«Рускія сваіх не кідаюць. Проста трэба правільна разумець, хто свае, а хто не»
Свет уражаны мабілізацыяй, якую аб’явіў Уладзімір Пуцін. Вось і аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» ўразіўся таксама, хоць і не збіраўся гэтага рабіць. Але ўражаны ён сусветнай рэакцыяй, а не фактам мабілізацыі. Мабілізацыя — нішто, рэакцыя — усё.
Ведаеш, я не меў рацыю, калі мінулым разам казаў табе, што частковая мабілізацыя не зробіць уражання ні на Захад, ні на Украіну. Вось катэгарычна памыляўся. Таму што яна зрабіла ўражанне літаральна на ўсіх і кожнага. Трошачкі не такое ўражанне, як, можа быць, хацелася б аўтарам гэтай ідэі, але не важна. Галоўнае, што зрабіла.
Захад вось уразіла. Захад і без мабілізацыі пастаўляў Украіне зброю, а з мабілізацыяй цяпер удвая больш будзе пастаўляць. Таму што сацыяльная справядлівасць, і павінна хапіць на кожнага мабілізаванага.
На ўкраінскія ўлады мабілізацыя таксама зрабіла моцнае ўражанне. Не ведаю, ці былі ў іх яшчэ нейкія сумневы наконт непераадольнай расійскай ваеннай моцы, але пасля абвяшчэння мабілізацыі сумневаў ужо дакладна не засталося. Вось калі гэта быў такі спосаб напалохаць Украіну, каб прымусіць яе да мірных перамоваў, то атрымалася трошкі своеасабліва. Таму што, выступаючы ў ААН, прэзідэнт Зяленскі сказаў, што ён гатовы на мірныя перамовы. Трэба толькі каб Расія вярнула ўсё, што брала чужога, уключаючы Крым. І заплаціла за нанесеную шкоду. І пакарала тых, хто яе ўчыніў.
Ды што там Захад ці Украіна, калі мабілізацыйныя планы зрабілі ўражанне нават на Паўночную Карэю. Пасля абвяшчэння мабілізацыі Паўночная Карэя заявіла, што ворагі ачарняюць яе рэпутацыю, калі абвінавачваюць у пастаўках зброі ў Расію. Заўваж, абвінавачвалі даўно, а за рэпутацыю ў Паўночнай Карэі захваляваліся толькі цяпер. Таму што пастаўляць зброю для другой арміі свету ў чымсьці нават ганарова. А на 300 тысяч паголеных бухгалтараў, інжынераў і спецыялістаў па лагістыцы — ужо не вельмі.
Але самае моцнае ўражанне мабілізацыя зрабіла, вядома, на Расію. Да сардэчных прыступаў, чэргаў на мяжы і адмовы Чачні ў ёй удзельнічаць. Прэзідэнт Чачні ўчора сказаў, што яго краіна выканала план па ўдзелу ў спецыяльнай аперацыі на 254 працэнты, і таму ўсеагульная частковая мабілізацыя Чачні не тычыцца. А калі хто думае інакш, то ён можа і далей сабе думаць, з усёю да яго бязмежнай павагай. Вось прама як малодшы саюзнік, які адразу сказаў, што ён і так адмабілізаваны з апошніх сіл.
А каб уразіць ужо канчаткова, расійскія ўлады якраз у дзень мабілізацыі памянялі 200 байцоў «Азова» на аднаго кума. Таму што, колькі разоў табе ўжо казалі, што рускія сваіх не кідаюць. Проста трэба правільна разумець, хто свае, а хто не. Ужо зразумела, што не тыя 55 безназоўных герояў, якіх для прыстойнасці абмянялі разам з кумам.