Напаскудзіць у Беларусі і збегчы за мяжу

Прачытаў у “Народнай волі за 22 снежня вялікае інтэрв’ю маёй паважанай каляжанкі Марыны Коктыш з былым памочнікам беларускага прэзідэнта палкоўнікам Сяргеям Посахавым. Проста дзіўна, як мяняецца светапогляд і разважанні людзей, калі яны пакідаюць высокія пасады ў беларускім кіраўніцтве!

Прачытаў у “Народнай волі за 22 снежня вялікае інтэрв’ю маёй паважанай каляжанкі Марыны Коктыш з былым памочнікам беларускага прэзідэнта палкоўнікам Сяргеям Посахавым. Проста дзіўна, як мяняецца светапогляд і разважанні людзей, калі яны пакідаюць высокія пасады ў беларускім кіраўніцтве!
У згаданым інтэрв’ю палкоўнік Посахаў выглядае ну проста “слупом дэмакратыі, “белым і пухмяным! І свабоды слова і СМІ, паводле былога прэзідэнцкага памочніка, у Беларусі бракуе, і абмежаванні дзейнасці апазіцыі і ўвогуле дэмакратаў такія, якія не сумяшчальныя з паняццямі цывілізаванага грамадства. Ну проста залатыя словы!
Магчыма, Сяргей Посахаў, калі пакінуў уладную вярхушку (хоць ён сцвярджае ў тым жа інтэрв’ю, што не меў рэальнай улады ў Беларусі, а толькі “даваў парады), сапраўды пакаяўся і прызнаў, што вельмі памыляўся, калі адсылаў апазіцыю “гаўкаць на Бангалор, аб чым  цяпер вельмі шкадуе. Але гэты чалавек чэсна кажа, што Беларусь для яго – не Радзіма, бо нарадзіўся ён у Расіі, куды і вярнуўся праз дваццаць год працы ў “сінявокай. Пры гэтым, калі верыць Посахаву, яму не абыякава тое, што цяпер адбываецца ў нашай краіне.
Але не пра расіяніна Посахава гаворка. Ужо стала тэндэнцыяй, што тыя, хто падае з вяршыні ўлады, уцякаюць за межы Беларусі, пераважна ў Расію. Прытым пасля таго, як зрабілі для краіны, мякка кажучы, не самае лепшае. Успомніць хаця б былога прэзідэнцкага “завхоза Івана Ціцянкова. Якімі добрымі справамі вядомы гэты дзеяч? Ну не прыходзіць нічога станоўчага на памяць. Затое ў многіх засталіся ўспаміны (у мяне гэтая карцінка дагэтуль стаіць у вачах), як названая асоба наўпрост на даху Адміністрацыі прэзідэнта раздзірала на кавалкі бел-чырвона-белы сцяг і распісвалася на тым, што ад яго засталося, пасля ганебнага плебісцыту 1995 году, у выніку якога Беларусь страціла сваю гістарычную сімволіку – сцяг і герб “Пагоня. Дзе цяпер Ціцянкоў? Правільна, у Маскве, і далёка не жабрак.
Яго наступніца – Галіна Жураўкова. Гэтая дзяячка паспела нават пасядзець у беларускай турме за справы, далёкія ад высокай маральнасці, але нават “не дасядзела вызначаны судом тэрмін. І дзе яна зараз? Так, у Маскве, і далёка не прыбыральшчыцай працуе!
А цяпер туды ж, у Расію, намыліўся і нядаўні міністр унутраных спраў і цяпер ужо экс-кіраўнік Беларускай федэрацыі хакею Уладзімір Навумаў, які ў свой час абяцаў начэй не спаць, але знайсці вінаватых у мінскім тэракце ўноч на 4 ліпеня 2008 году. Адкаталі пальцы больш як паловы мужчынскага насельніцтва краіны, злачынцаў не знайшлі, затое Навумаў ужо не міліцэйскі (і не хакейны) начальнік, і спіцца яму, відаць, спакойна. Як жа можа быць інакш пасля адпачынку на Кубе? Генерал пакуль хавае сваё наступнае месца працы. А што ён карыснае зрабіў для Беларусі? Чым ён запомніцца нашай краіне?
Хіба што ўзмацненнем рэпрэсіўных дзеянняў яго падначаленых у дачыненні да апазіцыі пад час вулічных акцый, пераследам іншадумцаў. А таксама тым, што з’яўляецца неўязным у краіны Еўрапейскага Саюза і ЗША, бо яго падазраюць у спрычыненні да гучных выкраданняў апанентаў дзейнай ўлады. Так што не ўсе маральныя (ды не толькі) рахункі перад Беларуссю Вамі аплочаны, спадар Навумаў. А вось цёплае месца ў Расіі для Вас ужо запрыпасена. 
Спіс тых, хто быў пры ўладзе ў Беларусі, а цяпер спакойна жыве і зарабляе немалыя грошы на тэрыторыі усходняй суседкі, можна працягваць. Але вось што заўважна: спачатку гэтыя людзі (прынамсі, многія з іх)  напаскудзяць у нашай краіне, а потым шыбуюць адсюль як мага далей. Атрымыліваецца, што Беларусь пераўтвараецца ў “кузніцу кадраў для замежжа. Толькі не вельмі я зайдрошчу гэтаму замежжу, бо самі бачыце, што гэта за кадры…