Вайна ва Украіне: раніца 203-га дня змагання

Расія працягвае наносіць артылерыйскія і ракетныя ўдары па гарадах Украіны, а ўкраінскае войска працягвае контрнаступ і здзіўляе свет. А Пуцін спрабуе выслізнуць ад адказнасці за правалы на фронце.

1663049505_1238.jpg


Уначы расійцы здзейснілі масіраваны абстрэл Мікалаева. Пашкоджаныя ў тым ліку і жылыя дамы. Цяпер на месцах працуюць аварыйныя брыгады і камунальнікі, якія на некаторых вуліцах расчышчаюць праезд для грамадскага транспарту. «Збіраем падрабязную інфармацыю пра наступствы абстрэлу. Падрабязнасці паведамлю пазней», — распавёў мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч.

Паводле зводкі Генштаба ВСУ на 6 раніцы, за мінулыя суткі расійскія акупанты нанеслі 3 ракетных, 33 авіяцыйных удары і 58 абстрэлаў з сістэм рэактыўнай артылерыі па ваенных і грамадзянскіх аб'ектах на тэрыторыі Украіны. Украінскія вайскоўцы паспяхова адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Спорны, Маёрськ, Адрадзіўка, Вясёлая Даліна, Вадзяное, Аўдзееўка, Безымяннае і Новагрыгор’еўка.

Адзначаецца, што праціўнік працягвае засяроджваць намаганні на спробах поўнай акупацыі Данецкай вобласці, утрымання захопленых тэрыторый і зрыву актыўных дзеянняў украінскага войска на асобных кірунках.

Крэмль упершыню з 24 лютага прызнаў паразу: пры гэтым расійскія СМІ спрабуюць «адбяліць» Пуціна, гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны.

Аналітыкі адзначылі, што ні пасля адступлення з Кіеўскай вобласці, ні пасля ўцёкаў з выспы Змяіная рускія не прызнаваліся ў паразах, пастаянна шукаючы апраўдання дзеянням сваіх вайскоўцаў. Міністэрства абароны РФ спачатку прапанавала аналагічнае тлумачэнне і для адступлення з Харкаўшчыны, аднак заявы прадстаўнікоў Міністэрства абароны былі раскрытыкаваныя самімі расійцамі.

«Прызнанне Крамлём паразы з'яўляецца часткай спробаў змякчыць і накіраваць крытыку з Пуціна на Мінабароны Расіі і ваеннае камандаванне “у форме”», — лічаць эксперты.

Крамлёўскія СМІ цяпер працуюць над тым, каб зняць з расійскага прэзідэнта любую адказнасць за паразу, замест гэтага крытыкуючы абароннае ведамства за недастатковую дасведчанасць адносна становішча на Харкаўшчыне.


«Прызнанне паразы пад Харкавам паказвае, што Пуцін гатовы і здольны прызнаць нават паразу Расіі, прынамсі, пры некаторых абставінах, і засяродзіцца над тым, каб зняць з сябе віну», — тлумачаць у Інстытуце вывучэння вайны.

Акрамя таго, эксперты Інстытута вывучэння вайны аналізуюць абстаноўку на фронце. На іх думку, расійскія акупанты, якія цяпер знаходзяцца паблізу ракі Аскол, што ў Харкаўскай вобласці, не маюць дастаткова сілы, каб перашкодзіць далейшаму прасоўванню ўкраінскіх войскаў.

Аналітыкі адзначаюць, што крамлёўскія блогеры вызначылі Аскол як новую лінію фронту.

«13 верасня яны інфармавалі, што УСУ перайшлі раку ўброд у Баравой — прыкладна ў 30 км на паўночна-усход ад Ізюму і недалёка ад адмінмяжы Луганскай вобласці», — гаворыцца ў справаздачы ISW. Па меркаванні экспертаў, гэта паказвае на тое, што ўкраінскія сілы працягваюць лакальныя наземныя атакі, каб стварыць пагрозу расійскім пазіцыям за ракой.

«У той жа час расійскія войскі наўрад ці будуць дастаткова моцныя, каб перашкодзіць далейшаму прасоўванню ўкраінскіх войскаў уздоўж усёй ракі Аскол, таму што яны, падобна, не атрымліваюць падмацавання, і УСУ, верагодна, змогуць выкарыстоўваць гэтую слабасць для аднаўлення контрнаступлення праз Аскол, калі яны гэта абралі», — кажуць аналітыкі.

У Пентагоне не былі здзіўленыя поспехамі ўкраінскага контрнаступлення, заявіў спікер Пентагона Пэт Райдэр. «Я думаю, калі хтосьці і быў здзіўлены, то, верагодна, гэта былі рускія», — сказаў ён.

Райдэр адзначыў, што УСУ ўжо даўно дэманструюць сваё ваеннае мастацтва. «Безумоўна, з пачатку ўварвання Расіі ва Украіну мы бачылі, як украінцы прадэманстравалі дзіўную адаптыўнасць і здольнасць выкарыстоўваць свае баявыя магчымасці з вялікім эфектам. Таму нам не дзіўна, што яны дзейнічалі так хутка», — сказаў Райдэр, тлумачачы, чаму для ЗША не была сюрпрызам імгненнасць дзеянняў украінскіх вайскоўцаў.

Паводле УНІАН, korrespondent.net, РБК-Україна, ВВС