Украінскія следчыя не змаглі выявіць забойцаў Міхаіла Жызнеўскага

Усё, што ўдалося зрабіць, — гэта звузіць кола падазраваных.



michail.jpg

Фота: 112.ua

Генеральная пракуратура не змагла вызначыць забойцаў  Міхаіла Жызнеўскага, Рамана Сеніка і Сяргея Нігаяна, якія былі першымі ахвярамі сутыкненняў падчас вулічных пратэстаў у Кіеве.

"22 студзеня (2014 года - рэд.) былі забітыя Сяргей Нігаян, Міхаіл Жызнеўскі і Раман Сенік. На жаль, на дадзены час непасрэдна асобы, якія здзейснілі забойства, намі не вызначаныя", — заявіў на брыфінгу ў сераду начальнік упраўлення спецыяльных расследаванняў Галоўнага следчага ўпраўлення Генпракуратуры Сяргей Гарбацюк.

Ён нагадаў, што забойствы былі здзейсненыя з адлегласці да 3 метраў, тады як бліжэйшыя праваахоўнікі знаходзіліся на адлегласці не менш 30-50 метраў.

"Гэта маглі быць пераапранутыя праваахоўнікі. У целах выяўлены шрот ад паляўнічай стрэльбы і кулі для спынення транспартных сродкаў, іх выкарыстоўвалі супрацоўнікі "Беркута", — прызнаў Гарбацюк.

Усё, што пакуль удалося следству, — гэта звузіць кола падазроных.

Нагадаем, 26-гадовы беларус Міхаіл Жызнеўскі памёр ад агнястрэльных раненняў, атрыманых 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага. У той жа дзень быў забіты 20-гадовы Сяргей Нігаян. 46-гадовы Раман Сенік атрымаў раненне падчас нападу "Беркута" на Грушэўскага 22 студзеня. Памёр 25 студзеня ў кіеўскай бальніцы № 17.

LB.ua