Уладізмір Зяленскі: У гэты дзень Пуцін абраў вайну
Дональд Трамп пакрыўдзіўся на Зяленскага і пачаў прасоўваць прарасійскія наратывы. Еўрапейскія калегі Трампа гэтага не зразумелі. Але яны ўсё больш разлічваюць на тое, што змагацца з Расіяй давядзецца без ЗША. А ва Украіне адзначаюць Дзень памяці Герояў Нябеснай сотні. Ідуць 1093-я суткі шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Анэксия Крыма. Фота: DW
За мінулыя суткі, 19 лютага, на фронце ва Украіне адбылося 122 баявых сутыкненні. Больш за ўсё баёў зафіксавана на Пакроўскім і Новапаўлаўскім кірунках, паведамляе Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны (УСУ).
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак непадалёк ад населеных пунктаў Тарэцк і Леанідаўка. На Пакроўскім кірунку УСУ адбілі 32 атакі ў раёнах населеных пунктаў Зялёнае Поле, Вадзяное Другое, Елізаветаўка і не толькі.
На Новапаўлаўскім кірунку войска РФ цягам мінулага дня ўчынілі 17 штурмаў. На Арэхаўскім кірунку расіяне дзевяць разоў атакавалі ў напрамку Новаандрэеўкі і ў раёне Стэпавага.
У Курскай вобласці Расіі УСУ адбілі 14 штурмавых дзеянняў расійцаў.
* * *
Войска Расіі страціла ў вайне 900 тысяч вайскоўцаў, Украина — 700 тысяч, такія звесткі прывёў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас брыфінгу ў Маямі.
«Я лічу, што Расія страціла 900 тысяч салдат, я думаю, што Украіна страціла, верагодна, 700 тысяч, і гэта жудасна, бачныя часткі целаў, па ўсіх палях, па ўсіх. Мы іх усіх бачым вельмі дакладна праз спадарожнікі», — сказаў Трамп.
Амерыканскі прэзідэнт адзначыў, што спадарожнікавыя здымкі палёў баёў нагадваюць «сучасную версію Гетысберга» (Бітва пад Гетысбергу — самая крывапралітная бітва грамадзянскай вайны ў ЗША, адбылася ў 1863 годзе).
Як звычайна, Трамп не прывёў ніякіх крыніц гэтых лічбаў.
Паводле звестак Генштаба Украіны з пачатку поўнамаштабнага ўварвання УСУ знішчылі 863 580 расійцаў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведамляў 5 лютага, што страты РФ на вайне складаюць каля 350 тысяч забітымі і 600-700 тысяч параненымі.
З украінскага боку загінулі каля 45 100 вайскоўцаў, прыкладна 390 000 — параненыя.
Расійскае Мінабароны апошні раз называла колькасць страт ва Украіне ў верасні 2022 года. Тады ведамства абвясціла, што загінулі 5937 расійскіх вайскоўцаў.
* * *

* * *
Пасля сустрэчы з расійцамі ў Саудаўскай Аравіі ў заявах Трампа сталі прасочвацца расійскія наратывы. Трамп заявіў, што Украіна вінаватая ва ўварванні Расіі, назваў Зяленскага «дыктатарам без выбараў» і заявіў, што рэйтынг украінскага прэзідэнта — 4%, хоць, паводле апошняга апытання, ён трымаецца на ўзроўні 57%.
Гэтыя заявы выклікалі абурэнне ў сусветнай супольнасці. Лідары еўрапейскіх краін назвалі іх безадказнымі і адарванымі ад рэальнасці. У прыватнасці, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер падтрымаў Зяленскага як «дэмакратычна абранага лідара» і абверг ідэю Трампа аб правядзенні выбараў ва Украіне падчас вайны.
Канцлер Германіі Олаф Шольц заявіў, што «проста няправільна і небяспечна адмаўляць дэмакратычную легітымнасць прэзідэнта Зяленскага», і што чарговыя выбары прэзідэнта Украіны не могуць праводзіцца ў разгар вайны.
Не засталася ўбаку і міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербок, назваўшы такія выпады Трампа «абсурднымі». «Калі вы паглядзіце на рэальны свет, а не проста запусціце твіт, то вы ведаеце, хто ў Еўропе вымушаны жыць ва ўмовах дыктатуры: людзі ў Расіі, людзі ў Беларусі», — сказала яна ў інтэрв'ю тэлерадыёкампаніі ZDF.
