Што такое легітымнасць? Уладзімір Зяленскі застаецца законным прэзідэнтам Украіны
Паўнамоцтвы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага павінны былі скончыцца 20 траўня. Менавіта 20 траўня 2019 года ён быў інаўгураваны на вышэйшую пасаду ва Украіне тэрмінам на пяць гадоў, і прынес прысягу ўкраінскаму народу.
Аднак Зяленскі застаецца законным прэзідэнтам Украіны і пасля 20 траўня, пацвердзілі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі Украіны, абапіраючыся на Канстытуцыю.
Паўнамоцтвы Уладзіміра Зяленскага падоўжаныя праз немагчымасць правядзення прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне. Аднак Расія, як і чакалася, узмоцнена спрабуе дыскрэдытаваць Зяленскага. Маўляў, згодна з Канстытуцыяй, прэзідэнт Украіны абіраецца на 5 гадоў, і тэрмін знаходжання дзейнага прэзідэнта павінен быў бы завяршыцца 20 траўня 2024 года, піша FREEДOM.
«Уладзімір Пуцін распачаў спробу пашырыць вядомую расійскую ІПСА, накіраваную на прамы падрыў легітымнасці прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Пуцін заявіў, што палітычная і прававая сістэмы Украіны павінны вызначыць, ці будзе Зяленскі па-ранейшаму лічыцца легітымным прэзідэнтам Украіны, калі яго першы тэрмін тэхнічна скончыцца 20 траўня», — з дакладу Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Легітымнасць прэзідэнта Украіны вызначае артыкул 108 Канстытуцыі. Яна абвяшчае, што па заканчэнні пяцігадовага тэрміну паўнамоцтвы прэзідэнта не спыняюцца аўтаматычна. Яны спыняцца толькі пасля інаўгурацыі новаабранага прэзідэнта.
«Канстытуцыя Украіны была распрацаваная з улікам магчымага расійскага ўварвання, а дэпутаты, якія ўваходзілі ў Канстытуцыйную камісію, былі загартаванымі савецкім ГУЛАГам дысідэнтамі. Яны разумелі, што Расія нападзе на Украіну. І менавіта гэты час прыйшоў. Сёння ва ўкраінскім грамадстве назіраецца кансэнсус адносна законнасці прэзідэнцтва Зяленскага. Украінскі народ разумее, што выбары прэзідэнта Украіны павінны прайсці толькі пасля заканчэння расійскай агрэсіі», — піша выданне The Economist.
Раней спікер Вярхоўнай Рады Украіны Руслан Стэфанчук таксама патлумачыў, што Канстытуцыя Украіны не забараняе правядзенне выбараў падчас вайны. У той жа час, такая забарона змяшчаецца ў іншым законе — «Аб прававым рэжыме ваеннага становішча».
«Наўпрост забаронена законам аб ваенным становішчы правядзенне выбараў. І, паколькі заканадаўства, якое рэгулюе выбары, мае цэлы шэраг патрабаванняў адносна таго, як і па якіх стандартах яны праводзяцца, мы таксама выдатна разумеем, што забяспечыць гэтыя стандарты немагчыма. І ўрэшце ёсць палажэнні ў заканадаўстве, як і ў Канстытуцыі, адносна парламента. Напрыклад, ёсць норма, якая прадугледжвае забарону ў перыяд ваеннага становішча праводзіць выбары. З гэтым, вядома, пагадзіліся і нашы партнёры. І грамадства ва Украіне выдатна разумее, згаджаецца з тым, што да заканчэння ваеннага становішча праводзіць выбары ва Украіне не варта, і практычна немагчыма», — адзначыў Стэфанчук.
Акрамя таго, пункт 4 артыкула 11 Канстытуцыі Украіны кажа, што: «Паўнамоцтвы прэзідэнта Украіны, прадугледжаныя Канстытуцыяй Украіны, ва ўмовах ваеннага становішча не могуць быць абмежаваныя».
Няма сумневаў у легітымнасці ўкраінскай улады і ў заходніх саюзнікаў. Тады як дзейная расійская ўлада якраз і не з'яўляецца легітымнай — падкрэсліваюць эксперты. Бо ўсе выбары, пачынаючы з 2018 года, у Расіі былі праведзеныя з улікам незаконнага галасавання на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.
«Парламенцкая асамблея Рады Еўропы не прызнае легітымнасць Уладзіміра Пуціна ў якасці прэзідэнта Расійскай Федэрацыі і паўтарае заклік да дзяржаў-чальцоў і назіральнікаў у Радзе Еўропы, а таксама Еўрапейскага Саюза спыніць з ім усе кантакты, за выключэннем кантактаў з гуманітарнымі мэтамі і мэтамі, накіраванымі на мір», — з тэксту рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ад 17 красавіка 2024 года.
Як пераконваюць палітолагі, легітымнасць Уладзіміра Зяленскага грунтуецца не толькі на прававых пазіцыях, але і на падтрымцы грамадзян Украіны. Сёння асноўнай задачай прэзідэнта застаецца адстаяць украінскія тэрыторыі, асабліва на фоне надыходам Расіі ў Харкаўскай вобласці і магчымай пагрозы з боку Сумскай вобласці.