The Telegraph: Вялікабрытанія кіне выклік Трампу дапамогай Украіне
Пакуль новая адміністрацыя ЗША шантажуе ваюючую Украіну, ЕС узмацняе яе падтрымку. Рыхтуе новы пакет дапамогі і Брытанія, якая з ЕС выйшла. Ці стануць ЗША ізгоямі ў дэмакратычным свеце? Ідзе 1095-ты дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў ёй рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Getty Images
Усяго за мінулыя суткі зафіксавана 90 боесутыкненняў, паведамляе ў ранішняй зводцы 22 лютага Генштаб УСУ. Па-ранейшаму найбольш інтэнсіўныя баі ідуць на Пакроўскім кірунку, дзе Сілы абароны Украіны адбілі 29 штурмавых дзеянняў расіян.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 13 атак у раёнах Тарэцка, Крымскага, Шчарбінаўкі. На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі сем разоў. На Купянскім і Новапаўлаўскім кірунках было адбіта па пяць штурмаў арміі РФ.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі армія РФ нанесла нанёс 31 авіяўдар па сваёй тэрыторыі, скінуўшы пры гэтым 43 КАБ. Украінскія войскі адбілі 15 штурмавых дзеянняў расіян.
* * *
Расійскія войскі на фронце нядаўна прасунуліся паблізу Курахава і Вялікая Навасёлка. Таксама фіксуецца прасоўванне росарміі ў Курскай вобласці, паведамляе ў справаздачы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 21 лютага, паказваюць, што расійцы прасунуліся ў паўднёвай частцы Свердлікава ў Курскай вобласці. Расійская крыніца ISW сцвярджала, што сілы абароны Украіны контратакавалі паблізу Свердлікава і Гуева.
Геалакацыйныя кадры ад 21 лютага паказваюць, што расійцы прасунуліся ў цэнтры Лысаўкі (на паўднёвы ўсход ад Пакроўска).
Прадстаўнік АСУВ «Хорціца» маёр Віктар Трэгубаў 21 лютага заявіў, што расійскім войскам цяжка прасоўвацца пад Пакроўскам і, верагодна, ім давядзецца перакінуць дадатковыя падраздзяленні ў гэты раён і аднавіць падраздзяленні, якія ўжо там знаходзяцца, каб дасягнуць далейшых поспехаў на гэтым кірунку.
Расійскія войскі нядаўна маглі ліквідаваць плацдарм УСУ (так званую «кішэню») на захад ад Курахава. Геалакацыйныя кадры ад 21 лютага сведчаць, што расійцы захапілі Улаклы (на захад ад Курахава). На думку экспертаў ISW, войскі РФ спрабуюць прасунуцца далей на поўнач ад населенага пункта ў кірунку адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей.
Таксама расійскія войскі актывізавалі наступальныя аперацыі на паўночна-ўсходнім і заходнім флангах Вялікай Навасёлкі.
* * *
У ноч на 22 лютага аналітычны праект DeepState апублікаваў звесткі аб расійскіх стратах у Белагораўцы, Часавым Яры і Тарэцку Данецкай вобласці за перыяд з красавіка 2024 да лютага 2025 года. Агульная колькасць страт расіян склала больш за 20 тысяч вайскоўцаў, з якіх каля 7,5 тысяч – беззваротныя страты.
«Баі за дадзеныя населеныя пункты працягваюцца. Баі цяжкія і кровапралітныя, але сілы абароны спрабуюць усімі сіламі і сродкамі стрымаць расійцаў» — гаворыцца ў справаздачы.
* * *
У ноч на 22 лютага 2025 года расіяне атакавалі Украіну 162-ма ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў, паведамляе Генштаб УСУ.
Пацверджана збіццё 82-х ударных БПЛА. 75 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).
* * *
Еўрапейскі Саюз рыхтуе значны пакет дадатковай вайсковай дапамогі для Украіны. Ён плануецца на агульную суму блізу 20 мільярдаў еўра (амаль 21 мільярд долараў), піша Bloomberg.
Па даных Bloomberg, ініцыятыва будзе накіравана на дастаўку артылерыйскіх боепрыпасаў, сістэм супрацьпаветранай абароны, ударных ракет высокай дакладнасці, беспілотнікаў і іншай зброі. Акрамя таго, адзначаецца, што пакет падтрымкі з боку Еўрасаюза мае на мэце ўмацаваць украінскія вайсковыя брыгады.
