Форменныя звяры

Толькі ў гэтым месяцы споўнілася сямнаццаць гадоў з таго моманту, як у выніку сумнеўнага плебісцыту змянілася дзяржаўная сімволіка, як людзей, для якіх бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня ёсць гістарычнымі святынямі, пачалі не проста пераследаваць, але і калечыць. І робяць гэта тыя істоты, якім службовым абавязкам наканавана бараніць людзей, а не рабіць з іх інвалідаў па ўладнай навядзёнцы.

Толькі ў гэтым месяцы споўнілася сямнаццаць гадоў з таго моманту, як у выніку сумнеўнага плебісцыту змянілася дзяржаўная сімволіка, як людзей, для якіх бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня ёсць гістарычнымі святынямі, пачалі не проста пераследаваць, але і калечыць. І робяць гэта тыя істоты, якім службовым абавязкам наканавана бараніць людзей, а не рабіць з іх інвалідаў па ўладнай навядзёнцы.


Некалькі дзён ні сваякі, ні сябры не ведалі, куды падзеўся палітвязень Сяргей Каваленка — сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, які церпіць ад улады толькі за тое, што шануе гістарычную сімволіку і не жадае змірыцца з санкцыянаванымі здзекамі з яе. Цяпер высвятляецца, што чалавека, які месяцамі трымаў галадоўку і, па словах жонкі Сяргея Алены, працягвае гэты небяспечны для ўласнага жыцця ўчынак, патаемна са следчага ізалятара перавялі ў магілёўскую калонію №19.


На знак салідарнасці з Сяргеем Каваленкам, які быў асуджаны за вывешванне на навагодняй ёлцы ў цэнтры Віцебска бел-чырвона-белага сцяга, да трох гадоў абмежавання волі па месцы жыхарства, а потым і да двух гадоў і аднаго месяца сапраўднага зняволення (за быццам бы парушэнне рэжыму хатняй “хіміі), малады чалавек Андрэй Моўчан разгарнуў гістарычны сцяг каля сталічнага ўніверсаму “Першамайскі. Чым гэта скончылася для актывіста грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь? Зламанай сківіцай, страсеннем мазгоў і падазрэннем на пералом хрыбетніка. Хто гэта зрабіў? Бандзюкі ці невядомыя заезджыя валацугі? Не! Гэта зрабілі тыя, хто павінен нас з вамі абараняць ад злачынцаў, бо атрымлівае грошы ад нас з вамі, з нашых падаткаў.


Фота Моўчана, якія з’явіліся ў сеціве, выклікаюць не проста шкадаванне і жаль, што да самога Андрэя, але і абурэнне. Бандыты (а як іх інакш назваць?), упаўнаважаныя дзяржавай, робяць тое, што хочуць. Затрымліваюць, збіваюць, калечаць ні ў чым не вінаватых людзей. Потым ілжэсведчаць у судах, а суды з вар’яцкай гатоўнасцю адпраўляюць іх на нары ці, у лепшым выпадку, штрафуюць. І гэтыя “ахоўнікі правапарадку і амаральныя ілжэсведкі ў адной асобе застаюцца беспакаранымі за здзейсненыя злачынствы. Брыдка пра гэта пісаць, таксама як брыдка назіраць гэтых істотаў у горадзе, дзе ты зрабіў першыя крокі ў сваім жыцці, у краіне, якую лічыш сваёй Радзімай. Не ведаю, калі скончыцца гэты праўны армагедон у нашай Беларусі. Толькі складаецца ўражанне, што з кожным годам гэтых істотаў, якія здатныя толькі пачасаць кулакі на безабаронных людзях, для якіх што-небудзь гістарычнае, беларускае настолькі ж варожае і гідкае, як апарыш у супе, на якіх чалавечая кроў уздзейнічае нібы кавалак скрываўленага тухлага мяса на галодную акулу, становіцца ўсё больш. Вось яна, наша рэчаіснасць. А вы, Сяргей і Андрэй, трымайцеся! Нішто на Зямлі не праходзіць бясследна, як казаў знакаміты паэт-песеннік.