«Палічылі заканчэнне тэрміну, вызваліць павінны аж 1 лютага 2038 года»

Сястра палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага распавяла пра першыя месяцы брата ў калоніі.

dubouski5.jpg

«Чаргу да зубнога некаторыя чакаюць да 6 месяцаў»

У сярэдзіне траўня палітвязня-анархіста Дзмітрыя Дубоўскага, асуджанага да 18 гадоў калоніі, перавялі ў ПК-3 («ВіцьбаГ»). Перад гэтым Дзмітрый правёў у розных СІЗА 15 цяжкіх месяцаў.
Напярэдадні Дня народзінаў вязня, які ён адзначыць 29 ліпеня, яго сястра Юлія Дубоўская распавяла «Новаму Часу», як праходзіць жыццё брата ў калоніі.
— Мы вельмі чакалі этапу з надзеяй, што будзе крыху лягчэй. У Дзімы пагоршылася здароўе, ці будзе аказана яму паўнавартаснае лячэнне ў калоніі — пакуль не вядома: як выказаўся брат, каб патрапіць да лекара, трэба прайсці сапраўдны квэст. Напрыклад, чаргу да зубнога некаторыя зняволеныя чакаюць да 6 месяцаў.
Сам этап з віцебскага СІЗА заняў каля 30 хвілін. Брат называў часта ў сваіх лістах турмой гэта СІЗА, якое запомніцца яму асабліва надоўга.


Падрабязнасцяў я не ведаю, але можна толькі здагадвацца, праз што яму там прыйшлося прайсці. Упершыню на 20 дзён у карцар яго пасадзілі менавіта там. У Дзімы праблемы з вачыма, і ў той час яны ў яго вельмі балелі. Прычынай змяшчэння ў ШІЗА стала тое, што ён заплюшчыў вочы, а нехта вырашыў, што ён спаў… Там жа ён аб'яўляў сваю першую галадоўку. У мяне было спатканне з ім пасля апеляцыйнага суда. Адной рукой быў прыкаваны кайданкамі да кратаў. У Віцебску яго паставілі на разнастайныя ўлікі...

Стаў размаўляць па-беларуску, радуецца небу і дрэвам

Цяпер, па словах Юліі, брат трымаецца добра, наколькі гэта магчыма ў тых умовах. Спадзяецца на перамены і кожны раз чакае падбадзёрвальных навін — без дадатковых інфармацыйных крыніц яму складана разумець, што адбываецца на волі.
— Апошні званок быў 4 тыдні таму ад яго. Стаў размаўляць на беларускай мове. Нязвыкла было пачуць, але вельмі ганаруся ім! Бо гэта таксама выклік, асабліва там... Думаю, хутка і лісты будзе пісаць на роднай мове.Вельмі парадаваў яго першы ліст з новага месца. Хоць на хвілінку стала лягчэй ад думкі, што ён атрымаў новыя эмоцыі проста ад убачанага неба над галавой. Вось радкі з яго ліста аб першых уражаннях і знаходжання ў каранціне:
«Ужо не стану спыняцца на апісанні пераважных пачуццяў і эмоцый ад убачанага вакол — маю на ўвазе дрэвы ў лістоце, зялёную траву, неба, птушак і да т.п. Гэта проста не перадаць на словах. Адным словам, радуюся і атрымліваю асалоду ад элементаў прыроды, хоць і частковых, але ўсё ж гэта вельмі значна для мяне пасля каменных мяшкоў у турмах.
Дарэчы, этап прайшоў цалкам сабе нармальна, даехалі хутка і нават нягледзячы на ​​кайданкі на руках, асаблівага дыскамфорту не адчуў...
Да ўсяго іншага, выдалі яшчэ "казённае" адзенне, якое трэба будзе пакрыць... Але я пакуль не асоба разумею, як гэта будзе рэалізоўвацца на практыцы...
Таксама канфіскавалі ўсе медыкаменты і аддалі ў мед.частку. Таблеткі і іншыя лекі даюць на рукі толькі па загадзе лекараў. Дарэчы, пра медыцыну. Нас тут з першых дзён звадзілі на невялікае абследаванне, узялі шэраг аналізаў. Я акрэсліў лекарам свае хваробы, у прыватнасці, пра сваё вока, зубы і ныркі. Здаецца, павінны будуць надаць гэтаму ўвагу і прызначыць лячэнне. Дарэчы, мне ўжо прапісалі прапіць тыднёвы курс антыбіётыкаў, зноў нешта там з ныркамі ў мяне па аналізах паказала нядобрае.
Прапанавалі вакцынавацца кітайскай вакцынай Vero Cell, ну я па-ранейшаму не планую і не жадаю вакцынавацца.
Адзначу, што выдалі з адзення тут па месцы:
• два працоўныя (у прынцыпе яны ж і паўсядзённыя) баваўняныя гарнітуры • адна кашуля• дзве пары шкарпэтак• трусы, адна пара• кепка• чаравікі са шнуркамі
Гарнітуры велізарнага памеру, прыходзіцца падпярэзвацца кавалкамі тканіны. Ведаю, што можна выкарыстоўваць рамяні, так што май на ўвазе, патрэбен будзе рамень. Наогул, выглядаю ў гэтай форме, нібы зомбі».


