Расія выдаткавала на «грабавыя» выплаты больш 166,2 млрд рублёў. Гэта амаль 16 тысяч загінулых
Апошні раз Мінабароны Расіі адчытвалася аб загінулых 21 верасня. Сяргей Шайгу паведаміў пра каля 6 тысяч загінулых. Тэлеграм-канал «Можам патлумачыць» паглядзеў, колькі выдаткавана на выплаты сем'ям загінулых і параненым. Зыходзячы з выплат, лічба страт Расіі амаль у тры разы вышэйшая.
![1033469132_0_0_0_0_1920x0_80_0_0_647acd410b3cdba0f27b8d974f30ddd8.jpg 1033469132_0_0_0_0_1920x0_80_0_0_647acd410b3cdba0f27b8d974f30ddd8.jpg](/img/v1/images/1033469132_0_0_0_0_1920x0_80_0_0_647acd410b3cdba0f27b8d974f30ddd8.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну Пуцін падпісаў указ аб выплатах сем'ям загінулых удзельнікаў «СВА» ў памеры 12,4 млн рублёў. З іх 9,4 млн ідуць з Рэзервовага фонду, а яшчэ 3 млн плаціць страхавая кампанія «Согаз». Для выплат з Рэзервовага фонду Мінфін увёў новы код спецыяльнага артыкула ў бюджэце — 03 4 08 3024f. На сайце бюджэтнага ведамства ёсць яго расшыфроўка, дзе ўдакладняецца, што грошы пойдуць на выплату загінулым супрацоўнікам Расгвардыі і Мінабароны.
На сайце электроннага бюджэту можна паглядзець, колькі да цяперашняга часу было выплачана загінулым байцам Расгвардыі і Міністэрства абароны. У ліпені «Новая газета Еўропа» пісала, што на параненых і загінулых выдаткавана ўсяго 113 млрд рублёў. А да 2 лістапада, заўважыў «МП», ужо выдаткавана 166,2 млрд рублёў. Гэтая сума толькі для грамадзян Расіі, сюды не ўваходзяць тыя, хто загінуў з так званых «байцоў ЛДНР», на якіх не распаўсюджваецца ўказ Пуціна, або байцы розных ПВК кшталту «Вагнера».
Па тым жа артыкуле бюджэту грошы атрымліваюць і цяжка параненыя — тыя, хто атрымаў інваліднасць і няздольныя працягваць службу ў войску. Аднак міністр абароны Сяргей Шайгу сцвярджаў, што больш за 90% параненых вяртаюцца да вайсковай службы. Зыходзячы з яго слоў, можна зрабіць выснову, што выплаты за інваліднасць складаюць у агульнай масе толькі 10%.
![100 000 расійскіх вайскоўцаў былі забітыя ці параненыя ў Украіне, заяўляюць ЗША «Значна больш» за 100 тысяч расійскіх вайскоўцаў забітыя ці параненыя на Украіне?](/img/v1/images/straty_100_000.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Зрабіўшы такую папраўку, можна падлічыць, што выплаты за загінулых (9,4 млн) атрымалі больш за 15,8 тысяч чалавек, а параненыя, якія сталі інвалідамі і няздольныя працягваць службу, — амаль 1,8 тысяч. Суадносіны могуць быць і іншымі, але беззваротныя страты арміі ўжо перавысілі 17,5 тысяч чалавек.
У разліку не ўлічваюцца параненыя, якія пасля шпіталя змаглі працягваць службу ці не атрымлівалі інваліднасць. Напрыклад, пасля лёгкага ранення ў руку ці кантузіі салдат павінен атрымаць толькі выплату ў 3 млн рублёў ад «Согаз», але гэтыя грошы ідуць наўпрост ад страхавой кампаніі і ў бюджэце не адбіваюцца. Але калі выказаць здагадку, што суадносіны забітых і параненых 1 да 3, то раненні атрымалі больш за 45 тысяч чалавек.
Апошні раз Мінабароны РФ адчытвалася аб загінулых 21 верасня, калі абвяшчала мабілізацыю, тады Сяргей Шайгу заявіў пра амаль 6 тысяч загінулых, не называючы колькасць параненых. BBC і «Медиазона» па адкрытых паведамленнях аб гібелі вайскоўцаў змаглі пацвердзіць смерць 8294 вайскоўцаў. Украінскае камандаванне паведамляе пра страты расійскай арміі ў 76 тысяч чалавек.
15,8 тысяч загінулых — гэта больш, чым афіцыйна страціў СССР за 10 гадоў Афганскай вайны ці Расія за любую з чачэнскіх войнаў.