Reuters: Вашынгтон рыхтуе ўдар па ключавых сектарах эканомікі Расіі
Адміністрацыя Дональда Трампа не бачыць вынікаў у перамовах з Расіяй, а таму мяркуе, што Расію трэба прымусіць да міру. Распрацаваныя санкцыі могуць быць ужытыя проста таму, каб іх «не распрацоўвалі дарма», але ўсё ж яны маюць патрэбу ва ухваленні Трампа. Пры гэтым пазіцыі Пуціна, па меркаванні аналітыкаў, хістаюцца. Ідзе 1165-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Калаж з Вконтакте
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 216 баявых сутыкненняў, паведамляе ў ранішняй зводцы 3 траўня Генштаб УСУ. На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 83 атакі ля Вадзянога Другога, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Дачэнскага, Шаўчэнка, Котліна, Удалага, Надзінўкі, Катляроўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 27 разоў, спрабуючы прасунуцца непадалёк Новага, Зялёнай Даліны, Мірнага, Сяргееўкі, Грэкаўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 23 атакі расіян ля Прывольнага, Разліву, Канстанцінопаля, Бурлацкага і іншых.
На Краматорскім і Тарэцкім кірунках зафіксавана па восем атак на кожным. Па шэсць атак расіян адбылося на Купянскім, Харкаўскім, Гуляйпольскім кірунках.
У Курскай вобласці Расіі УСУ адбілі 20 атак арміі РФ. Расіяне здзейснілі 14 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 23 кіраваныя авіябомбы.
* * *
У ноч на 3 траўня расійцы атакавалі Украіну двума балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» і 183 ударнымі БпЛА і беспілотнікамі іншых тыпаў. З іх удалося збіць 77 БПЛА, яшчэ 73 прызнаныя «лакацыйна страчанымі», паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
Пад маштабнай атакай апынуўся Харкаў. У розных раёнах горада прагрымелі выбухі, 47 чалавек пацярпелі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што ў Харкаве «ніякіх вайсковых мэтаў не было і не магло быць. Расія б'е па жылой забудове менавіта тады, калі ўкраінцы дома, калі яны ўкладваюць сваіх дзяцей спаць... Пакуль свет марудзіць з рашэннямі, амаль кожная ноч у Украіне ператвараецца ў жах, з-за якога губляюцца жыцці».
Зекленскі заклікаў партнёраў узмацніць СПА Украіны, а таксама адзначыў, што «толькі сіла і санкцыі прымусяць Расію спыніцца».
* * *
Пагадненне з ЗША аб інвестыцыйным фондзе аднаўлення прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і тычыцца карысных выкапняў на ўсёй яе тэрыторыі, заявіў намеснік міністра эканомікі Украіны Тарас Качка.
Адказваючы на пытанне пра тое, ці будуць працаваць амерыканскія кампаніі на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, Качка адзначыў, што «гэта не з'яўляецца пытаннем пагаднення».
«Пагадненне ў прэамбуле выразна кажа пра тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, пра поўны суверэнітэт Украіны над яе рэсурсамі, якія ў поўнай меры застаюцца ў яе распараджэнні. Мы нікому нічога не перадаем. Ніякіх прыкмет размеркавання на акупаваную або неакупаваную тэрыторыю там няма. Пагадненне тычыцца ўсіх карысных выкапняў на тэрыторыі Украіны. Гэтае пытанне сапраўды на нейкіх этапах дыскутавалася, але адпала, таму што мы выразна маем пацвярджэнне капітальнай цэласнасці Украіны», — сказаў ён.
* * *

* * *
Дзярждэпартамент ЗША ўхваліў пакет па навучанні і падтрымцы знішчальнікаў F-16 для Украіны. Кошт пакета складае 310 млн долараў, паведамляе амерыканскае ведамства ў сацсетцы Х.
«Дзяржаўны дэпартамент ЗША прыняў рашэнне ўхваліць магчымы продаж Украіне па лініі замежных ваенных продажаў (FMS) пакета па навучанні і забеспячэнні эксплуатацыі знішчальнікаў F-16, а таксама спадарожнага абсталявання, на агульную суму каля 310, 5 мільёна долараў», — гаворыцца ў публікацыі.
Там дадалі, што агенцтва па супрацоўніцтве ў галіне абароннай бяспекі накіравала адпаведнае апавяшчэнне ў Кангрэс ЗША.
* * *
Вашынгтон рыхтуе ўдар па ключавых сектарах эканомікі Расіі пасля правалу мірных ініцыятыў Трампа, піша Reuters.
Па словах трох чыноўнікаў і знаёмай з гэтым пытаннем крыніцы, амерыканскія чыноўнікі завяршылі распрацоўку новых эканамічных санкцый супраць Расіі, у прыватнасці ў дачыненні да банкаўскага і энергетычнага сектараў. Мэтай з'яўляецца ўзмацненне ціску на Маскву і яе прымус падтрымаць намаганні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, накіраваныя на спыненне вайны ва Украіне.
Мэтамі санкцый з'яўляюцца дзяржаўны расійскі энергетычны гігант «Газпром», а таксама буйныя кампаніі, якія працуюць у сферы прыродных рэсурсаў і банкаўскім сектары.
