Аляксандр Алесін і «шпіёнскія гульні»

Адзін з нешматлікіх у Беларусі ваенных экспертаў Аляксандр Алесін падазраецца ў шпіянажы. Адразу зазначу, што для рэальнага шпіянажу ў Алесіна не было ні падстаў, ні магчымасці. Статус незалежнага журналіста і ваеннага эксперта — не той «дах», якім увогуле можа скарыстацца шпіён, бо менавіта незалежныя журналісты знаходзяцца пад пільнай увагай органаў дзяржбяспекі. Але ваенны эксперт — якраз тая «пасада», якая можа стаць ахвярай «шпіёнскіх гульняў» паміж Беларуссю і Літвой.

alesin.jpg

Аляксандр Алесін


У якім статусе Алесін?

 

Паводле існай на сёння інфармацыі, Алесіна затрымалі тыдзень таму. Нібыта яго падазраюць у шпіянажы на карысць адной з замежных дзяржаваў. Арышт адбываўся проста ў яго дома. Тое, што гэта арышт, сумненняў ужо няма — затрыманага могуць трымаць «да высвятлення» толькі 72 гадзіны. Пасля гэтага тэрміну ён альбо адпускаецца на волю з тлумачэннямі, альбо яму надаюць статус падазраванага ў здзяйсненні крымінальнага злачынства. У гэтым статусе Алесін можа правесці 10 дзён (уключаючы і той тэрмін, які ён правёў у статусе затрыманага). Па заканчэнні гэтых 10 дзён з яго павінны альбо зняць падазрэнні, альбо прад’явіць яму абвінавачванне — і тады ён, зразумела, становіцца ўжо абвінавачаным (арт. 40 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі, каму цікава).

КДБ звыкла нічога ў сітуацыі вакол Алесіна не каментуе. Так што не выключана, што абвінавачванне яму і ўжо магло быць прад’яўлена. Але, згодна з нормамі КПК, ён ужо не можа быць у статусе затрыманага. Зараз ён альбо падазраваны, альбо абвінавачаны, што з’яўляецца заяўкай на сур’ёзнасць новай «шпіёнскай справы».

Які з Алесіна шпіён?

 

Будзем казаць шчыра — ніякі. Найперш Алесін — не прафесійны ваенны, не «былы вайсковец», і нават не мае нейкай спецыяльнай адукацыі. Ён не хаваў таго, што стаў «ваенным экспертам» незаўважна для сябе самога.

На адной з прэзентацый штогадовага аналітычнага зборніка «Беларускі штогоднік» ён тлумачыў: прыйшоў у газету «Беларускі рынак» (зараз — «Белорусы и рынок») з жаданнем пісаць на аўтамабільную тэматыку. Дарэчы, за гэтую тэматыку ён быў узнагароджаны прэміяй «Залатое пяро» у 2008 годзе. А там яму і кажуць: калі аўтамабільная тэматыка, напішы, братка, пра Мінскі завод колавых цягачоў, які робіць цяжкавікі пад расійскія стратэгічныя ракеты. Ну і, дарэчы, танкі — таксама аўтамабілі, толькі вельмі своеасаблівыя, і выглядаюць прыкольна.

Прыкладна так Алесін «уцягнуўся» ў ваенную тэматыку, а потым, незаўважна для сабе, стаў «ваенным экспертам».

Гэта я да чаго? Да таго, што наўрад ці ў Алесіна ёсць нейкія адмысловыя знаёмствы, «старыя сувязі», наўрад ці ён п’е гарэлку з генераламі і гэтак далей, каб ён мог атрымліваць нейкую інфармацыю з грыфам «сакрэтна».

Дый калі б у яго нават і была такая магчымасць, наўрад ці яму гэта было трэба. Алесін, перш за ўсё — журналіст. Ягоная справа — збіраць, правяраць, апрацоўваць і распаўсюджваць інфармацыю. А навошта яму інфармацыя з грыфам «сакрэтна», якую не спраўдзіш, і тым больш не распаўсюдзіш? Хіба што, як у мульціку «Смешарыкі», для «прыемнага адчування таямніцы»? Дык Алесін ужо даўно выйшаў за межы «мульцяшнага» ўзроўню.

