ЗША дзеля міру ва Украіне гатовыя абмеркаваць з Расіяй непашырэнне NATO на ўсход
ЗША ў чарговы раз зрабілі вялікі аванс Расіі, толькі б змусіць яе пачаць сапраўдныя мірныя перамовы. Але, калі Расія не прыме нават гэты аванс, Штаты гатовыя выйсці з перамоўнага працэсу. І наступствы гэтага будуць дрэнныя найперш для Крамля. Ідзе 1192-гі дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з rt.com
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 173 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 30 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 66 наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Зары, Папова Яру, Малінаўкі, Міралюбаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Котліна, Новасергіеўкі, Удалага, Траецкага і Андрэеўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны Украіны спынілі 24 атакі расіян паблізу Канстанцінопалю, Багатіру, Зялёнага Поля, Новаполю, Свабоднага Поля.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 13 разоў у раёнах Ліпавага, Грэкаўкі і Рэдкадубу.
На Харкаўскім кірунку УСУ спынілі дзевяць атак расіян. Па сем атак было зафіксавана на Северскім і Краматорскім кірунках, шэсць атак — на Тарэцкім кірунку.
У Курскай вобласці Расіі УСУ спынілі 26 атак арміі РФ . Расіяне нанеслі 14 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі з ужываннем 26 кіраваных авіябомбаў.
* * *
У ноч на 30 траўня Расія запусціла па Украіне 90 дронаў і дзве балістычныя ракеты Іскандэр-М/KN-23. СПА Украіны абясшкодзілі 56 БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікаў іншых тыпаў. 26 былі збітыя агнявымі сродкамі, 30 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.
Расійцы ўдарылі дронамі па Слабадскім раёне Харкава. У выніку абстрэлу тралейбуснага дэпо ёсць шмат пашкоджанняў і пацярпелыя.
Атака расійцаў выклікала пажар на адным з аб'ектаў інфраструктуры Запарожжа. Абышлося без пацярпелых.
Расійскія беспілотнікі атакавалі грамадзянскую інфраструктуру ў Ізмаільскім раёне Адэскай вобласці. Разбуранае аддзяленне «Новай пошты» і пашкоджаныя побач размешчаныя грузавыя аўтамабілі.
Уначы 30 траўня расіяне ўдарылі беспілотнікам па жылой шматпавярхоўцы ў горадзе Белазерскае Данецкай вобласці, у выніку чаго два чалавекі атрымалі раненні.
* * *

* * *
ЗША разгледзяць магчымасць адмовы ад перагаворных намаганняў па міры ва Украіне, калі Расія прыме няправільнае рашэнне і працягне вайну, заявіў выконваючы абавязкі намесніка пастаяннага прадстаўніка ЗША пры ААН Джон Кэлі.
Ён адзначыў, што ў выпадку такога зыходу, Амерыка прызнае адмову Расіі ад супрацоўніцтва. «Калі Расія прыме няправільнае рашэнне працягваць гэтую катастрафічную вайну, Злучаным Штатам прыйдзецца разгледзець магчымасць адмовы ад нашых перагаворных намаганняў па спыненні гэтага канфлікту», — сказаў Кэлі.
«Каб было зразумела: робячы гэта, мы не адмовімся ад нашых прынцыпаў або нашых сяброў. Хутчэй, мы прызнаем адмову Расіі супрацоўнічаць з намі для дасягнення жаданага выніку» — адзначыў ён.
Прадстаўнік ЗША падкрэсліў, што Амерыка падтрымае мірны працэс, калі РФ і Украіна сапраўды зацікаўленыя ў міры. У прыватнасці, ЗША буду супрацоўнічаць і з абедзвюма краінамі, і з ЕС, і з ААН. Супрацоўніцтва будзе мець на мэце дасягнуць міру, пачынаючы з спынення агню. «Мы будзем настойваць на тым, каб абмеркаванне мірных пытанняў абодвума бакамі праводзілася добрасумленна», — сказаў ён.
З ягоных слоў, пагадненне, прапанаванае Расіі ЗША, ЕС і Украінай, «з'яўляецца найлепшым магчымым вынікам для Расіі. Прэзідэнт Пуцін павінен заключыць пагадненне».
