Меліціна Станюта: «Страшэнна баюся, што нехта з сяброў можа не адказаць…»
Меліціну Станюту не так даўно запрасілі выступіць на гала-канцэрце на міжнароднай арэне, але затым гімнастцы паведамілі, што цяпер арганізатары яшчэ думаюць, ці варта ёй браць удзел у гэтым мерапрыемстве.
Вядомая беларуская гімнастка выказала сваё меркаванне з нагоды вайны ва Украіне.
«Мне пішуць: «Ты распальваеш вайну», – распавяла Меліціна Станюта «Народнай Волі». – Адкажу, што насамрэч раблю я. Тлумачу свету праз сацыяльныя сеткі і інтэрв’ю для розных замежных выданняў, што не ўсе беларусы падтрымліваюць вайну і ўладу. Тлумачу свету, што не ўсе расіяне падтрымліваюць вайну і ўладу.
Навошта гэта раблю? Каб мы ўсе, хто выказваецца супраць, хто мае адрозную ад дзяржаўнай палітыкі пазіцыю, змог потым пры палітычным пераследзе ў сваёй краіне знайсці за мяжой працу, вучобу, а не быць ізгоем.
Каб не грэбліва ставіліся да ўсіх беларускіх і рускіх людзей толькі за нацыянальнасць. А гэта ўжо адбываецца. Ужо адмаўляюць у працы.
І я не чакаю, што тыя, хто зараз выступае за ваенныя дзеянні, тыя, хто маўчыць у анучку, каб толькі не звольнілі, мне скажуць: «Дзякуй». Мне іх «дзякуй» не патрэбны. Мне ваша падзяка патрэбна.
Што я яшчэ раблю? Выкарыстоўваю свой Інстаграм як пляцоўку, дзе размяшчаю спасылкі для людзей, жывёл, якія цярпяць ад ваенных дзеянняў. Кожныя некалькі гадзін пішу сваім блізкім, сябрам ва Украіну. І страшэнна баюся, што нехта з іх можа не адказаць…»
Раней гімнастка паведаміла, што ўжо атрымала дзве адмовы ў прыёме на працу проста з-за таго, што грамадзянка Беларусі.
«З клубамі мы ўжо высвятлялі ўмовы і гэтак далей, але, паколькі я беларуска, яны не могуць узяць мяне на працу», – распавяла Меліціна.
Таксама Меліціну Станюту не так даўно запрасілі выступіць на гала-канцэрце на міжнароднай арэне, але затым гімнастцы паведамілі, што цяпер арганізатары яшчэ думаюць, ці варта ёй браць удзел у гэтым мерапрыемстве.