Маці Міхаіла Жызнеўскага: Ён быў праваслаўным хрысціянінам, хацеў пайсці ў манастыр

Родныя і сябры забітага падчас сутыкненняў у Кіеве беларуса Міхаіла Жызнеўскага спрабуюць вырашыць праблему з дастаўкай яго цела на радзіму. 



Як паведаміла БелаПАН маці загінулага Ніна Жызнеўская, якая жыве ў Гомелі, пра смерць Міхаіла родныя даведаліся са сродкаў масавай інфармацыі. "Мне ўнук паказаў у інтэрнэце фатаграфіі з Кіева і сказаў: глядзі, гэта ж наш Міша. Потым гэту інфармацыю пацвердзілі ў кіеўскай міліцыі. Але там заявілі, што будуць праблемы з дастаўкай цела сына дамоў, бо пры ім не было ніякіх дакументаў", — сказала жанчына. 


Паводле слоў Ніны Жызнеўскай, яна звязалася з беларускім консулам у Кіеве, але той заявіў, што яшчэ нічога не вядома, бо цела афіцыйна не апазнана з-за адсутнасці дакументаў. 


Маці загінулага таксама расказала, што ў пасольстве ёй прапанавалі прыехаць у Кіеў. У найбліжэйшыя суткі, паводле слоў Ніны Жызнеўскай, яны з мужам і 18-гадовым унукам плануюць выехаць у сталіцу Украіны для вырашэння ўсіх фармальнасцяў. "Мне абавязкова трэба пахаваць яго ў Гомелі, каб ён быў тут, побач, і каб потым мяне таксама пахавалі каля яго", — сказала жанчына. 


Паводле яе слоў, "Міша быў вельмі добрым, гаспадарлівым, захапляўся каратэ, рыцарскімі рэканструкцыямі, дапамагаў ва ўсім, любы чалавечы боль прапускаў праз сябе". 


"У яго на гэтай глебе з'явіліся праблемы ў 2005 годзе. Кіраўнік рыцарскага клуба ўзяў у кагосьці грошы на выраб сярэднявечных даспехаў. Грошы ён не вярнуў і схаваўся ва Украіне, прыхапіўшы з сабой Мішу як жывы шчыт. Міша ні ў чым не быў вінаваты, яму тады было 17 гадоў. Да 2012 года мы нічога не ведалі пра яго. У 2012 годзе мой унук знайшоў яго па інтэрнэце. Мы сустракаліся з ім у Кіеве ў 2012 годзе. Пра сваё жыццё ён мала што расказваў, казаў, што хацеў дапамагчы ўкраінцам, але планаваў вярнуцца дамоў і жыць тут. Абяцаў вярнуцца вясной 2014 года", — сказала Ніна Жызнеўская. 


Яна таксама паведаміла, што з 2005 года па 2012-ы спрабавала шукаць сына пры дапамозе беларускай міліцыі, але там лічылі, што Міхаіл хаваецца ад службы ў арміі. "Ён не хаваўся ад арміі, ён быў праваслаўным хрысціянінам. Ён хацеў адслужыць у арміі, а потым пайсці ў Жыровіцкі манастыр", — сцвярджае жанчына. 


У смерці сына Ніна Жызнеўская вінаваціць тых, "хто стаяў на даху і страляў у нявінных людзей". "Мішы куля трапіла прама ў грудзі, значыць, стралялі мэтанакіравана прама ў яго. Няхай гэтым нелюдзям будзе аддадзена па заслугах", — сказала яна. 


Паводле слоў жанчыны, пытанні з труной і дастаўкай цела Міхаіла на радзіму родным дапамагаюць вырашаць кіеўскія сябры сына. 

belapan.com