«Блок імкнецца ўзгадніць прынцыповую ініцыятыву, якая адкрытая для ўнёскаў у натуральнай і наяўнай форме ад дзяржаў-чальцоў і хаўруснікаў-аднадумцаў, на сустрэчы міністраў замежных спраў на наступным тыдні, згодна з планамі людзей, якія казалі на ўмовах ананімнасці», — піша Bloomberg.
* * *
Амерыканскія перагаворшчыкі разглядаюць магчымасць адключэння Украіны ад спадарожнікавай інтэрнэт-сістэмы Starlink кампаніі Ілана Маска, калі Украіна не пагодзіцца на іх умовы, паведамляе Reuters са спасылкай на тры крыніцы, знаёмых з гэтым пытаннем
Як піша Reuters, перагаворшчыкі з боку ЗША ціснуць на Кіеў, патрабуючы доступу да ўкраінскіх карысных выкапняў. Як адзін з рычагоў ціску разглядаецца магчымасць адключэння краіны ад Starlink: «Падаўжэнне доступу Украіны да Starlink, якая належыць SpaceX, было паднята на перамовах паміж амерыканскімі і ўкраінскімі афіцыйнымі асобамі пасля таго, як прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адхіліў першапачатковую прапанову міністра фінансаў ЗША Скота Бесента. Гэтае пытанне зноў узнімалася падчас сустрэчы паміж спецпрадстаўніком ЗША ў пытаннях Украіны і Расіі Кітам Келагам і Зяленскім».
Падчас сустрэчы Украіне сказалі, што яна сутыкнецца з непазбежным адключэннем паслугі, калі не падпіша пагадненне аб карысных выкапнях, паведаміла Reuters крыніца.
Нагадаем, што адміністрацыя Дональда Трампа вылучыла Украіне ўмовы пагаднення аб карысных выкапнях, якія звычайна ставяць краінам-агрэсарам, што пацярпелі паразу ў вайне. Умовы гэтага пагаднення значна пераўзыходзяць тыя, што былі накладзеныя на Германію і Японію пасля Другой сусветнай вайны. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адхіліў прапанову ЗША, паколькі пагадненне нават не мела дакладных гарантый бяспекі для Украіны.
* * *
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер неўзабаве абвесціць пра новы пакет дапамогі для Украіны і пра санкцыі ў дачыненні да РФ. Гэта адбудзецца нягледзячы на ўзмацнення Вашынгтонам ціску на Кіеў, каб украінскі бок «адступіў» і прыняў мірнае пагадненне з Масквой, піша The Telegraph.
Паводле звестак брытанскай газеты, Стармер у панядзелак, 24 лютага, на трэцюю гадавіну шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, апублікуе «патройны ўдар» захадаў дапамогі Украіне, і новыя санкцыі супраць Расіі. Дапамога Украіне будзе ўключаць у сябе пастаўкі зброі, а ў санкцыйны спіс могуць увайсці да 1900 расійскіх фізічных і юрыдычных асоб, якія маюць дачыненне да агрэсіі супраць Украіны. Таксама МУС Брытаніі ўзмоцніць барацьбу з расійскімі «бруднымі грашыма». Мішэнню санкцый могуць стаць алігархі, якія падтрымліваюць Пуціна.
«Гэта рэзка кантрастуе з падыходам Трампа, які ў апошнія дні назваў украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага "дыктатарам" і патрабуе хуткага спынення канфлікту», — гаворыцца ў публікацыі The Telegraph.
Брытанскае выданне піша, што Стармер такім чынам «кіне выклік Трампу новай дапамогай для Украіны».
* * *
Новы этап перамоваў паміж ЗША і Расіяй пачнецца на наступным тыдні ў Саудаўскай Аравіі, паведаміў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас размовы з журналістамі 21 лютага.
Перамовы паміж Вашынгтонам і Масквой працягнуцца ў аўторак, 25 лютага, у Саудаўскай Аравіі. Таксама Трамп заявіў, што прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму і расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну неабходна сустрэцца для абмеркавання ўрэгулявання расійска-ўкраінскай вайны.
«Мне здаецца, што Пуцін і Зяленскі павінны працаваць разам з тым, каб спыніць забойствы мільёнаў людзей», — сказаў Трамп. Ён таксама паўтарыў сваю заяву, што Расія хоча заключыць пагадненне, хоць аналітыкі не знаходзяць гэтаму аніякага пацвярджэння.