ЗША падпісалі з Украінай пагадненне аб нетрах. Як Трамп будзе бараніць свае інвестыцыі?
ЗША падпісалі з Украінай пагадненне аб нетрах, і адразу ж новая адміністрацыя Белага дома падала пакет аб продажы Украіне зброі на 50 млн долараў. Гэта першы такі пакет пры Трампе, калі усе думалі, што ЗША ўвогуле не будуць даваць зброі Украіне. Расіі давядзецца моцна падумаць, бо Штаты, безумоўна, могуць і будуць бараніць свае інвестыцыі. Ідзе 1163-ці дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: СБУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 196 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 траўня. Па-ранейшаму найбольш інтэнсіўныя баі ідуць на Пакроўскім кірунку — там абаронцы Украіны спынілі 85 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Старой Мікалаеўкі, Калінава, Елізаветаўкі, Лысоўкі, Котліна, Луча, Дачэнскага, Надзіеўкі, Новааляксандроўкі, Андрэеўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 36 разоў, спрабуючы ўклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Навасергіеўкі, Надзеі, Цвердахлебава, Рэдкадубу, Новага, Зялёнай Даліны і іншых.
На Новопаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 16 атак у раёнах Канстанцінопаля, Прывольнага, Вольнага Поля. На Тарэцкім кірунку абаронцы Украіны адбілі 10 атак у раёнах Дружбы, Дачнага, Дыліеўкі і Тарэцка.
На Купянскім і Краматорскім кірунках расіяне атакавалі па шэсць разоў на кожным.
У Курскай вобласці Расіі адбылося 21 боесутыкненне, расіяне нанеслі 13 авіяўдараў, скінуўшы пры гэтым 16 кіраваных авіяцыйных бомбаў па сваёй тэрыторыі.
* * *
УСУ нядаўна прасунуліся ў Курскай вобласці і паблізу Тарэцка, а расійскія войскі — пад Ліманам і на Тарэцкім кірунку, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Апублікаваныя 26 красавіка кадры з геалакацыяй паказваюць, што УСУ прасунуліся на паўднёвы захад ад Кучарава (на поўдзень ад Суджы) Курскай вобласці Расіі.
Кадры з геалакацыяй ад 30 красавіка паказваюць, як расійцы размахваюць трыкалорам у заходняй і цэнтральнай частках Новага (на паўночны ўсход ад Лімана), што сведчыць, што расійцы маглі акупаваць пасёлак. Таксама 30 красавіка ў Мінабароны РФ заявілі аб захопе Новага.
Дадатковыя геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 30 красавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся ва ўсходняй частцы Ліпавага (на захад ад Новага) і на ўсход ад Кацярынаўкі (на паўночны ўсход ад Новага).
Геалакацыйныя кадры ад 29 красавіка паказваюць, што УСУ прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Дачнага (на паўночны ўсход ад Тарэцка). Фіксуецца таксама прасоўванне расійскіх войскаў: як паказваюць геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 29 красавіка, войскі РФ трохі прасунуліся да вуліцы Адэскай на паўночным захадзе Тарэцка.
* * *
У ноч на 1 траўня 2025 года расіяне атакавалі Украіну 5-цю балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» і 170-ю ўдарнымі БпЛА і беспілотнікамі іншых тыпаў. Пацверджана збіццё 74 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 68 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).
У Адэсе ахвярай расійскай атакі стаў чыгуначнік. «Адэская вобласць і чыгуначная інфраструктура рэгіёну знаходзіліся пад варожым абстрэлам. На працоўных месцах абышлося без ахвяр, аднак, на жаль, варожая атака на Адэсу забрала жыццё чыгуначніка ў яго ўласным доме» — гаворыцца ў паведамленні «Укрзалізніцы».
З-за расійскага ўдару пашкоджаны адзін з участкаў чыгункі: пацярпелі пуці, кантактная сетка і грузавыя вагоны.
* * *

* * *
Міністр эканомікі Украіны Юлія Свірыдзенка і міністр фінансаў ЗША Скот Бесент падпісалі пагадненне аб нетрах.
«Злучаныя Штаты адданыя справе садзейнічання спыненню жорсткай і бессэнсоўнай вайны. Гэта пагадненне выразна сігналізуе Расіі, што адміністрацыя Трампа адданая мірнаму працэсу, у цэнтры якога — свабодная, суверэнная і квітнеючая Украіна ў доўгатэрміновай перспектыве. Прэзідэнт Трамп задумаў гэта партнёрства паміж амерыканскім народам і ўкраінскім народам, каб прадэманстраваць прыхільнасць абодвух бакоў да працяглага міру і росквіту ва Украіне. І, каб было зразумела, ніводнай дзяржаве або асобе, якая фінансавала або пастаўляла расійскую вайсковую машыну, не будзе дазволена атрымаць выгаду ад аднаўлення Украіны», —заявіў Скот Бесент.
