«Лібералізацыя» скончылася?

За час да і пасля самай важнай палітычнай кампаніі апошніх гадоў пад назвай «прэзідэнцкія выбары–2015» беларускай супольнасць паступова прызвычаілася да таго, што ўлады больш не вядуць татальнага палявання на сваіх апанентаў.

3297524_original.jpg

Але апошнія падзеі паказваюць, што часовая палітычная адліга можа стаць менавіта часовай.

Зноў пачаліся больш актыўныя пераследы тых, хто апошнімі месяцамі «засвяціўся» на масавых вулічных акцыях пратэсту. Не буду пералічваць факты, якія сталі вядомыя ў апошнія дні і нават гадзіны, калі пад «мілай» увагай спецслужбаў апынуліся і абаронцы Курапатаў, і арганізатары ды ўдзельнікі акцыяў пратэсту супраць безмазговага дэкрэта № 3 «аб дармаедах». Сілавікі ўжо пачынаюць затрымліваць палітыкаў і актывістаў па дарозе на пратэстныя мерапрыемствы, ламіцца ў кватэры апазіцыянераў, палохаючы малых дзяцей, хапаць тых, хто расклейвае ўлёткі з інфармацыяй пра акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка. 

Улады рабілі выгляд, што ў краіне ледзь не запанавала дэмакратыя. Акцыі пратэстаў брутальна не разганяліся спецслужбамі, людзей масава не хапалі і не збівалі ў кроў, як гэта было ў Мінску ўвечары 19 снежня 2010 года пасля прэзідэнцкіх выбараў. Так, потым яшчэ па інерцыі хапалі і таксама білі ўдзельнікаў маўклівых пратэстаў, «апладысментшчыкаў», «клаксоншчыкаў» ды іншых. Але ўжо не так па-звярынаму.

Апошнія два гады ўлады ўвогуле ў большасці выпадкаў абыходзіліся без пасадак сваіх апанентаў «на суткі». Аднак замена «адсідак» сталася больш жорсткай у наступствах для тых, хто падпаў за сваю актыўнасць пад судовую машыну, якая, гледзячы па ўсім, атрымала задачу як мага больш папоўніць збяднелы да непрыстойнасці бюджэт краіны. Таму замест ізалятара на Акрэсціна (у іншых гарадах — іншыя «гатэлі») суды пачалі людзей штрафаваць пераважна па максімуме, прычым на такія сумы, якія ў якасці штрафаў сплаціць папросту нерэальна.   

Улада трывала пэўны час, каб не сарвацца. Тут некалькі прычынаў. Па-першае, высокае чыноўніцтва (хочацца верыць) зразумела, што не нацыянальная апазіцыя з’яўляецца «пятай калонай», хоць прызнаваць гэта трымальнікам улады вельмі і вельмі прыкра. Уладныя людзі, не выключана, таксама пачалі разумець, адкуль рэальна ідзе пагроза Беларусі. А дадушыць тых, хто ў самым неспрыяльным выпадку ці пагрозе зможа стаць на абарону незалежнасці краіны, у чыноўнікаў, магчыма, пакуль што не ўздымаецца рука. Тым больш, што ў выпадку рэальнай пагрозы для незалежнасці і будучыні Беларусі тыя, каго з уладных трыбунаў дзесяцігоддзямі называлі «пятай калонай», будуць бараніць і гэтых самых уладатрымальнікаўды іх родзічаў. 

Але ці надоўга гэтая «лібералізацыя»? Усё ў нашай краіне залежыць пакуль што ад яе правадыра. Аднак апошнім часам у кіраўніка дзяржавы нічога не атрымліваецца ў плане вырашэння праблемаў, звязаных з самым галоўным «саюзнікам», ад якога ўлада Лукашэнкі залежыць на 99 працэнтаў. Па сітуацыі з расійскімі газам і нафтай, як і з траншам крэдыту ЕФСР, нічога не вядома, і, як адзначаюць эксперты, сітуацыя застанецца нявырашанай невядома колькі часу.

Таксама нічога канкрэтнага не чуваць і ў звязку з крэдытам ад Міжнароднага валютнага фонду, без якога ўладам Беларусі (у выпадку далейшага пагаршэння стасункаў з Белакаменнай) будзе вельмі і вельмі цяжка. Асабліва ўлічваючы, што сёлета Беларусі трэба сплаціць толькі абавязковых пазыкаў больш за 5 мільярдаў долараў. А памеры нашых ЗВР, нават пасля сённяшняй інфармацыі, што яны крыху перавысілі тыя ж 5 мільярдаў долараў, не дазваляюць быць упэўненымі ў далейшай перспектыве эканомікі і існавання Беларусі ўвогуле.    

Дык вось, усе гэтыя праблемы вісяць дамоклавым мячом над галавой вышэйшага беларускага кіраўніцтва. Да таго ж, не знікае праблема «дармаедаў», а на акцыях у многіх рэгіёнах гучаць ужо не толькі патрабаванні адмены ганебнага дэкрэта, але і грамыхае: «Сыходзь!» на адрас таго, хто яго падпісаў.

І вось у такіх варунках, калі цісне з усіх бакоў, нервы ў самага галоўнага чыноўніка краіны могуць не вытрымаць. Невыпадкова днямі ў сталіцы прайшла такая масавая імпрэза да стагоддзя беларускай міліцыі (хоць тут гістарычныя пытанні настолькі спрэчныя, што лепш няхай імі займаюцца адмыслоўцы). Падчас гэтай акцыі Лукашэнка, міністр унутраных справаў Шуневіч і кампанія прадэманстравалі, што ў іх ёсць магчымасці, каб не дапусціць у Беларусі ніякага «разгойдвання чоўна». Можна з упэўненасцю меркаваць, што гэта быў знак тым, хто збіраецца выйсці на вуліцы на Дзень Волі 25 сакавіка.

У Беларусі нічога немагчыма прадказаць пры цяперашняй уладзе. Яе паводзіны ў большасці выпадкаў алагічныя, часцяком неабгрунтавана жорсткія, недарэчныя. Не выключана, што ўжо найбліжэйшым часам адбудзецца змена настрояў у вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы ды яго прапагандысцкіх структураў, што можа прывесці да вяртання ўнутрыпалітычнай атмасферы снежня 2010 года. Тым больш, што ведамства Давыдзікі і падобныя яму ўжо пачынаюць ідэалагічную «артпадрыхтоўку». Хацелася б памыліцца. Пачакаем да 25 сакавіка.