Украіна захапіла ў палон грамадзян Кітая, якія ваявалі на баку Расіі
Узятыя ў палон ва Украіне грамадзяне Кітая, што ваявалі на баку Расіі, могуць разбурыць пазыцыю КНР пра тое, што яна з’яўляецца «нейтральнай» у гэтай вайне. Тым часам ЗША прыстрашаюць Расію наступствамі за зрыў перамір’я ва Украіне, аднак пакуль ніякіх наступстваў не адбылося. Ідуць 1141-я суткі вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 161 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы за 9 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 58 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Калінава, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Шаўчэнка, Зверава, Удалага, Успенаўкі, Новааляксандраўкі, Катляроўкі, Багданаўкі і Андрэеўкі.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 17 разоў, спрабуючы рушыць наперад паблізу Грэкаўкі, Кацярынаўкі, Новага.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 18 атак непадалёк Азаранаўкі, Тарэцка і Леанідаўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 13 атак паблізу Канстанцінопаля, Разліву, Бурлацкага.
Па чатыры штурмы адбылося на Северскім і Арэхаўскім кірунках, пяць атак — на Купянскім кірунку, шэсць — на Краматорскім кірунку.
У Курскай вобласці Расіі УСУ за мінулыя суткі адбілі 25 атак расійскіх войск. Расіяне нанеслі 35 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі з ужываннем 50 кіраваных авіябомбаў.
* * *
За папярэднія суткі расійцы маюць невялікія поспехі на некалькіх участках фронту, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 7 красавіка, паказваюць, што расійскія войскі прасоўваліся па дарозе на паўночны захад ад Гуева (на поўдзень ад Суджы) Курскай вобласці падчас узмоцненай механізаванай атакі колькасцю да ўзвода. Таксама войска РФ нядаўна правяла рэйд на поўнач Сумскай вобласці Украіны, але не ўсталявала новых пазіцый. Паводле геалакацыйных кадраў ад 8 красавіка, расійцы часова прасунуліся ў паўночную частку Локні і нязначна прасунуліся на паўднёвым захадзе Дзямідаўкі (Белгарадская вобласць).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 8 красавіка, паказваюць, як падраздзяленні расійскай 144-й мотастралковай дывізіі падымаюць сцяг на паўночным захадзе Кацярынаўкі (на паўночны ўсход ад Лімана), што паказвае, што расійскія войскі, верагодна, захапілі гэты населены пункт.
Геалакацыйныя карты ад 8 красавіка сведчаць, што войскі РФ нядаўна прасунуліся ў палях на паўночны захад ад Тарэцка. Паведамляецца, што УСУ контратакуюць на заходніх ускраінах самога Тарэцка.
Таксама расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўночны захад ад Бурлацкага (на паўночны захад ад Вялікай Навасёлкі).
* * *
На Пакроўскім кірунку расійцы спрабуюць штурмаваць з трох кірункаў, але сутыкаюцца з контрударамі УСУ, нападамі беспілотнікаў і сур'ёзнымі стратамі тэхнікі, адзначае Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Паведамляецца, што расійскае камандаванне ўвяло дадатковыя падраздзяленні для наступальных аперацый на ўсход і паўночны ўсход ад Пакроўска ў пачатку 2025 года, але за апошнія месяцы яны дасягнулі толькі нязначных поспехаў у кірунку Канстанцінаўкі.
«Расійцы могуць вылучыць дадатковыя войскі і змяніць прыярытэты наступальных аперацый на паўночны ўсход ад Пакроўска, калі пачнуць ажыццяўляць больш значнае прасоўванне з Тарэцка ў кірунку Канстанцінаўкі», — гаворыцца ў справаздачы ISW.
Расіяне актывізавалі наступальныя аперацыі на Пакроўскім кірунку ў сярэдзіне сакавіка 2025 года для акружэння Пакроўска і захопу Пакроўска і Мірнаграда, але не дасягнулі значных поспехаў з канца восені 2024 года з-за лакальных украінскіх контратак і аперацый з выкарыстаннем беспілотнікаў у гэтым раёне.
