Расійская прапаганда забылася пра Кіеў, і цяпер марыць пра Марыупаль

«Азоўскае мора, фактычна, стане ўнутраным вадаёмам Расіі», — цынічна апраўдвае ахвяры расійскае дзяржаўнае інфармагенцтва.

ap22080031802264.jpg


Вайна пачыналася з бравурных заяваў аб «дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны». За гэтымі прыгожымі словамі хаваўся намер захапіць незалежную дзяржаву разам са сталіцай і расчляніць на некалькі марыянеткавых утварэнняў тыпу «ДНР» і «ЛНР». Расійская прапаганда трубіла аб хуткім падзенні Кіева, а Пуцін асабіста заклікаў украінскую армію да звяржэння законных уладаў краіны, якія па яго словах, складаюцца з «наркаманаў і неанацыстаў».

Мінуў амаль месяц ад пачатку «спецаперацыі», а Расія ўсё яшчэ не мае ніякіх дасягненняў, якія б успрымаліся іхным грамадствам як перамога. Расійскія войскі здолелі заняць толькі адзін абласны цэнтр Украіны — аграрны Херсон. Прасоўванне расійскіх войскаў спынілася амаль на ўсіх кірунках, а варварскія абстрэлы гарадоў не столькі застрашылі ўкраінскае грамадства, колькі мабілізавалі сусветную грамадскую думку. У гэтых умовах змянілася і рыторыка афіцыйных СМІ ў РФ. У фокусе ўвагі застаўся Марыупаль — вялікі прамысловы горад на поўдні Данецкай вобласці,

У артыкуле, апублікаваным расійскім дзяржаўным агенцтвам РІА «Навіны» гэты горад называецца «ключом да перамогі», а падзеі вакол яго характарызуюцца як пераломны момант «расійскай спецаперацыі».

Паведамляецца, што расійскія войскі разам з «сіламі ДНР» квартал за кварталам бяруць горад пад кантроль.

Асада Марыупаля працягваецца 23 дні, і аналагічныя сцверджанні можна прачытаць у любы з гэтых дзён. Незвычайна вялікая колькасць кварталаў як для горада з насельніцтвам у 460 тысяч. Нават незразумела, дзе хаваюцца абаронцы, колькасць якіх аўтар ацэньвае ў «10 тысяч добра ўзброеных танкамі і артылерыяй чалавек».

«Працягваецца эвакуацыя насельніцтва ў вызваленых раёнах Марыупаля. Вайскоўцы, валанцёры выводзяць цывільных асобаў, гэта падзелена на некалькі этапаў» — цытуюцца ў артыкуле словы «кіраўніка ДНР». У артыкуле адзначаецца, што «нацыяналісты перашкаджаюць эвакуацыі» і на сёння толькі 10% жыхароў горада пакінула зону баявых дзеянняў. Ці азначае гэта, што расійскія войскі кантралююць акурат 10% Марыупаля?

Бамбёжка радзільні і тэатра называюцца фэйкамі «церпячага ваенную паразу кіеўскага рэжыму».

«Вызваленне Марыупаля адкрые прамую сухапутную дарогу ў Крым, перарэзаную ў 2014-м. Гэта значна спрасціць транспартаванне цывільных і вайсковых грузаў. У перспектыве наладзіцца і пасажырскае спалучэнне. І перашкодзіць гэтаму ў Кіеве ўжо не здолеюць. Па зямлі ўкраінскім войскам сюды больш не дабрацца. Як і па вадзе, бо Азоўскае мора фактычна стане ўнутраным вадаёмам Расіі», — піша аўтар артыкула.

Падобна, што зацяты адпор украінцаў вымусіў Крэмль перагледзець планы, і цяпер яны сапраўды разглядаюць захоп Марыупаля як той пункт, пасля якога можна будзе заявіць грамадству, што «мэты вайны дасягнутыя».

Паводле НН