Ва Украіне заявілі пра пагрозу «самадэтанацыі» расійскіх арсеналаў каля ЧАЭС

Віцэ-прэм’ерка Украіны Ірына Верашчук са спасылкай на інфармацыю Генеральнага штабу Узброеных сіл Украіны заявіла аб пагрозе самадэтанацыі арсеналу зброі, створанага расійскімі войскамі каля Чарнобыльскай АЭС.

rossiiskiye_soldati_v_chernobile.jpg


«Расія павінна тэрмінова вывесці свае войскі з чарнобыльскай зоны. У кантэксце ядзернай бяспекі безадказныя і непрафесійныя дзеянні расійскіх вайскоўцаў уяўляюць вельмі сур’ёзную пагрозу не толькі для Украіны, а і для сотняў мільёнаў еўрапейцаў», — паведаміла Ірына Верашчук на брыфінгу ў Кіеве 30 сакавіка.

Віцэ-прэм’ерка Украіны заявіла, што ўкраінская ўлада патрабуе ад Рады бяспекі ААН неадкладна і тэрмінова ажыццявіць захады дзеля дэмілітарызацыі зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС і ўвесці туды спецыяльную місію ААН для папярэджання рызыкі паўтарэння чарнобыльскай ядзернай катастрофы ад дзеянняў расійскіх вайскоўцаў.

29 сакавіка ва Украіну прыехаў дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энергетыкі пры ААН (МАГАТЭ) Рафаэль Мар’яна Гросі. Паводле афіцыйных паведамленняў, ён плануе правесці з украінскімі службоўцамі перамовы аб запланаванай тэхнічнай дапамозе МАГАТЭ, каб гарантаваць бяспеку ядзерных магутнасцяў краіны і прадухіліць рызыку няшчаснага выпадку, які можа паставіць пад пагрозу людзей і навакольнае асяроддзе.

Паводле інфармацыі Нацыянальнай атамнай энергетычнай кампаніі «Енергоатом», кіраўнік МАГАТЭ не плануе наведваць ні Чарнобыльскую, ні Запарожскую АЭС, захопленыя расійскімі войскамі.

«Мяркую, што такіх планаў у іх няма на сёння, бо там вельмі небяспечная сітуацыя, і ні мы, украінскі бок, ні міжнародныя арганізацыі, такія як ААН, не можам даць гарантыі бяспекі кіраўнікам МАГАТЭ, якія маглі б туды паехаць», — заявіў кіраўнік кампаніі «Енергоатом» Пятро Коцін у эфіры ўсеўкраінскага тэлемарафону.

Разам з тым Пятро Коцін паведаміў, што сітуацыя па бяспецы на Чарнобыльскай і Запарожскай АЭС пагаршаецца.

Ва ўрадзе Украіны заявілі, што «дзеянні баевікоў Расіі на ядзерных аб’ектах Украіны пагражаюць экалагічнай трагедыяй усёй Еўропе».