«На Акрэсціна нас паставілі на калені, галавой да зямлі. Вось там больш за ўсё білі»

Стаса Дзядова затрымалі 11 жніўня ў Мінску, каля парку Дружбы народаў. Сілавікі вылілі на яго белую фарбу, тым самым "пазначыўшы" яго. Стас распавёў "Вясне" пра тое, як усё адбывалася і што яму давялося перажыць.

Вось так выглядае спіна Стаса Дзядова

Вось так выглядае спіна Стаса Дзядова


Мы ішлі з сяброўкай ўздоўж вуліцы Арлоўскай і размаўлялі. Па дарозе нас абагналі два буса з зацемненым вокнамі. Выйшаў адзін супрацоўнік у зялёнай форме. Мы спыталі ў яго, наколькі небяспечна ісці наперад далей. Ён сказаў нам ісці назад. Мы сабраліся сыходзіць назад, але з буса выйшла яшчэ некалькі супрацоўнікаў, адзін з іх быў са стрэльбай. Яны падышлі да нас, пачалі патрабаваць, каб мы разблакавалі тэлефоны і паказалі відэа і фота, якія ёсць у нашай галерэі. У маёй сяброўкі на тэлефоне знайшлі відэа з акцыі папярэдняга дня. Пасля гэтага нас пасадзілі ў бус. Тады яны ўбачылі ў мяне на руцэ белую стужачку. Здаецца, пасля гэтага быў першы ўдар.
Калі мы праязджалі раён ГЦ "Рыгі" , у наш бус трапіла белая фарба. Супрацоўнікі вельмі моцна раззлаваліся. Той, што быў з стрэльбай, папрасіў адкрыць фортку пастраляць. Я не памятаю дакладна, страляў ён ці не.
Мяне папрасілі легчы на падлогу. За спіной мае рукі зацягнулі ў зацяжку (магчыма, пластыкавы хамут) — у мяне застаўся след на руках ад яе.
У такім становішчы я праляжаў хвілін 20. Перыядычна на мяне наступалі. Заўважылі на мне бел-чырвона-белы рэмень. Яго, здаецца, зрэзалі. Пасля нас перавялі з буса ў аўтазак. Што было далей з сяброўкай, я не ведаю.
У аўтазаку ўжо ляжаў адзін чалавек. Мяне паклалі побач з ім, па шляху трохі білі дубінкамі. Потым мяне адтуль вывелі, узялі бутэльку з белай фарбай і вылілі мне на галаву. Мяне ўзялі за валасы і выцерлі маёй галавой фарбу на бусе. Пасля чаго адправілі ў іншы аўтазак, у якім ужо ляжала досыць шмат людзей — яны ляжалі плазам, адзін на адным. Я ляжаў знізу.

stas_dziadou3.jpg


Я не ведаю, дзе лепш было ляжаць, зверху ці знізу. Паколькі зверху білі дубінкамі, а знізу проста няма чым было дыхаць.
Я не ў курсе, ці вылівалі фарбу на кагосьці яшчэ. Але мне казалі пра нейкага напарніка, з якім я нібыта кідаў фарбу. Аднак да фарбы я не меў ніякага дачынення. Мабыць, мяне з кімсьці пераблыталі.
Было яшчэ як мінімум дзве перасадкі паміж аўтазакамі. На перасадках нас білі. Мяне супрацоўнікі АМАПу даведваліся па белай фарбе на валасах —гэта была як пазнака: трэба з гэтым чалавекам абыходзіцца больш жорстка. Яны самі адкрыта казалі — вось яго "пазначылі".
 
На адной з перасадак адзін з супрацоўнікаў сказаў: "вось гэтага не біце, хай паўзе". І я поўз на каленях шлях ад аўтазака да бусу. Пад канец таксама пабілі дубінкамі.
Нас адвезлі на Акрэсціна (у РУУС мы не заязджалі). Да гэтага, яшчэ ў аўтазаку, у нас забралі тэлефоны — ніякай вопісу пры гэтым не праводзілі.
На Акрэсціна нас усіх паставілі на калені каля плота, галавой да зямлі. Вось там больш за ўсё білі. Часта звярталі ўвагу на тое, што ў мяне фарба — для іх гэта была лішняя нагода мяне пабіць. Білі ў асноўным па нагах і па спіне, і вельмі шмат па ягадзіцах. У асноўным дубінкамі, часам прылятала нагамі і кулаком.

stas_dziadou2.jpg


У ЦІПе пратаколы (аб адміністрацыйным правапарушэнні) складаліся такім чынам: выводзілі ў калідор па некалькі чалавек. Задавалі літаральна пару пытанняў: прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння і месца і час, калі затрымалі. Я бачыў шапку пратакола, а ўсё, што ніжэй за яе, засталося пустым. Пратакол мне не прапаноўвалі падпісваць. Я не ведаю, куды далей пайшла гэтая паперка. Пасля мяне адправілі ў камеру. Яна разлічаная на 4 чалавекі, але нас было 28.
Па начах былі чутныя крыкі з вуліцы. У ноч 12 на 13 жніўня мы чулі, як людзей прымушалі спяваць гімн Рэспублікі Беларусь. Нас жа з камеры не выводзілі.
Калі нас вызвалялі, нам далі падпісяць папярэджанне (аб няўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Асабістыя рэчы ж забраць не далі.
Выпусцілі мяне 14 жніўня прыкладна ў 6 раніцы.

На валасах Стаса Дзядова — рэшткі фарбы на валасах, якую вылілі сілавікі

На валасах Стаса Дзядова — рэшткі фарбы на валасах, якую вылілі сілавікі

spring96.org