«У Бураціі ўжо няма сем'яў, якіх не закранула б вайна з Украінай»

У Расіі заблакавалі сайт Фонду «Свабодная Бурація». Кіраўніца фонду Аляксандра Гармажапава распавядае, што адбываецца з «баявымі буратамі» ў рэгіёне, адкуль, як лічыцца, найбольш вайскоўцаў, што ваююць ва Украіне.

vkwi3f1.jpeg


Аляксандра Гармажапава паведамляла, што з Украіны вярнуліся 150 бурацкіх вайскоўцаў, якія адмовіліся ваяваць ва Украіне і скасавалі кантракты з Мінабароны.

Як сказала Гармажапава ў гутарцы з Бі-бі-сі, у Бураціі ўжо няма сем'яў, якіх не закранула б вайна з Украінай.

«Гэтым ахоплена ўжо ўся Бурація, усе ўсведамляюць маштабы, і многія не разумеюць, навошта яны там ваююць. Людзі нават кажуць: “Здалася нам гэтая Украіна, што мы з ёй дзелім? У нас, у Бураціі, з ёй нават мяжы няма агульнай”. Вайсковага настрою ў людзей ужо, вядома, няма», — кажа яна.

Па яе словах, вайну ва Украіне ў рэгіёне не падтрымлівалі ад самага пачатку. «Яшчэ ў сакавіку, калі мы знялі першае відэа “Бураты супраць вайны” (а да гэтага ўсё ў медыя зрабілі справаздачу, што бураты запар падтрымліваюць вайну), думалі, што нам прыйдзе вельмі шмат хейта з Бураціі — маўляў, мы тут усё за вайну, у нас усё класна і не ганьбіце нас, — распавядае кіраўніца фонду. — Але замест гэтага мы амаль адразу атрымалі фідбэк, прама супрацьлеглы таму, што кажа прапаганда. Людзі сталі пісаць: “Дзякуй, што вы гэта сказалі, я думаў, я тут адзін супраць вайны”».

Па словах Гамаржапавай, бураты не падтрымліваюць ідэю барацьбы за «рускі мір», бо не з'яўляюцца рускімі і самі сутыкаюцца з расізмам і ксенафобіяй ў Расіі. «Мне, напрыклад, пісаў бурат-кантрактнік, які скасаваў кантракт яшчэ ў красавіку, што жыў у Маскве, сутыкаўся там з расізмам і ксенафобіяй і не разумее, чаму яны “дэнацыфікуюць” Украіну», — кажа яна.