Асноўныя палажэнні пагаднення аб нетрах:
- Усе рэсурсы застаюцца ва ўкраінскай уласнасці — гэта замацавана пагадненнем.
- Украіна і ЗША ствараюць інвестыцыйны фонд для выканання пагаднення і для наступнага аднаўлення Украіны на ўмовах 50/50. Яны будуць сумесна кіраваць фондам, ні адзін з бакоў не будзе мець пераважнага голасу.
- Пагадненне не прадугледжвае зменаў у працэсах прыватызацыі або кіраванні дзяржаўнымі кампаніямі — яны і далей будуць належаць Украіне. Кампаніі накшталт «Укрнафты» або «Энергаатама» застаюцца ва ўласнасці Украіны.
- Пагадненне не ўтрымлівае згадак пра якія-небудзь даўгавыя абавязацельствы Украіны перад ЗША.
Па словах Свірыдзенкі, ЗША робяць першапачатковы ўклад у фонд. «Акрамя непасрэдна сродкаў, яны могуць рабіць яго і новай дапамогай — напрыклад, сістэмамі СПА для Украіны», — заявіла яна.
«Мы чакаем, што першыя 10 гадоў прыбытку і паступлення фонду не размяркоўваюцца, а могуць толькі інвеставацца ва Украіну —у новыя праекты або аднаўленне. Гэтыя ўмовы будуць абмяркоўвацца дадаткова», — адзначыла міністр.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пракаментаваў заключэнне пагаднення аб нетрах з Украінай. Паводле яго слоў, Амерыка заключыла пагадненне, «дзе нашы грошы ў бяспецы, дзе мы можам пачаць свідраваць і рабіць тое, што мы павінны рабіць», і адзначыў, што прысутнасць ЗША на месцах здабычы «ўтрымае шмат дрэнных гульцоў падалей ад краіны».
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп упершыню за сваю другую кадэнцыю пагадзіўся прадаць Украіне зброю на суму ад 50 млн долараў, паведамляе Kyiv Post са спасылкай на свае крыніцы ў дыпламатычных колах.
Паводле звестак выдання, 30 красавіка адміністрацыя Трампа нібыта праінфармавала Кангрэс аб намерах ухваліць экспарт тавараў вайсковага прызначэння Украіне праз механізм наўпроставага камерцыйнага продажу (direct commercial sales) на 50 млн долараў або больш. Паведамленне падалі паводле закона аб кантролі экспарту ўзбраенняў.
«Усе рашэнні па механізме прамых камерцыйных продажаў "ціхія" — іх не анансуюць публічна... Навіна заключаецца ў тым, што продаж зброі працягваецца, хоць да гэтага часу ўсё паказвала, што Трамп зусім адрэжа Украіну ад паставак», — сказаў карэспандэнту Kyiv Post у Вашынгтоне Колбі Бадвор з даследчай групы Tochnyi.
* * *
Большасць сенатараў падтрымліваюць законапраект аб «зруйнавальных» санкцыях супраць Расіі і пакупнікоў яе нафты і газу, калі Пуцін не пачне сур'ёзныя перамовы аб спыненні вайны, заявіў сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм у інтэрв'ю Bloomberg. Паводле яго слоў, законапраект падтрымліваюць 72 сенатары.
Санкцыі будуць уключаць 500%-ную мыту на імпарт з краін, якія купляюць расійскую нафту, нафтапрадукты, прыродны газ або ўран. Санкцыі таксама забароняць грамадзянам ЗША купляць расійскі суверэнны доўг.
Грэм заявіў, што Пуціну ў выніку давядзецца выбіраць паміж сустрэчай з Трампам і спыненнем вайны, ці «разгромам» расійскай эканомікі. «Калі прэзідэнт Трамп палічыць, што мы зайшлі ў тупік, чакайце дзеянняў», — сказаў сенатар.
* * *
Еўрапейскі Саюз рыхтуе «план Б» для захавання эканамічных санкцый супраць Расіі, калі ЗША адмовяцца ад мірных перамоваў аб Украіне і пойдуць на збліжэнне з Масквой, заявіла ў інтэрв'ю The Guardian высокая прадстаўніца ЕС у пытаннях замежных спраў і палітыкі бяспекі Кая Калас. «Мы бачым прыкметы таго, што яны разважаюць пра тое, ці варта ім (ЗША — рэд.) пакінуць Украіну і не спрабаваць дамовіцца з расійцамі, бо што гэта цяжка», — сказала Калас.
Паводле яе слоў, існуе план па захаванні эканамічнага ціску на Расію, нават калі Венгрыя заблакуе падаўжэнне эканамічных санкцый ЕС у ліпені. Але пры Гэтым Калас падкрэсліла, што Брусель па-ранейшаму накіраваны на захаванне адзінства ўсіх краін-членаў ЕС.