«Завербавалі»?

 

Калі Алесіна завербавала нейкая таямнічая замежная спецслужба, то цікава, хто ж пайшоў на такое глупства, каб «вербануць» журналіста незалежнага СМІ ў Беларусі? Гэта ўсё роўна, што набіраць у сваю каманду смяротнікаў.

Ні для каго не сакрэт, што незалежныя журналісты ў Беларусі для шпіянажу — тыя ж смяротнікі. Кожная буйная палітычная кампанія ў краіне пачынаецца і заканчваецца рэпрэсіямі супраць прадстаўнікоў незалежных СМІ. А «буйныя палітычныя кампаніі», кшталту прэзідэнцкіх выбараў, у Беларусі праходзіць кожныя пяць год. І кожную пяцігодку журналісты праходзяць этапы «павышанага кантролю» з боку міліцыі, КДБ і іншых адпаведных установаў.

Дый што там «павышаны кантроль»! Тое, што мы лічым «звычайным шараговым кантролем» і «асаблівасцямі працы журналіста ў Беларусі», у нармальнай краіне лічылася б «абуральнымі фактамі ўціску свабоды прэсы». Цягам гэтага, яшчэ не скончанага году, «Беларуская асацыяцыя журналістаў» налічыла 13 выпадкаў узбуджэння адміністрацыйных справаў у дачыненні да журналістаў па арт. 22.9 ч. 2 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»), яшчэ трое чакаюць судоў, у дачыненні да яшчэ траіх справы спыненыя за сканчэннем тэрміну даўніны. Яшчэ пяць такіх справаў былі ўзбуджаныя ў дачыненні да распаўсюднікаў. Шэсць справаў былі ўзбуджаныя супраць журналістаў, якія асвятлялі масавыя акцыі.

30 адміністрацыйных спраў супраць журналістаў і распаўсюднікаў за год. І вы лічыце, што незалежная прэса ў Беларусі не знаходзіцца «пад каўпаком»?

Паказальна апошняе затрыманне Уладзіміра Някляева, калі ён прыйшоў на круглы стол у «Новы час», і выйшаў даць інтэрв’ю тэлевізійшчыкам. Разам з тэлевізійшчыкамі яго і затрымалі. І гэта ж міліцыянты не проста «праходзілі міма» і сустрэлі «падазроную здымачную групу». Як расказваў Уладзімір Пракопавіч, яны несліся да журналістаў, вываліўшы языкі. То бок, ведалі: хто, дзе, калі і каго будзе здымаць.

Шпіёнская дзейнасць пад выглядам незалежнага журналіста ў Беларусі проста немагчымая. А калі шпіянажам займаецца не проста журналіст, а ваенны эксперт, публічная асоба, якая ўтрая навідавоку і, адпаведна, прыцягвае ўтрая больш увагі адпаведных органаў… Не, вербаваць такога чалавека — гэта зусім мазгоў не мець.

«Шпіёнскія гульні»

 

Адзінае, што прыходзіць на думку ў сувязі з арыштам Аляксандра Алесіна, дык тое, што ён апынуўся закладнікам «шпіёнскіх гульняў», у якія ўціхую паміжсобку гуляюць Беларусь і Літва.

Нагадаем, што літоўскія спецслужбы за апошнія месяцы ўзмацнілі барацьбу супраць «беларускіх шпіёнаў». За шпіянаж на карысць сінявокай затрымана мінімум тры чалавекі. Пра «якасць» «нашых шпегаў у Літве» мы памаўчым: гэта, напрыклад, электрык аэрапорту ці санітарны інструктар Узброеных сілаў Літвы… Карацей, такія ж «шпіёны», як і ў нас «літоўскія».

Ці, напрыклад, цмяная справа начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Дзмітрыя Канапляніка: спачатку яго затрымалі на літоўскай мяжы з баявымі патронамі да пісталета ў машыне, а потым без наступстваў адпусцілі ў Беларусь.

