«Білі па галаве гумовымі палкамі, а ў аўтазаку страціў прытомнасць»
Сёння Яўген Заічкін ад сяброў і блізкіх даведаўся: у інтэрнэце яго сям'і ўжо выказваюць спачуванні, а яго называюць першай ахвярай мітынгу. Як распавядае tut.by Яўген, ён сапраўды пацярпеў учора, быў дастаўлены ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, а цяпер ужо дома. Яму наклалі чатыры швы на губу і дыягнаставалі ЧМТ.
— Калі пачалося затрыманне, мы ішлі ў бок Стэлы, — распавядае Яўген Заічкін і пералічвае, што побач з ім у той момант быў родны брат і два сябра. — Раптам з'явіўся АМАП і пачаў з прымяненнем гумовых дручкоў затрымліваць людзей. Удары наносілі па ўсім целе, білі па галаве, так мне разбілі твар, а пасля пагрузілі ў аўтазак.
Па словах 35-гадовага Яўгена, ён упершыню выйшаў на такі мітынг. Хлопец апошнія чатыры месяцы жыве ў Мінску, да гэтага працаваў у Літве і Польшчы.
Фота, на якім Заічкін акрываўлены ляжыць на траве, абляцела СМІ. Яўген мяркуе: яго сфатаграфавалі, калі з аўтазака пераносілі ў машыну хуткай дапамогі.
— У аўтазаку страціў прытомнасць, мяне вырашылі перадаць медыкам. Што было далей, памятаю цьмяна, — працягвае распавядаць Яўген.
З яго кампаніі таксама быў затрыманы родны брат, хлопцы трапілі ў адзін аўтазак, але дзе ён цяпер, Жэня не ведае. Пасля дзвюх гадзін ночы тэлефон быў паза зонай доступу. Яўген сцвярджае: пры затрыманні непадпарадкаванне не аказваў.
— Я стаў на калені і ўзняў рукі, — узгадвае Яўген Заічкін.
Ён быў дастаўлены ў БХМД ў хірургічнае аддзяленне.
— Адразу думалі, што пералом шыі, зрабілі некалькі працэдур, укалолі лекі. Дыягназ — ЧМТ, на губу наклалі чатыры швы, у мяне шмат слядоў ад дручка па ўсім целе.
— Будзеце пісаць заяву аб прыцягненні супрацоўнікаў міліцыі да адказнасці?
— Не буду. Думаю, гэта павернецца супраць мяне, усё роўна не змагу нічога даказаць.
Яўген Заічкін ужо дома, ён папрасіў дактароў яго выпісаць.