Рыцар Локі, які загінуў за Украіну. 10 год таму на Майдане ў Кіеве быў забіты Міхаіл Жызнеўскі

Беларус Міхаіл Жызнеўскі быў адным з першых, хто загінуў у Кіеве падчас Рэвалюцыі Годнасці. 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага жыхар Гомеля быў забіты стрэлам у сэрца. Следчыя органы Украіны дагэтуль не ўстанавілі асобу забойцы. Міхаіл Жызнеўскі не дажыў да свайго 26-годдзя чатыры дні.



michail.jpg

Вось як пра яго пісаў у 2015-м годзе славуты беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў:

Жыць дзеля высокай ідэі цяжэй, чым за яе памерці. Магчыма, я цалкам пагадзіўся б з такой думкаю, каб не адно «але». Гісторыя сведчыць, што — каб жыла сама ідэя — за яе хтосьці павінен паміраць.

Гаворка пра свабоду.

Мы не былі знаёмыя з Міхалам, хоць ён з ягонай цікавасцю да гісторыі і, у прыватнасці, да рыцарства мог бываць на маіх сустрэчах з гомельскімі чытачамі.

Пасьля школы хлопец вучыўся на газазваршчыка, рэканструяваў сярэднявечныя панцыры ў рыцарскім клубе, займаўся каратэ і... дапамагаў свайму духоўнаму настаўніку айцу Уладзіміру падчас набажэнстваў у царкве. Міхал не хаваў планаў пасля службы ў войску пайсці ў Жыровіцкі манастыр. Усё сведчыла пра неардынарнасць асобы і абяцала нешараговы лёс.

І раптам сямнаццацігадовы Міхал загадкава знік. Родныя спрабавалі знайсці яго нават праз тэлеперадачу «Чакай мяне». Наконт таго, чаму ён пакінуў родны дом, існуюць розныя версіі. Можа, я і памыляюся, думаючы, што юнак шукаў свой шлях. Або шлях — яго.

Але яны знайшлі адзін аднаго.

Бацькі даведаліся, што сын ва Украіне. Міхал уступіў у вядомую радыкальную арганізацыю УНА-УНСО. Сябры кажуць, што Жызнеўскі, які ў гонар героя скандынаўскай міфалогіі ўзяў сабе мянушку Локі, быў сапраўдным байцом, аднак ніколі не выкарыстоўваў сілу без патрэбы і меў абвостранае пачуццё справядлівасці. А яшчэ ўсе згадваюць, што была ў яго ўлюбёная ўкраінская песня — «Гей, пливе кача по Тисині».

У падзеях украінскай рэвалюцыі, што застануцца ў гісторыі як Еўрамайдан, Міхал браў удзел ад першых дзён. Ён ахоўваў занятыя пратэстоўцамі будынкі, дзяжурыў у намётах, за адным разам збіраючы самую свежую інфармацыю для газеты «Соборна Київщина».

Пасля жорсткага разгону і збіцьця студэнтаў сіламі спецназу атмасфера Майдану, якую раней параўноўвалі з карнавальнай, рэзка змянілася.

...Беларус Жызнеўскі стаўся другой ахвяраю ў ліку тых, каго ўкраінцы назавуць «Нябеснай сотняй». На шасцідзясяты дзень пратэстаў, у часе сутыкненняў з «Беркутам» на вуліцы Грушэўскага, куля снайпера, прабіўшы драўляны шчыт, трапіла Міхалу ў сэрца.

Кіеў развітваўся з ім на 26-ты дзень нараджэння. Дзясяткі тысяч людзей прыйшлі на паніхіду ў Міхайлаўскі сабор. Сярод іх была ўкраінская спявачка, пераможца «Еўрабачання» Руслана, якая, паклаўшы на труну абразок, напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Людзей мора. Усе скандуюць: Герой!».

З сабору труну неслі на руках — праз Майдан і Храшчацік, да барыкадаў на вуліцы Грушэўскага. Паэт і палітык Уладзімір Някляеў, які ішоў у жалобнай працэсіі, кажа пра 100 тысяч удзельнікаў, якія на сваім шляху раз-пораз пачыналі скандаваць: «Дзякуй, Беларусь!».

Пахаванне Міхала Жызнеўскага ў роднай беларускай зямлі сабрала блізу пяцідзесяці чалавек. Ягонае цела накрылі сцягам УНА-УНСО, а труну — бел-чырвона-белым палотнішчам.

На першыя ўгодкі пачатку Еўрамайдану прэзідэнт Пятро Парашэнка падпісаў указ аб наданні палеглым удзельнікам рэвалюцыі звання Героя Украіны. Заканадаўства не дазволіла пасмяротна ўганараваць гэтай узнагародай грамадзяніна іншай краіны Жызнеўскага. Парашэнка асабіста ўручыў ягоным бацькам ордэн Героя Нябеснай Сотні.

Побач з месцам гібелі Міхала адкрыты помнік. Пад вечна маладым абліччам героя высечаныя словы:

По серце в крові Україна.

По очі в сьлозах Білорусь...

Коли убивають сина —

Тоді оживае дух...


svaboda.org

Глядзіце таксама