Арыштаваную супер'яхту расійскага алігарха пад санкцыямі прададуць. Гэта першае такое рашэнне
Арыштаваную супер'яхту расійскага магната Пумпянскага, які трапіў пад санкцыі, прададуць з аўкцыёна.

Яхта Пумпянскага
Супер'яхту Axioma заснавальніка расійскай сталеліцейнай кампаніі ТМК Дзмітрыя Пумпянскага выставяць на продаж — такое рашэнне Гібралтарскага суда. А грошы дастануцца амерыканскаму банку.
Пасля расійскага ўварвання ва Украіну Захад увёў санкцыі супраць залежных ад Уладзіміра Пуціна расійскіх мільярдэраў і чыноўнікаў. Некалькі звязаных з імі супер'яхт былі арыштаваныя, аднак ніводная дагэтуль яшчэ не выстаўлялася на аўкцыён.
Рынкавы кошт 72,5-метровай Axioma ацэньваецца ў 75 мільёнаў долараў, аднак, хутчэй за ўсё, яе прададуць танней. Пад аўкцыён адведзены ўсяго адзін дзень — бліжэйшы аўторак, а ініцыятара продажу — амерыканскі банк JP Morgan — задаволіць сума і ўтрая меншая.
JP Morgan пераканаў суд Гібралтара прадаць яхту, каб пагасіць запазычанасць Пумпянскага перад банкам на 20 мільёнаў долараў.
Axioma была пабудавана ў 2013 годзе і першапачаткова насіла імя Red Square. Пумпянскі здаваў яхту ў арэнду ўсім ахвочым за 549 тысяч еўра ў тыдзень.
Пумпянскі трапіў пад санкцыі ЕС, Брытаніі і ЗША. Ён тут жа выйшаў з бенефіцыяраў і пакінуў савет дырэктараў трубавай металургічнай кампаніі (ТМК). Аналагічна паступілі многія расійскія мільярдэры.

Актывісты заклікаюць улады краін, якія арыштавалі яхты, прадаць іх, а грошы аддаць на ўтрыманне мільёнаў украінскіх уцекачоў, уцекачоў ад расійскіх бамбёжак і акупацыі. Да таго ж утрыманне кожнай арыштаванай яхты абыходзіцца ў сотні тысяч еўра, і гэтыя рахункі цяпер аплачваюць не падсанкцыйныя ўладальнікі, а заходнія падаткаплацельшчыкі.