Гусева, знішчылі і здушылі 28 беспілотнікаў, пашкоджаны тры прыватныя дамы, пацярпелых няма.
Кіраўнік Ліпецкай вобласціІгар Артамонаў паведамляў аб знішчэнні БПЛА (не ўдакладняючы іх колькасць) над прамысловай зонай Ліпецка і яшчэ двума раёнамі рэгіёна. У суседняй Разанскай вобласці губернатар Павел Малкаў таксама паведаміў аб збітых беспілотніках, не прывёўшы ніякіх падрабязнасцяў (Мінабароны ў выніку заявіла аб васьмі збітых дронах).
Дзесятым па ліку рэгіёнам раніцай стала Калужская вобласць, губернатар якой Уладзіслаў Шапша заявіў аб знішчэнні дронаў "у розных частках рэгіёну", у тым ліку на ўскраіне Калугі (па версіі ваенных, збілі пяць).
Белгарадскі губернатар Вячаслаў Гладкоў ноччу пацвердзіў паведамленні тэлеграм-каналаў аб чарговым абстрэле Белгарада. Ён не ўдакладняў, чым менавіта быў абстраляны абласны цэнтр і Белгарадскі раён.
«Над Белгарадам і Белгарадскім раёнам спрацавала наша сістэма СПА — збіта некалькі паветраных цэляў на падлёце да горада. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма», — заявіў ён у тэлеграме.
Аб адсутнасці пацярпелых гаварылася ў пастах і іншых губернатараў, але ў Белгарадзе згарэлі некалькі аўтамабіляў (губернатар публікаваў фота) і былі пашкоджаны фасады дамоў.
Увечары ў пятніцу Белгарад патрапіў пад ракетны ўдар. Губернатар паведамляў аб пяці загінулых і 46 параненых.
У той жа дзень шэсць чалавек загінулі ў выніку расійскага ўдару па Харкаве, дзе адзін са снарадаў патрапіў у 12-павярховы жылы дом. У суботу ў выніку чарговага абстрэлу ў Харкаве загінулі яшчэ два чалавекі, паведамляла абласная ваенная адміністрацыя.
Раней сёлета мэтамі нападаў украінскіх беспілотнікаў рэгулярна станавіліся расейскія вайсковыя аэрадромы, а таксама нафтасховішчы і аб'ект нафтаперапрацоўкі.
Ва Украіне масіраваным ударам падвяргаюцца энергетычныя аб'екты і крытычная інфраструктура, ахвярамі якіх становяцца мірныя жыхары. Акрамя таго, расійскае войска рэгулярна абстрэльвае Харкаў, Сумы і іншыя рэгіёны Украіны.
Раніцай у панядзелак, 26 жніўня, Расія нанесла ўдар па Украіне, выкарыстаўшы для гэтага больш за 100 ракет і каля 100 ударных беспілотнікаў. Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі тады заявіў, што гэта быў "адзін з самых вялікіх удараў" за час вайны.