Дзяніс Урбановіч: Вызваліцца Украіна — вызваліцца і Беларусь

Старшыня Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч перакананы, што калі Украіна не здолее абараніцца ад расійскай агрэсіі, то без незалежнай Украіны не будзе існаваць і Беларусі.

dzjanis_urbanovicz_logo.jpg

Вызваліцца Украіна — вызваліцца і Беларусь. У гэтым упэўненыя добраахвотнікі батальёна Кастуся Каліноўскага. Батальён папаўняецца пастаянна тымі беларусамі, якія гэта добра разумеюць. Пра гэта кажа старшыня Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч радыё «Рацыя»:

— 99 адсоткаў — гэта беларусы, якія разумеюць, што калі не абаронім Украіну, то без Украіны не будзе існаваць і Беларусь. Той, хто гэта разумее, той знаходзіцца з намі. Тыя беларусы, якія супраць, і з’язджаюць, і прыходзяць сюды ваяваць, яны яшчэ раз пацвярджаюць для ўкраінцаў: вось, глядзіце, мы не тыя, хто супраць вас, мы з вамі! Расія – наш вораг таксама, Расія знішчала беларусаў, Расія ўдзельнічала ў 2020 годзе пры разгоне беларусаў. Я асабіста сутыкнуўся з маскоўскім амапаўскім падраздзяленнем.

Беларускі добраахвотны батальён Кастуся Каліноўскага быў арганізаваны ў сакавіку 2022 года для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Батальён сфармаваны з «Тактычнай групы Беларусь», удзельнікаў арганізацыі «Белы легіён», прадстаўнікоў руху «Малады фронт» і беларусаў, якія эмігравалі ва Украіну, Літву і Польшчу.