ЗША перадалі Украіне першыя комплексы СПА «NASAMS»
Два ЗРК ужо разгортваюць на пазіцыях.
Пра тое, што Злучаныя Штаты перадалі Украіне першыя два зенітна-ракетныя комплексы супрацьпаветранай абароны «NASAMS», паведаміў генеральны дырэктар «Raytheon Technologies» Грэг Хэес. Кантракт на 182 мільёны долараў для пастаўкі ЗРК Украіне быў заключаны ў жніўні, паведамляе партал delfi.lt.
«Гэта сістэма супрацьпаветранай абароны малой далёкасці, і яна можа страляць удасканаленай ракетай класа «паветра-паветра» сярэдняй далёкасці і можа збіваць усё ў небе: ад беспілотнікаў да балістычных ракет і знішчальнікаў», — сказаў Хэес.
Украіна чакае таксама паставак СПА «Patriot», але перамовы наконт гэтых комплексаў яшчэ вядуцца. Вялікабрытанія таксама паставіць Украіне ракеты супрацьпаветранай абароны «AMRAAM», якія могуць выкарыстоўваць падчас працы комплексы СПА «NASAMS».
«NASAMS» лічацца аднымі з самых эфектыўных комплексаў СПА ў свеце і выкарыстоўваюцца для абароны паветранай прасторы Вашынгтона. Каардынатар па стратэгічных камунікацыях у Савеце нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі раней заяўляў, што ЗША маюць намер паставіць Украіне восем такіх сістэм у рамках ініцыятывы па садзейнічанні бяспецы Украіны.
Таксама Украіна атрымала германскую СПА «Iris-T» і яшчэ 4 РСЗА «HIMARS». 25 кастрычніка пасля сустрэчы ў Кіеве з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер абвясціў пра пастаўку Украіне дадаткова дзвюх сістэм залпавага агню «MARS» і чатырох гаўбіц, а таксама пра працяг паставак сістэм СПА.
Агулам Узброеныя сілы Украіны ўжо атрымалі ваеннай дапамогі ад ЗША і ЕС на 41 мільярд долараў.