Таксама Дзмітрый пісаў пра асаблівасці каранціна ў калоніі. Напрыклад, нельга чытаць кнігі і часопісы, гуляць у настольныя гульні. Але ёсць магчымасць часцей выходзіць на вуліцу — у дворык каранціннага ўчастка. У адрозненні ад СІЗА, вязні спяць з выключаным святлом.

«Сілаў у мяне паменшала»

Пазней Дзмітрый Дубоўскі даслаў сястры ліст пасля пераводу ў атрад.
«…У гэты дзень закінуў канверт у паштовую скрыню. Так-так, у паштовую скрыню: тут, у адрозненні ад СІЗА, ёсць такая магчымасць, амаль як на волі — прагуляцца да паштовай скрыні і ўкінуць канверт».
На новым месцы Дзмітрый пакуль не атрымліваў ні ад каго ніякай карэспандэнцыі, апроч сястры. Вязень выказвае здагадку, што перапіска ў яго будзе абмежаванай.
«Наведаў ужо двойчы мясцовую бібліятэку. Самае цікавае ў гэтым мерапрыемстве тое, што можна самому пахадзіць па памяшканні бібліятэкі і пашукаць на стэлажах цікавыя кнігі. Не магу сказаць, што сама бібліятэка і калекцыя кніг тут шырокая, тым не менш, заўсёды знойдзецца, што пачытаць, нават ёсць часопісы.
На днях дачытаў чарговы раман Рэмарка «Жыццё ў пазыку». Сёння таксама хадзіў у бібліятэку, узяў дадаткова да наяўных у мяне кніг «Паляпшэнне зроку без акуляраў па метадзе Бейтса», буду вывучаць яе раўналежна чытанай цяпер «Французскай рэвалюцыяй».
Пакуль сяджу без прэсы і свежых (актуальных) навін. Хоць, можа, гэта нават і добра. Тэлевізар таксама няма жадання глядзець, бо тут хапае, чым заняцца».
У калоніі Дзмітрый Дубоўскі трапіў у атрад, які задзейнічаны на дрэваапрацоўцы. Вязень адзначае, што гэта не самая складаная праца, але і не самая лепшая. Ён працуе ў якасці падсобніка пазменна (адзін тыдзень у першую, другі ў другую змену).
«Яшчэ, вось, наведваю стадыён! Кожны дзень па раскладзе можна выходзіць на гадзіну і пазаймацца спортам, пагуляць у футбол, валейбол, настольны тэніс і да т.п. Я стараюся крыху бегаць, пасля чаго адціскаюся, падцягваюся і г.д. Вядома, сілаў у мяне паменшала. Спадзяюся, паступова адужэю.
Гуляў пару разоў у футбол, праўда, разумею, што яшчэ не зусім гатовы да такіх нагрузак…
…Палічылі мне заканчэнне тэрміну, атрымліваецца, што вызваліць павінны будуць аж 01.02.2038!!! Гучыць вельмі фантастычна, нават, можна сказаць, утапічна! Тым не менш, веру, што ўсё скончыцца нашмат раней і шчасна для ўсіх нас, гэтым сябе і супакойваю».

«Аднойчы гэты адрэзак жыцця зменіцца на іншы»

У лістах да сястры Дзмітрый выказваў думку пра магчымыя спагнанні і абмежаванні ў калоніі. Неўзабаве так і адбылося: палітвязня пазбавілі доўгатэрміновага спаткання, якое павінна было быць прадастаўлена ў жніўні. Але напрыканцы чэрвеня Дзмітрыя чакаў нават прыемны сюрпрыз.
«З Віцебскага СІЗА даслалі два нумары маіх часопісаў “Планета» за травень і чэрвень, а таксама 8 нумароў газеты “Вiцьбiчы», якія я не паспеў атрымаць, бо быў этапаваны сюды. Зрэшты, што тут можна сказаць: дробязь, але прыемна. Адзіны, хто там працаваў, так бы мовіць, гэта быў бібліятэкар!»


Агулам Дзмітрый імкнецца прымірыцца з сітуацыяй, але прызнаецца: усведамленне таго, што на волі ён мог бы зрабіць значна больш і больш эфектыўна размяркоўваць час, яго закранае.
«Ну ды добра, як-небудзь выграбем, аднойчы гэты адрэзак жыцця зменіцца на іншы, вольны і шчаслівы шлях…»
Паколькі лісты Дзмітрыю Дубоўскаму даходзяць толькі ад родных, вы можаце перадаць віншаванні для яго праз сястру Юлію, напісаўшы ёй у Фэйсбуку.