Расія спрабуе паўплываць на выбары ў ЗША, каб знізіць падтрымку Украіны
Паколькі на ядзерныя пагрозы Пуціна ўжо ніхто не рэагуе, а ракетныя ўдары па крытычнай інфраструктуры Украіны не далі жаданага выніку, Крэмль вырашыў звярнуцца да інфармацыйных нападаў, каб знізіць падтрымку ўкраінскай дзяржавы заходнімі краінамі, у прыватнасці ЗША.
Расія спрабуе ўмяшацца ў прамежкавыя выбары ў Кангрэс, якія запланаваны на 8 лістапада 2022 года. Пра гэта паведамляе «The New York Times» са спасылкай на амерыканскіх даследчыкаў у галіне лічбавай бяспекі.
Для гэтага Крэмль актываваў ботафермы, якія маюць намер распальваць канфлікты сярод кансерватыўных выбаршчыкаў, каб падарваць давер да амерыканскай сістэмы выбараў. Тым самым Масква спрабуе вывесці наперад рэспубліканцаў, якія хочуць мінімізаваць падтрымку Украіны на карысць развязвання ўнутраных амерыканскіх праблем.
На думку даследчыкаў, галоўная мэта Расіі — аслабіць падтрымку Украіны. Крамлёўскія боты «прасоўваюць» скаргі на выкарыстанне сродкаў падаткаплацельшчыкаў урадам Байдэна для дапамогі ўкраінскай дзяржаве і дыскрэдытуюць дзеючага прэзідэнта ЗША.
На дзявятым месяцы так званай «ваеннай спецаперацыі» ў Расіі ўсё мацней адчуваецца яе правальнасць і бесперспектыўнасць. У Крамлі разумеюць, што чым даўжэй будуць працягвацца баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, тым складаней будзе Расіі дэманстраваць хоць нейкія «перамогі» ў гэтай «спецаперацыі».
Таму аналагічныя бот-атакі могуць распаўсюдзіцца і на іншыя краіны, якія актыўна дапамагаюць Украіне, з мэтай памяншэння падтрымкі — як ваеннай, так і фінансавай.
Аднак для Украіны, якая ваюе за еўрапейскую будучыню, важна захаваць падтрымку з боку Захаду, асабліва перад зімовым перыядам. Заходнія партнёры не павінны дазволіць Пуціну «замарозіць» дзяржаву, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і адстойвае сваю незалежнасць ад Расіі і пуцінскага ўплыву. Для ЗША прынцыпова важна захаваць падтрымку Украіны ўсімі палітычнымі сіламі — і дэмакратамі, і рэспубліканцамі, каб не дазволіць дыктатарскай Расіі атрымаць перамогу над дэмакратыяй.
Адзначым, што прамежкавыя выбары пройдуць у ЗША 8 лістапада. У выніку цалкам зменіцца склад Палаты прадстаўнікоў ЗША і каля траціны членаў Сената. Па прагнозах, па выніках выбараў у Палату прадстаўнікоў рэспубліканцы могуць атрымаць большасць.
Паводле «Белнавіны»