У той жа час, незразумела ці будзе гэты пакет зацверджаны Трампам, чыя сімпатыя да заяваў і дзеянняў Масквы змянілася расчараваннем з-за ігнаравання Пуціным яго заклікаў да спынення агню і мірных перамоваў.
Як адзначыў былы спецыяльны прадстаўнік ЗША ў пытаннях Украіны Курт Волкер, «Трамп зрабіў усё магчымае, каб даць Пуціну шанец пагадзіцца на спыненне агню і заканчэнне вайны, аднак расійскі прэзідэнт прадаўжае адкідваць гэтыя ініцыятывы».
Па словах Волкера, цяпер ЗША і Украіна выступаюць адзіным фронтам з заклікам да неадкладнага і ўсёабдымнага спынення баявых дзеянняў, тады як Пуцін апынуўся ў ізаляцыі.
* * *
Расійская армія захоплівае ўсё менш тэрыторый Украіны, але губляе вельмі шмат людзей і рэсурсаў. Пуцін можа змяніць стаўленне да далейшых наступальных аперацый, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Эксперты адзначылі, што за апошнія чатыры месяцы расійскія поспехі на фронце замарудзіліся, але войска РФ прадаўжае несці страты асабовага складу, супастаўныя з тымі, якія неслі ў перыяд інтэнсіўнага наступу.
Паводле ацэнак ISW, у студзені, лютым, сакавіку і красавіку 2025 года расійскія войскі захапілі тэрыторыю агульнай плошчай 1627 кв. км. ва Украіне і Курскай вобласці Расіі. На працягу апошніх чатырох месяцаў, па даных Генштаба УСУ, страты расійцаў склалі 160 600 салдат, то-бок у сярэднім 99 салдат на кожны квадратны кіламетр.
Паводле ацэнак аналітыкаў, расійскія войскі захапілі прыкладна 496 кв. км. у студзені 2025 года; прыкладна 313 кв. км. у лютым; прыкладна 601 кв. км. у сакавіку; і прыкладна 217 кв. км. у красавіку 2025 года. Запаволенне акупацыі здарылася таму, што армія РФ сутыкнулася з добра абароненымі ўкраінскімі пазіцыямі ў буйных гарадах, такіх як Купянск, Часаў Яр, Тарэцк і Пакроўск, а таксама вакол іх. На сёння расійскія войскі нясуць больш вялікія страты на квадратны кіламетр, чым восенню 2024 года.
У ISW адзначылі, што ў перыяд са студзеня да красавіка 2025 года, поспехі РФ былі на 45% больш павольнымі, чым у перыяд з верасня да снежня 2024 года, хоць узровень страт за гэты час знізіўся толькі на 10%.
Аднак Пуцін спрабуе падтрымліваць тэмп наступальных аперацый для ціску на Украіну ў перамовах аб спыненні агню. Паводле ацэнак ISW, Крэмль спрабуе зацягнуць перамовы, каб атрымаць дадатковыя саступкі ад ЗША і Украіны і дадатковыя перамогі на полі бою. Аднак застаецца незразумелым, ці зможа Расія падтрымліваць дастатковы ўзровень колькасці Узброеных сіл для працягу наступальных аперацый ва Украіне цягам нявызначанага часу праз рост эканамічных выдаткаў на сацыяльныя выплаты і аднаразовыя выплаты расійскім вайскоўцам.
Заходняя выведка мяркуе, што Пуцін можа пачаць аддаваць прыярытэт кароткатэрміновым мэтам, такім як замацаванне заваёў ва Украіне і непасрэдная эканамічная жыццяздольнасць Расіі, а не захоп большай тэрыторыі.
«У адказ на такі загад расійскія войскі, верагодна, пяройдуць да абарончых аперацый з мэтай умацавання і кансалідацыі цяперашніх пазіцый на фронце, у асноўным спрабуючы абараніць дасягненні на поле бою і захаваць усё больш абмежаваныя рэзервы жывой сілы і матэрыяльных сродкаў. Армія РФ таксама можа пачаць будаўніцтва ўмацаванняў паблізу перадавых пазіцый», — гавораць эксперты.
* * *
Падпісанне Украінай і ЗША пагаднення аб нетрах выклікала непакой сярод расійскіх элітаў. Яны асцерагаюцца, што Масква можа страціць сваю перавагу ў перамовах праз збліжэнне Кіева і Вашынгтона, піша Тһе Wahsington Post.
Выданне адзначае, што вонкава расійскія чыноўнікі грэбліва паставіліся да навіны аб заключэнні пагаднення аб нетрах паміж Украінай і ЗША, называючы яго «крокам да каланізацыі Украіны». Аднак, як адзначае выданне, за кулісамі сярод некаторых прадстаўнікоў расійскай эліты расце занепакоенасць, што гэта пагадненне можа азначаць новае збліжэнне Украіны і ЗША, якое здольнае закрыць для Расіі акно магчымасцяў для ўкладання мірнага пагаднення на выгадных для яе ўмовах.
Расійскі чыноўнік на ўмовах ананімнасці заявіў, што цяпер на Пуціна расце ўнутраны ціск, каб ён хаця б зрабіў выгляд, што гатовы ісці на саступкі. «Ён разумее, што яму трэба больш супрацоўнічаць. У адваротным выпадку, законапраект, прапанаваны Грэмам, стане сур'ёзным ударам, паколькі ўрад ужо абвясціў, што дэфіцыт бюджэту расце», — сказаў суразмоўца.