Зразумела, за што змагаецца Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: літоўскія ўрадоўцы думаюць, ці павялічыць яму фінансаванне. Зараз на дзейнасць ДГБ выдзяляюцца смешныя грошы — 400 тысяч літаў (каля 120 тысяч еўра). Урад Літвы, у сваю чаргу, абмяркоўвае, ці павялічыць гэтае фінансаванне амаль утрая — на 330 тысяч еўра. За «патроенасць» фінансавання і змагаецца ДДБ, адлоўліваючы «беларускіх шпіёнаў».

Але такія дзеянні, зразумела, не могуць застацца без адказу беларускага боку. Вільня, у сваю чаргу, ператварылася ў «Мекку» беларускіх апазіцыйных партыяў і няўрадавых структураў — там без праблемаў можна правесці канферэнцыі і сходы як палітычнай, так і экспертнай супольнасці. Зразумела ж, на гэтыя канферэнцыі рэгулярна запрашаўся і час ад часу выязджаў і ваенны эксперт Аляксандр Алесін. Ну чым не кандыдат на «літоўскага шпіёна»?

Прынамсі, ён у Літве ў апошнія гады бываў, а не тое, як адзін з «беларускіх шпіёнаў» у Літве, за 10 год ані разу не адведаў сваю «шпіёнскую Радзіму».

У такіх «асіметрычных адказаў Чэмберлену» няма нічога дзіўнага. Нагадаем, што фігурант «справы плюшавага дэсанту» Антон Сурапін, які некалькі месяцаў правёў у СІЗА КДБ, абвінавачваўся ў «садзейнічанні незаконнаму перасячэнню мяжы», хаця Сурапін быў на зямлі, ніякую мяжу не перасякаў, а мішкі падалі са шведскага самалёта ў паветры. «Шпіён» Андрэй Гайдукоў быў асуджаны, але, у выніку «без прыкметаў здрады Радзіме». Ксёндз Уладзіслаў Лазар таксама амаль паўгады правёў у «амерыканцы» нібыта за «шпіянаж», — ізноў ніякага выніку і працягу справа не мела.

Можна меркаваць, што арышт Алесіна — з той жа оперы: разабрацца, хто вінаваты ў правале «беларускай агентуры» ў Літве і арыштаваць, каго папала.

Ці ёсць што «секчы»?

 

Другі вайсковы аглядальнік, Андрэй Паротнікаў мяркуе, што «можна было б пабачыць чыёсьці жаданне выслужыцца і «ссекчы палку» ў канцы года, раскрыўшы справу аб шпіянажы ў разліку на новыя пасады, вялікія зоркі і пашану. Але з улікам статусу Алесіна як публічнай персоны, відавочна, што рашэнне на затрыманне ўзгаднялася на вельмі высокім узроўні. Як мінімум намесніка старшыні КДБ. А людзям такога ўзроўню нічога «секчы» ўжо не трэба. У іх ёсць і зоркі вялікія, і пасады высокія».

У выпадку «шпіёнскіх гульняў» менавіта «статус Алесіна як публічнай персоны», статус ваеннага эксперта і мог паўплываць на выбар, каго «закрыць» у турме КДБ. Альбо гэта будзе чарговы слесар з «Нафтану», як Гайдукоў, альбо чалавек, які хаця б уяўна мог нешта «шпіёніць». Выбар быў зроблены на карысць апошняга. Не здзіўлюся нават, калі выбіралі паміж Алесіным і вышэйзгаданым Паротнікавым.

Зараз мы чакаем, што паведаміць з гэтай нагоды КДБ. Трэба паведаміць, у якой краіне ў спецслужбах сядзяць ідыёты, ці ёсць тут сувязь з Літвой і аб чым «шпіёніў» ваенны эксперт. А лепей, канешне, выбачыцца за памылку і адпусціць Алесіна. Усё роўна, наўрад ці гэты «шпіянаж» скончыцца крымінальнай справай.