Ва Украіне арыштавалі актывы беларускай паліўнай кампаніі

Ва Украіне арыштаваныя актывы беларускай паліўнай кампаніі. Пра гэта паведамляе СБУ.

sbu_4.jpg


У паведамленні згадваюцца карпаратыўныя правы і банкаўскія рахункі агульным коштам амаль 20 млн грыўняў (парадку 660 тыс. долараў па бягучым курсе НБУ), піша REFORM.by.

Назва кампаніі не паведамляецца, аднак згадваецца, што «сетка спецыялізуецца на аптовым гандлі рознымі відамі паліва». За апошні год яна паставіла ва Украіну тавараў на 20 млрд грыўняў.

«Кампанія мела сярод заснавальнікаў беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы, закупляла сыравіну ў РФ і выплачвала падаткі ў бюджэты абедзвюх краін» — гаворыцца ў паведамленні СБУ. На падставе гэтага робіцца выснова, што сетка мае непасрэднае дачыненне да фінансавання агрэсіі.

Усе арыштаваныя актывы перададзеныя ва ўпраўленне Нацыянальнаму агенцтву па пытаннях выяўлення, пошуку і кіравання актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў.

Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра «БНК-Украіна».