ЕС забараніў Беларусі правозіць грузы нават транзітам

Сёння, 8 красавіка, Еўрасаюз увёў новыя санкцыі супраць Расіі і Беларусі.

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__1_.jpg

Еўрапейская Рада ўхваліла пяты пакет эканамічных санкцый у дачыненні да Расіі з-за нападу на Украіну. Закранулі новыя санкцыі і Беларусь як саюзніка РФ.

Новыя санкцыі былі прынятыя пасля зверстваў, якія ўчынілі расійскія вайскоўцы ў Бучы і іншых акупаваных Расіяй месцах.

Кіраўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Жазеп Барэль заявіў, што мэта новых санкцый — “спыніць вар'яцкія, бесчалавечныя і агрэсіўныя паводзіны расійскіх войскаў і даць зразумець асобам, якія прымаюць рашэнні ў Крамлі, што іх незаконная агрэсія каштуе дорага”.

Сярод новых санкцый забарона на дзейнасць любых аўтатранспартных прадпрыемстваў Беларусі і Расіі. Ім забараняецца перавозіць грузы па тэрыторыі ЕС, у тым ліку транзітам. Выключэнні-фармацэўтычныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя і харчовыя прадукты, уключаючы пшаніцу, гуманітарныя грузы.

Паўстала таксама забарона любога фінансавання для расійскіх дзяржорганаў. Былі пашыраныя забароны на дэпазіты ў крыпта-кашальках і на продаж банкнот і перавадных каштоўных папер, намінаваных у любой валюце краін ЕС, у Расію і Беларусь, любой фізічнай або юрыдычнай асобе ў Расіі і Беларусі. Гэтыя меры закліканы закрыць шчыліны для абыходу санкцый.

Акрамя таго, Еўрасаюз уключыў у санкцыйны спіс новыя кампаніі, чыя прадукцыя або тэхналогіі адыгралі ролю ў расійскім уварванні. Новыя санкцыі закранулі таксама шэраг ключавых расійскіх бізнесменаў, чыноўнікаў Крамля, прапагандыстаў, а таксама чальцоў сем'яў тых, хто трапіў пад санкцыі раней.