* * *
Злучаныя Штаты занепакоеныя верагоднай адмовай украінскай дэлегацыі ад удзелу ў запланаваных у Стамбуле перамовах і перасцераглі Кіеў ад такога кроку, паведаміў у эфіры ABC News спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны Кіт Келаг.
Келаг адзначыў, што ЗША атрымалі мемарандум з прапановамі аб спыненні агню ад Украіны. Дакумент змяшчае 22 патрабаванні, і «яны даволі прымальныя». Але дагэтуль не атрымалі расійскага мемарандуму з прапановамі аб спыненні агню. Ён выказаў занепакоенасць, што па гэтай прычыне ўкраінская дэлегацыя можа адмовіцца ад удзелу ў перамовах у Стамбуле.
«Я б раіў Кіеву ўстрымацца ад заяў, што Украіна не будзе ўдзельнічаць у мірных перамовах з Расіяй. Вы павінны паказаць, што настроены сур'ёзна. Галоўная мэта перамоваў — дасягнуць спынення агню і спыніць забойствы», — сказаў ён.
У той жа час Келаг заявіў, што ЗША прызнаюць абгрунтаванасць патрабаванняў Расіі аб непашырэнні NATO на ўсход і гатовыя да абмеркавання гэтага пытання ў рамках мірнага ўрэгулявання вайны.
«Я лічу, гэта цалкам абгрунтаваная заклапочанасць. Гэтае пытанне Расія заўсёды будзе падымаць. Яны гавораць не толькі пра Украіну, яны згадваюць і Грузію, і Малдову. І мы кажам: добра, мы можам абмеркаваць спыненне пашырэння NATO да вашай мяжы. Гэта іх інтарэсы ў галіне бяспекі», — сказаў Келаг.
Ён падкрэсліў, што ўступленне Украіны ў NATO не стаіць на парадку дня. «І мы не адзіная краіна, якая так кажа. Я магу назваць яшчэ чатыры краіны NATO, якія гэта пацвердзяць. А трэба, каб усе 32 краіны пагадзіліся на ўступленне», — адзначыў ён.
* * *
Намесніца пастаяннага прадстаўніка Украіны пры ААН Крысціна Гаявішын заклікала краіны ўзмацніць ціск на Расію, каб заахвоціць Маскву да канструктыву і рэальнага мірнага працэсу. Пра гэта яна заявіла на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН.
«Мэты Расіі застаюцца нязменнымі — скарыць Украіну вайсковым шляхам, дамагчыся кантролю над усёй нашай краінай для рэалізацыі сваіх імперскіх амбіцый», — адзначыла яна. Аднак, паводле яе слоў, Масква не можа дасягнуць гэтага самастойна, таму прыцягвае аўтарытарныя рэжымы, у прыватнасці КНДР і Іран.
Асаблівую ўвагу Гаявішын надала супрацоўніцтву Расіі з Кітаем. «Украінская выведка пацвердзіла, што Кітай пастаўляе спецыяльныя хімічныя рэчывы, порах і абсталяванне на 20 расійскіх ваенных заводаў. Гэта супрацоўніцтва павінна быць неадкладна спынена», — падкрэсліла намесніца пастаяннага прадстаўніка Украіны пры ААН.
Гаявішын пацвердзіла падтрымку Украінай прапановы ЗША аб 30-дзённым поўным і безумоўным перамір'і, якое было ўзгоднена на сустрэчы ў Джыдзе 11 сакавіка. Аднак Расія паслядоўна адмаўляецца ад гэтай прапановы. «Дзеянні Расіі выразна сведчаць аб яе нежаданні міру», — заявіла прадстаўніца Украіны.
Яна падкрэсліла, што дзеянні Масквы патрабуюць узмоцненага міжнароднага ціску, каб пакласці канец вайне і гарантаваць мір для будучых пакаленняў.
«Мір не можа грунтавацца толькі на словах. Ён патрабуе канкрэтных крокаў: неадкладнага і справядлівага спынення агню; пастаяннага дыпламатычнага ўзаемадзеяння; стварэння надзейнай архітэктуры бяспекі, заснаванай на эфектыўных гарантыях для Украіны, якія дапамогуць прадухіліць паўтарэнне агрэсіі», — падвяла вынік намесніца пастаяннага прадстаўніка Украіны пры ААН.