Ва Украіне загінуў расійскі акупант, асуджаны ў 2018 годзе на 15 гадоў калоніі за забойства жонкі

Сядзець заставалася яшчэ 10 гадоў. Замест гэтага атрымаў медаль.

kadacki.jpg

Ва Украіне загінуў асуджаны ў 2018 годзе на 15 гадоў калоніі за забойства жонкі і замах на забойства цесця былы маёр паліцыі з Растова Сяргей Кадацкі. Як паведамляе мясцовае расійскае выданне 1rnd.ru, пасмяротна Кадацкі атрымаў медаль «За адвагу».
Кадацкі стаў вядомы 11 ліпеня 2017 года — у той дзень дзясяткі кіроўцаў сталі відавочцамі расстрэлу на таганрогскай трасе. Маёр паліцыі з карабіна з аптычным прыцэлам некалькі разоў стрэліў па машыне, у якой знаходзіліся яго жонка і цесць. Жанчына загінула на месцы здарэння, яе бацьку ўдалося пакінуць машыну.
На дапамогу мужчыну паспелі аўтамабілісты, ім ён і назваў імя стралка. Затрымалі Кадацкага ў той самы дзень. «Я ж мент!» — паўтараў ён пры затрыманні.
1rnd.ru публікуе тэкст загаду кіраўніка самаабвешчанай ЛНР Леаніда Пасечніка аб узнагароджанні Кадацкага медалём «За адвагу». Як вынікае з тэксту, асуджаны паліцэйскі «упаў смерцю адважных на поле бою, праявіўшы мужнасць і гераізм».
Раней Gulagu.net паведамляла аб тым, што пасмяротна медаль «За адвагу» атрымаў асуджаны на 25 гадоў за забойства кіраўнік падмаскоўнай арганізаванай злачыннай групоўкі. Загад аб узнагароджанні падпісаў Пуцін.
Паводле звестак расійскай «Медыязоны», у верасні і кастрычніку 2022 года колькасць зняволеных у расійскіх папраўчых калоніях скарацілася на 23 тысячы чалавек. Такіх рэзкіх скокаў не было ні разу з 2010 года.
Скарачэнне турэмнага насельніцтва адбываецца на фоне вярбоўкі зняволеных для ўдзелу ў вайне ў атрадах ПВК Вагнера.