Страшная лічба: Расія выкрала каля 200 тысяч украінскіх дзяцей
Расійская Федэрацыя выкрала і вывезла з Украіны каля 200 тысяч дзяцей, але гэта прыкладная колькасць, заявіў Уладзімір Зяленскі.
Пра тое, што Расія выкрала каля 200 тысяч украінскіх дзяцей, заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас выступу на міжнароднай канферэнцыі ў Гаазе, паведамляе Укрінформ. Аднак канчатковыя звесткі пакуль невядомыя.
"Дагэтуль высвятляецца, колькі дзяцей расійскія сілы выкралі і вывезлі з Украіны. Папярэдняя лічба — страшная: каля двухсот тысяч дзяцей", — сказаў Зяленскі.
Кіраўнік Украіны нагадаў таксама, што з-за расійскай агрэсіі дзясяткі тысяч украінцаў забітыя, закатаваныя, скалечаныя, а мільёны людзей дэпартаваныя ў Расію або пазбаўленыя дамоў з-за баявых дзеянняў.
"Свет бачыў, што адбылося ў Марыупалі і ў Бучы, свет бачыць расійскі ракетны тэрор літаральна ў прамым эфіры. Усе могуць бачыць, як расійская артылерыя спальвае гарады на Данбасе і разбурае цывільную інфраструктуру ў Харкаве і на поўдні нашай дзяржавы", — адзначыў Зяленскі.