Ніна Жызнеўская: Гамяльчане здзекуюцца з магілы Міхася, трэба, каб Лукашэнка даў загад яе паважаць

22 студзеня ў Гомелі пройдзе паніхіда па Міхалу Жызнеўскім, які загінуў летась у гэты дзень.



nina_zhyznieuskaja.jpg

Ніна Жызнеўская, маці героя Нябеснай сотні, распавяла Радыё Свабода, што нягледзячы на ўсёмагчымую падтрымку з боку ўкраінскіх уладаў, на радзіме магілу яе сына зневажаюць, а мясцовыя ўлады не робяць анічога, каб абараніць памяць Міхася ад абразаў.
— Ніна Васільеўна, як вы з сям’ёй праведзяце 22 студзеня?
— Якое тут можа быць жалобнае мерапрыемства, калі Міша ў Беларусі бандыт і нацыст? Сям’я збярэцца, будзе паніхіда, жалобны абед, на могілкі наведаемся. Абяцалі прыехаць дыпламаты з амбасады Украіны. Прыедуць журналісты з украінскага тэлеканалу «1+1». Украінцы лічаць Мішу сваім героем, прыяжджаюць сюды на магілу, прывозяць сцягі і кошыкі кветак, падпісваюць усё як герою Нябеснай сотні. Але ўсё гэта адразу рвецца, нішчыцца і выкідаецца. Хто гэта робіць? Нашы гамяльчане.
— Чаму вы не звярнуліся ў міліцыю са скаргай?
— Якая міліцыя? Для іх Міша бандыт і нацыст. Якая міліцыя? Я буду прасіць Украіну, каб яна стала на абарону Мішавай магілы.
— Калі вы ў лістападзе сустракаліся з Пятром Парашэнкам, то ён дэклараваў, што ўмяшаецца, калі вашу сям’ю нейкім чынам будуць крыўдзіць. Нешта было зроблена ці засталося на ўзроўні гучных заяваў?
— Пасля гэтага нічога не было зроблена. Нічога. Парашэнка абяцаў дамагчыся для Мішы звання Героя Украіны, але нічога не адбылося. Вось 22-га прыедзе ўкраінскае тэлебачанне, я праз яго буду звяртацца да ўсіх украінцаў, каб яны дапамаглі дамагчыся звання для Мішы і абараніць магілу героя ад нашых гамяльчанаў, якія паскудзяць на магіле.
— У Кіеве ўсталяваны мемарыял для ўшанавання памяці героя Нябеснай сотні Міхала Жызнеўскага. Ці будзе помнік у Беларусі, на радзіме Міхася?
— Ініцыятыва такая ёсць, бяруць удзел у ёй людзі з Гомеля і з Мінску. Але я сэнсу мала бачу. Помнік гэты разаб’юць, разламаюць адразу. Трэба, каб умяшалася Украіна, каб стала на абарону Мішавай памяці. Толькі ў такім выпадку нашы людзі адумаюцца, калі Лукашэнка дасць загад не чапаць магілу. Таму што калі загінуў Міша, усе мясцовыя СМІ, асабліва газеты, крычалі, што «загінуў беларус, які ваяваў за бандэраўцаў, сабаку сабачая смерць», палівалі брудам і мяне, і майго сына.
— Якім чынам Украіна можа ўмяшацца і абараніць магілу?
— Трэба ўкраінцам сустракацца з нашым кіраўніцтвам — і з гомельскім, і з мінскім. Мне ўжо ўкраінскія дыпламаты паабяцалі, што будуць гаварыць з гомельскім кіраўніцтвам і прасіць, каб была забяспечаная павага да магілы. Што там творыцца на яго магіле! Міша нікому нічога не зрабіў кепскага, ніколі не лаяўся ні на кога, ніколі нікога не ўдарыў. За што цяпер з ім так? За тое, што загінуў за свабоду іншай краіны? Хіба за гэта трэба ненавідзець і так ставіцца? Цяпер Міша не можа за сябе пастаяць, дык яны здзекуюцца з яго магілы. Мала таго, што там паламанае ўсё, дык яшчэ і г... было на магіле.
— Міша ўвесь час марыў забяспечыць сваіх бацькоў жыллём. Так сталася, што яго мара ажыццявілася пасля яго смерці намаганнямі дабрадзеяў і ўкраінскіх фондаў, якія дапамагаюць сем’ям забітых на Майдане, і вы пераехалі ў асобную кватэру.
— Так, нам дапамаглі фонды і ўкраінскія ўлады. Невялікую частку грошай мы далі, яшчэ трошкі дачка дадала, астатняе — з Украіны. Вось і купілі тое, на што хапіла. Вось такі падарунак з таго свету ад сына. Але нам у гэтым падарунку вельмі балюча і крыўдна. Мы б лепш жылі пад плотам, толькі каб Міша быў жывы.

svaboda.org