Беларусь, якая чакае: Любімае Пятровіцкае вадасховішча

У межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае» мы выпраўляемся на прыроду, і сёння наноў адкрываем для вас адно са шматлікіх вадасховішчаў нашай краіны. Вы яго дакладна ведаеце, а калі не, то самы час пазнаёміцца. Пятровічы!

_belarus_pjatroviczy_rybaki_zima_2023_fota_ncz__1__logo.jpg

На пачатку нашых вандровак у гэтым годзе мы ўжо неяк згадвалі яго. Гэта побач з Сокалам. Але ж будзе памылкай лічыць гэты вадаём досыць сціплым. Па «кароткім» беразе больш за 6 кіламетраў... І гэта без уліку падыходаў да вады, якія тут бываюць досыць складанымі. Але гэтыя складанасці турбуюць хіба рыбакоў, якія шаманяць з фідэрамі, падбіраюць адмысловыя кармушкі ці вядзьмараць з «гумкамі», «блешнямі» са спінінгам улетку.

 Не трэба лічыць, што Пятровічы — рай для рыбакоў. Рыбалка тут вельмі складаная і, як кажуць дасведчаныя людзі, досыць «працоўная». Рыбы шмат, але ж яна ўжо вельмі пераборлівая. Можна прасядзець некалькі гадзін, і ні адна верхаводка не возьмецца, а сусед за некалькіх метраў побач будзе цягаць тых жа падлешчыкаў аднаго за адным. Ёсць тут шчупакі, судакі, ліні, карасі. Амаль штогод некалькі разоў у Пятровічах праходзяць розныя спаборніцтвы сярод аматараў рыбалкі рознага ўзроўню. Перад пачаткам спаборніцтваў вычысціць берагі ад смецця — ужо традыцыя. 


Летнімі выходнымі на беразе літаральна няма дзе яблыку ўпасці — некаторыя прыязджаюць сюды ажно ў чацвер. На другі бераг трапіць больш складана, таму там людзей менш, але ж амаль кожны падыход да вады будзе заняты. Некаторыя аматары нават канапы туды прывозяць! Апошнімі гадамі стала значна менш смецця, і гэта досыць натхняе. З ранняй вясны да глыбокай восені тут можна пабачыць шмат розных птушак — белыя і шэрыя чаплі, лебедзі, качкі самых розных відаў, буслы і г.д.


Лясы, якія падступаюць амаль да самой вады, багатыя на грыбы. Тут шмат лісічак, апенек, баравікоў і маслякоў. На жаль, мясцовы лес шмат пацярпеў падчас моцнага ўрагану ў ліпені 2016 года. Ягоныя наступствы бачны дагэтуль. Шмат грыбнікоў вымушаны былі шукаць новыя «свае» месцы, бо былыя знаёмыя паляны адшукаць ужо немагчыма. Дарэчы, шмат грыбнога лесу было знішчана падчас будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі Камень». Так, ён таксама зусім побач з Пятровіцкім вадасховішчам. 

 
Памылкай будзе лічыць, што на Пятровіцкім вадасховішчы добра адпачываць толькі ў цёплыя месяцы. Зімовым сонечным днём вельмі добра шпацыраваць па заснежаных берагах з тэрмасам гарачай гарбаты! Ды ў любы дзень тут можна даволі добра правесці вольны час — было б жаданне. Завітвайце! 


Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.