Заенчылі-заканючылі
Бач ты, які лямант ушчаўся пасля таго, як пад уплывам эмацыйнага ўздыму выканаўца абавязкаў міністра замежных справаў Украіны Андрэй Дзяшчыца назваў галоўнага завадатара і ініцыятара ўкраінскай трагедыі Уладзіміра Пуціна тым словам, якім яго ўжо многія месяцы называюць тысячы, калі не мільёны людзей не толькі ў нашай паўднёвай суседцы, але і ў многіх іншых краінах. Ай-яй-яй, пакрыўдзіліся санча-пансы крамлёўскага правадыра!
Галоўны па замежжы ў расійскім урадзе Сяргей Лаўроў заявіў, што яму больш няма пра што гаварыць са сваім украінскім калегам. Адлямантаваўся, пакрыўджаны за шэфа, і галоўны айфонавец і па сумяшчальніцтве “спячая прыгажуня ўсяе Русі”, ён жа прэм’ер ураду Дзмітрый Мядзведзеў.
Ну, так, магчыма, не зусім правільна, калі прафесійныя дыпламаты дазваляюць сабе не зусім цывільныя выразы. Нават калі выканаўца абавязкаў кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Украіны прыехаў суцішваць раз’юшаных украінцаў, якія прыйшлі выказаць усё, што яны думаюць, да расійскай амбасады пасля таго, як тэрарысты збілі ракетаю вайскова-транспартны самалёт ІЛ-76 (у выніку чаго загінулі 9 чальцоў экіпажу і 40 украінскіх вайскоўцаў).
Хто здзейсніў гэты тэракт, ясна нават крату. І тут эмоцыі ў людзей зашкалілі. Нават у высокага чыноўніка.
Вернемся да гісторыі цяпер жо трафарэтнага выразу “Пуцін — х..ло!” Шмат месяцаў яго выкрыкваюць падчас чэмпіянату Украіны па футболе (і не толькі) тамтэйшыя фанаты. Прычым, гэты лозунг аб’ядноўвае ўсіх “тыфозі”, якія да пачатку гульні ў гэтым адзіным парыве выступалі нібы агульнаю сям’ёю. Прычым, незалежна ад таго, на захадзе ці на ўсходзе Украіны прыходзілі гульні.
А чаго іншага чакаць развязнікам вайны і спонсарам калабарантаў ды бандытаў? Прычым калі яны, гэтыя развязнікі і спонсары, самі называлі законную ўкраінскую ўладу (пасля ганебных уцёкаў Януковіча) “фашыстамі”, “хунтай”, “бандэраўцамі” і гэтак далей? Дарэчы, многія з маскавітаў не датумкалі, што для многіх украінцаў слова “бандэравец” не ёсць абразаю, а наадварот. Але з вуснаў прапагандыстаў з расейскіх тэлеканалаў ужо ўсё цяперака гучыць як апошнія мацюкі. Суцэльная відэа-вербальная парнаграфія.
Вось так. За што змагаліся, на тое і нарваліся. Адмыць імідж маскоўскім правадырам будзе вельмі цяжка, калі ўвогуле магчыма. Бо “х..ло” і ў Афрыцы “х..ло”. Незалежна ад колеру скуры ці колькасці зорак на пагонах.