Еўрапейскія партнёры Украіны маюць адзіную і выразную пазіцыю адносна развязанай Расіяй вайны, будуць падтрымліваць Украіну і ў далейшым і возьмуць на сябе адказнасць за мір і бяспеку ў Еўропе, заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон пасля экстранай сустрэчы з калегамі з ЕС, а таксама з Канады, Ісландыі і Нарвегіі.
У падобным ключы выказаліся прэзідэнты і лідары Нарвегіі, Фінляндыі, Чэхіі, Аўстраліі іншых краін.
Таксама былы віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пенс публічна раскрытыкаваў антыўкраінскія заявы Дональда Трампа і падкрэсліў, што поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну пачала менавіта Расія. «Спадар прэзідэнт, Украіна не "пачала" гэтую вайну. Расія пачала несправакаванае і жорсткае ўварванне, якое забрала сотні тысяч жыццяў. Дарога да міру павінна быць пабудаваная на праўдзе», — напісаў ён у Х.
* * *
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што Уладзімір Пуцін спрабуе аптымізаваць расійскую дэлегацыю на перамовах з ЗША, каб атрымаць ад Штатаў максімум саступак.
У прыватнасці яны адзначаюць «рэакцыйныя» дзеянні Пуціна ў дачыненні да расійскай дэлегацыі на перамовах. Злучаныя Штаты першымі абралі сваю дэлегацыю для двухбаковых перамоваў у Саудаўскай Аравіі 19 лютага, пасля чаго Расія паспрабавала «падабраць падыходзячых» калегаў для кожнага з абраных амерыканскіх чыноўнікаў. Пасля прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Пуцін прызначыць перагаворшчыка для перамоваў з ЗША пасля таго, як Штаты прызначаць свайго.
«Відавочна, Крэмль спрабуе падштурхнуць Злучаныя Штаты да прыняцця эканамічных і дыпламатычных умоў, якія не звязаныя з вайной ва Украіне, магчыма, у абмен на саступкі Украіны і Захаду, якія звязаныя з вайной», — пішуць аналітыкі ISW.
* * *
Падчас візіту ў Вашынгтон прэм'ер-міністр Брытаніі Кір Стармер прадставіць Дональду Трампу план камандзіроўкі 30 тысяч еўрапейскіх міратворцаў ва Украіну, паведамляе Telegraph.
У той жа час Стармер будзе заклікаць Трампа пакінуць амерыканскія знішчальнікі, а таксама ракеты ў гатоўнасці ва Усходняй Еўропе, каб адказаць сілай, калі Расійская Федэрацыя (РФ) наважыцца парушыць магчымае перамір'е.
Як піша Telegraph, англа-французская стратэгія «сіл заспакаення» была прадстаўлена іншым еўрапейскім лідарам яшчэ падчас экстранай сустрэчы ў Парыжы ў пачатку гэтага тыдня. «План быў распрацаваны на фоне апасенняў, што прэзідэнт ЗША ўмые рукі ў дачыненні да Украіны і любога спынення агню амаль адразу пасля заключэння любога пагаднення», — піша выданне.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўшанаваў памяць герояў Нябеснай сотні і нагадаў, што менавіта ў гэты час 10 гадоў таму расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін абраў вайну.
20 лютага ва Украіне адзначаецца Дзень памяці Герояў Нябеснай сотні. Гэтая дата ўстаноўлена ўказам прэзідэнта ў 2015 годзе ў гонар подзвігу ўдзельнікаў Рэвалюцыі Годнасці і ўвекавечання памяці загінуўшых актывістаў. 20 лютага таксама — афіцыйная дата пачатку акупацыі Крыма Расіяй.
«20 лютага — дзень, калі мы ўспамінаем і ўшаноўваем тых, хто зрабіў свой выбар быць свабоднымі, будаваць моцную, еўрапейскую Украіну, не мірыцца з заваяваннем. Яны аддалі самае дарагое — сваё жыццё, каб мы жылі ў вольнай дзяржаве», — напісаў кіраўнік Украіны ў Тelegram.
Зяленскі таксама адзначыў, што менавіта ў гэтыя дні 2014-га Расія абрала вайну — пачала першыя крокі да акупацыі Крыма. «Пакуль у Кіеве забівалі людзей, а людзі абаранялі сваю свабоду, Пуцін вырашыў нанесці яшчэ адзін удар — вельмі подлы. З тых часоў свет жыве ў новай рэальнасці, калі Расія спрабуе падмануць усіх. І вельмі важна не паддавацца, быць разам. Вельмі важна падтрымліваць тых, хто абараняе свабоду», — заявіў Зяленскі.
Нагадаем, што адной з першых ахвяр на Майдане быў беларус Міхаіл Жызнеўскі.
Глядзіце таксама