У Інстытуце адзначаюць, што з пачатку перамоваў ЗША, Украіны і Расіі аб спыненні агню страты расійскай тэхнікі на Пакроўскім кірунку патроіліся.
* * *
У ноч на 9 красавіка 2025 года Расія атакавала Украіну 55-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў, паведамляе Генштаб УСУ. Пацверджана збіццё 32 ударных БПЛА. 8 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).
У выніку атакі на Днепр пашкоджаны шматпавярховыя жылыя дамы. Пацярпела 14 чалавек, палова пацярпелых — шпіталізаваныя, адна жанчына ў цяжкім стане.
У Харкаве дроны трапілі па грамадзянскіх прадпрыемствах, складскіх і вытворчых будынках, СТА. Два чалавекі пацярпелі.
Ноччу 9 красавіка некаторыя рэгіёны Расіі атакавалі дроны. Выбухі прагрымелі ў Саратаўскай, Растоўскай абласцях і Краснадарскім краі, паведамляюць расійскія Telegram-каналы.
Вядома, што дроны атакавалі расійскі вайсковы аэрадром у Маздоку ў Паўночнай Асеціі. З аэрадрома Маздок узлятаюць МІГ-31К і ТУ, якія абстрэльваюць Украіну.
* * *

* * *
Украінскія вайскоўцы ў Данецкай вобласці ўзялі ў палон двух грамадзян Кітая, якія ваявалі ў складзе расійскай арміі, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram.
Украінскі бок валодае дакументамі гэтых палонных, банкаўскімі карткамі і асабістымі звесткамі. «Ёсць інфармацыя, што такіх грамадзян Кітая ў падраздзяленнях акупанта значна больш, чым двое. Зараз высвятляем усе факты. Працуюць разведка, СБУ, адпаведныя падраздзяленні Узброеных Сіл», — распавёў прэзідэнт.
«Прыцягненне Расіяй прама ці ўскосна Кітая ў гэтую вайну ў Еўропе — выразны сігнал, што Пуцін збіраецца рабіць што заўгодна, акрамя завяршэння вайны. Ён шукае, як ваяваць далей. На гэта дакладна патрэбна рэакцыя. Рэакцыя ЗША, Еўропы і ўсіх, хто хоча, каб быў мір», — заявіў Зяленскі.
* * *
ЗША ўстрывожаныя паведамленнямі аб тым, што на баку Расіі ва Украіне ваююць грамадзяне Кітая, заявіла спікер Дзярждэпу ЗША Тэмі Брус.
«Ведаеце, гэта трывожна. Трывожна, што Паўночная Карэя ўдзельнічае. Трывожна, што кітайскія салдаты былі захопленыя ў палон. Мы ведаем пра паведамленні, што Украіна захапіла двух кітайскіх грамадзян, якія змагаліся на баку Расіі ва Украіне. Кітай з'яўляецца асноўным памагатым Расіі ў гэтай вайне», — адзначыла Брус.
Спікер Дзярждэпу нагадала словы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, што супрацоўніцтва паміж Кітаем і Расіяй «будзе толькі спрыяць глабальнай нестабільнасці і зробіць Злучаныя Штаты і іншыя краіны менш бяспечнымі, менш абароненымі і менш квітнеючымі».
* * *
ЗША не будуць трываць нядобрасумленныя перамовы аб спыненні вайны або парушэнні абавязацельстваў па перамір'і ва Украіне, заявіла амбасадар ЗША Дораці Шы падчас выступу на брыфінгу Савета Бяспекі ААН па Украіне ў аўторак, 8 красавіка.
Яна выказала спачуванні сем'ям загінулых ад удару па Крывым Рогу, адзначыўшы, што балістычная ракета мела касетную боегалоўку. Амбасадар нагадала, што Вашынгтон прапанаваў Кіеву і Маскве усёабдымнае спыненне агню. Украінскі бок пагадзіўся на гэтую прапанову, аднак расійцы настойвалі на перамір'і па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры і ў Чорным моры. Украіна пагадзілася і на гэта.
Шы падкрэсліла, што для дасягнення міру і Украіна, і Расія павінны цалкам выканаць абавязацельствы па спыненні агню.