“Канатчыкава дача” пераехала ў Крэмль

Памятаеце, як калісці спяваў славуты Уладзімір Высоцкі: “Дорогая передача! В воскресенье, чуть не плача, вся Канатчикова дача к телевизеру рвалась”. Сёння ж складваецца ўражанне, што патэнцыйныя пацыенты гэтай у свае часы вядомай на ўвесь СССР псіхіятрычнай клінікі (беларускі аналаг — клініка ў пасёлку Навінкі пад Мінскам) перамясціліся за крамлёўскія муры. І сядзіць ужо ў тым самым “телевизеры”.

Дык вось я пра што. На “круглым стале” у Маскве дарадца прэзідэнта Уладзіміра Пуціна Сяргей Глазьеў прапанаваў нанесці з боку Расеі ўдар па ўкраінскай арміі, каб не даць ёй узмацніцца. “Хачу нагадаць словы Чэрчыля: “Той, хто паміж ганьбай і вайной выбірае ганьбу, атрымлівае і вайну, і ганьбу адначасова”. Гэта сучасная вайна. Гэта не азначае, што нам трэба рухаць нашы танкі на Кіеў, але, па меншай меры, спыніць генацыд насельніцтва мы маем права”, — сказаў “саветчык”. І дадаў: “Для гэтага дастаткова закрыць неба і выкарыстоўваць той жа механізм падаўлення ваеннай тэхнікі, які ўжылі тыя ж амерыканцы ў Лівіі, якія спачатку зачынілі неба, затым з паветра расстралялі бронетэхніку, артылерыю, авіяцыю і такім чынам зрабілі той рэжым, з якім яны ваявалі, небаяздольным. У нас яшчэ ёсць магчымасць гэта зрабіць, праз паўгода такой магчымасці ўжо не будзе”, — заявіў Глазьеў.

І вось яшчэ адзін пасаж высокага пуцінскага дзеяча: “Мы атрымліваем магутную ваенную машыну, арыентаваную супраць нас, нашпігаваную нацыстамі, ідэалагічна зараджанымі супраць Расеі. Канчатковай мэтай гэтага дзеяння з'яўляецца вайна з Расіяй. Мы не зможам, страціўшы Данбас, захаваць мір, паколькі наступная мэта, якая дэкларуецца — Крым”.

Наколькі Крым ды Данбас расійскія — гэта лепш пакінем па-за дужкамі.

Ці ж нармальны ў псіхічным плане чалавек разам з памагатымі ў ХХІ-м стагоддзі мог вырашыць перакроіць геаграфічныя і палітычныя межы насуперак усім міжнародным пагадненням, падпісаным пасля Другой сусветнай вайны, рызыкуючы падсунуць Еўропе новую, яшчэ больш, з улікам сучасных магчымасцяў, вайну? (А яе пачатак ужо праглядаецца).

Ці ж нармальны чалавек (няхай і высокі маскоўскі чыноўнік) будзе вяшчаць, што хтосьці сёння збіраецца ваяваць супраць Расіі, якая ў новым тысячагоддзі ўжо “паспяхова” правяла пяцідзённую вайну супраць Грузіі, фактычна адцяпаўшы Паўднёвую Асецію і Абхазію? Дарэчы, пасля адарвання апошняй ад Грузіі там назіраецца поўная галеча і заняпад, што ўжо прывяло да бунту і ўцёкаў маскоўскага стаўленіка Анкваба. Аналагічная сітуацыя (і гэта толькі праз некалькі месяцаў пасля анэксіі!) назіраецца ў Крыме, дзе з паліцаў у крамах знікла амаль усё, а месцічы нясуць істотны ўрон з тае прычыны, што курортны сезон на паўвыспе ўжо фактычна сарваны. Які нармальны псіхічна чалавек-замежнік дабраахвотна рынецца ў раійскія кіпцюры?

Ці будзе нармальны чалавек, тым больш кіраўнік велізарнае краіны, спачатку казаць, што ніводнага расійскага вайскоўца ў Крыме няма, а потым, пасля анэксіі, сотнямі ўзнагароджваць “зялёных чалавечкаў” медалямі “За возвращение Крыма” і казаць, што менавіта расійскія вайскоўцы самым актыўным чынам паспрыялі “восстановлению исторической справедливости”? Гэты дзяяч, у першую чаргу, хлус. Прычым, хлус нездаровы. Але вернемся да Глазьева.

Паранойя — адно з небяспечных псіхічных адхіленняў і нават захворванняў. У Глазьева — на твар усе яе прыкметы і сімптомы. Як і ў гістэрыкаў-падлізантаў з афіцыйных (а неафіцыйных СМІ, як і ў Беларусі, тамака амаль не засталося) расійскіх сродкаў масавай прапаганды, якія абалваньваюць мільёны сваіх і чужых грамадзянаў наконт вялікай пагрозы “украінскага бандэраўства і фашызму”. Прычым доктар Гебельс нервова варочаўся б у труне, калі б яго не спалілі ў 1945-м.

Хочацца запытацца: каму вы, галадранцы, патрэбныя? У вашы вёскі страшна заехаць, большасць вашых гарадоў нагадвае сметніцы. А ваш так званы парламент — цырк. Прычым вельмі дарагі, бо вельмі шмат каштуе бюджэтных грошай. Хаця, што мне да вашых грошай.

Некаторыя так званыя народныя абраннікі таксама могуць прэтэндаваць на элітныя койкі на Канатчыкавай дачы. Той жа Жырыноўскі, калі прылюдна загадвае сваім “быкам” гвалціць цяжарную журналістку ў сценах (!!!) Дзярждумы. Тыя ж гамафобы і гамафобкі, “змагары за сямейныя каштоўнасці” (якія больш нагадваюць пасля сваіх заяваў доктара Менгеле), з той жа ўстановы ці з “парламентаў” Піцера ды іншых гарадоў імперыі, якая “паўстае з калень” (праўда, паўстаць не можа, бо “по все дни пьяна”).

Куды ні кінь, паўсюдна клін, “дорогие россияне”. З чым вас і віншую. І тая масавая шавіністычная, антыўкраінская гістэрыя, якая ахінула вашу неабсяжную, агромністую і непрыбраную арду, сведчыць толькі пра тое, што вы ад самага нізу і да самага верху пераўтвараецеся ў пацыентаў канатчыкавых дачаў ды кашчанак. І гэта небяспечна, у першую чаргу, для вашых суседзяў.

Як спяваў геніяльны Андрэй Макарэвіч яшчэ перад апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі ў Расіі, “наш дурдом голосует за Путина”. Так, менавіта так ён, “дурдом”, і прагаласаваў, а цяпер галава баліць ва ўсёй Еўропы. Шукайце добрых лекараў, “господа-товарищи”, бо вашая хвароба вельмі небяспечная і, галоўнае, заразная.