Форменныя дзікуны
Тое, што ў часткі нашага грамадства, да якога належаць усе, што прыжаваюць на тэрыторыі Сінявокай, з мазгамі не ўсё ў парадку, вядома даўно. Але кожны раз здзіўляешся, наколькі відавочная адсутнасць мазгоў у некаторых прыўладных служкаў у спецформе.
У суботу на зусім не выкшталцоным і не элітным “Мінскім моры” нейкай кабеціне бальзакаўскага веку не спадабалася, што іншая кабета (а, мо, тых было і болей) атрымлівала асалоду
на сонцы ў выглядзе “топ-лес”, то бок, чытай, без бюстгальтару. І вось гэтая мегамаралізаваная кабета выклікала міліцыю, каб спыніць гэтае “безабразіе”. Тутака ж
з’явіліся, як пішуць сведкі, ажно сем амапаўцаў, якія скруцілі гэтую кабету “топ-лес”, спрабавалі цягнуць яе ў “варанок”, але скончылася ўсё тым, што
затрымалі некалькі чалавек, якія спрабавалі заступіцца за “развратніцу” і яе мужа на мыліцах. Апошнія паехалі з пляжу, як сведчаць, на “хуткай”.
Глядзіш на ўсё гэта і думаеш: тут нармальная еўрапейская краіна ці вар’ятня?! Калі ўжо жанчыне нельга пазагараць без ліўчыка на пляжы, дзе не пазначана, што гэтага рабіць нельга. І калі
іншая кабеціна ляціць выпраўляць сітуацыю з дапамогаю міліцыянтаў. Магчыма, гэтая “барацьбітка за мараль” атрымала цеплавы ўдар (у суботу пакрыты тэмпературны рэкорд за ўсе
часы назіранняў), і ў яе знесла балду? А мо, у гэтай кабеты зайграла зайздрасць да памераў іншай жаночай годнасці?
Тады такім кабетам не варта хадзіць на выставы Рубэнса ды іншых майстроў, які выпісвалі ў сваіх шэдэўрах прыгажосць жаночага цела. Дык чым жа горш жывое цела (не парнаграфія!!!!) жанчыны на
пляжы за намаляванае, калі, тым больш, гэтая жанчына проста загарае?!
Прыдуркаў у нашай краіне хапае. І пры гарачыні іх колькасць, бадай, узрастае ў разы. Ідыятызм залежыць ад тэмпературы паветра, і гэта ўжо бачна на прыкладзе Сінявокай. Агідна, што адны
“перагрэтыя” ў форме не ведаюць, што робяць, бо давядзецца ж потым апраўдвацца мянтоўскаму кіраўніцтву за неадэкватнасць паводзінаў падначаленых. З іншага боку — што, сумна
ахоўваць пляж? Зайздрасна, што іншыя адпачываюць на сонцы і спрабуюць рабіць гэта так, як ім падаецца магчымым і ў межах прыстойнасці? Хоць межы прыстойнасці ў нас вызначаюць вельмі часта не мараль і
закон, але іх разуменне, бачанне і тлумачэнне праваахоўнікамі.
А, тым часам, іншых грамадзян і грамадзянак хлебам не кармі, толькі дай зрабіць падлянку іншым.
Здаецца, што кабета-маралістка на Мінскім моры з добрым настроем і з задавальненнем пасля ўвечары паглынала марозіва ці штосьці іншае смачнае ці моцнае. Зрабіла “западлянку”
— можна спаць спакойна. Амінь.