«Прыпячатала гранатай да аўтобуса». Як сябе адчувае кіроўца, якога параніла на «Пушкінскай»

Павел Сібілеў — той самы кіроўца аўтобуса, якога параніла недалёка ад станцыі метро «Пушкінская» познім вечарам 10 жніўня. Сілавікі тады жорстка душылі пратэсты, выкарыстоўваючы светлашумавыя гранаты і гумовыя кулі. TUT.BY наведаў яго ў вайсковым шпіталі ў Мінску.

voditel_pavel_ranenie_20200708_bur_tutby_phsl_9709_2.jpg

Увечары 10 жніўня 48-гадовы Павел Сібілеў працаваў на аўтобусе № 163 (Сухарава — Варанянскага).
— Звычайны маршрут, ніхто не меркаваў, што такое можа здарыцца, — распавядае мужчына.
З той ночы ён ужо перажыў некалькі аперацый з-за сур'ёзнай раны на спіне.
— Калі мяне сюды прывезлі, крычаў цэлую ноч, і дзень. Болі былі пякельныя. Спачатку ляжаў у рэанімацыі, а з нядзелі (16 жніўня) сюды перавялі, у агульную палату. Дакладнага дыягназу мне не казалі. Ведаю толькі, што відаць былі органы, але яны цэлыя, Бог мілаваў. Было ўжо некалькі аперацый, а сёння (21 жніўня. — Заўвага. TUT.BY) другі дзень, як перасадзілі скуру на спіну — са сцягна. Не адчуваю трох пальцаў на левай руцэ, хоць рука працуе, згінаю. У яе таксама нешта патрапіла — кулі, ці што. Лекары кажуць, адыдзе.


Павел Сібілеў збіраецца з сіламі, каб сказаць кожную новую фразу. Але тлумачыць, што адчувае сябе «значна лепш, чым бывала».
Успамінае, якім быў маршрут, які скончыўся трагічна.
— Я выехаў з Сухарава, праца ўжо падыходзіла да канца, заставалася паўтара круга. Але хутка пасля адпраўлення пачаліся заторы. Секунд шэсць — сем едзеш, а потым зноў стаіш. Паміж прыпынкамі каля метро «Спартыўная» і «Пушкінская» ёсць яшчэ адзін («вуліца Данілы Сердзіча». — Заўвага. TUT.BY) — там, напэўна, гадзіну стаяў.
Аўтобус Паўла Сібілева быў не адзіным, што заселі на маршруце ў той вечар.
 Мы з узвышэння бачылі, што ўнізе, на «Пушкінскай», выбухі, воплескі, дымавая заслона, стральба. Самі вельмі доўга стаялі ў заторы, таму пасажыры выйшлі з салона, амаль усе. У маім аўтобусе толькі адна жанчына засталася сядзець — ёй далёка трэба было ехаць, таму чакала. Але былі і, наадварот, такія людзі, якія ўваходзілі ў адчыненыя дзверы аўтобуса і абураліся: «Вязіце!». А куды мне ехаць? Машыны пасунуць?

voditel_pavel_ranenie_20200708_bur_tutby_phsl_9698.jpg

Кіроўца памятае, што выходзіў на вуліцу пагаварыць з калегам — тралейбуснікам. Калі параніла, ужо, лічы, вярнуўся ў свой аўтобус.
— Я стаў ўваходзіць у дзверы, заставалася толькі нагу узняць на прыступку — і мяне проста прыпячатала гранатай да аўтобуса. А потым яшчэ зверху кулямі ... Гарэла кашуля, скура на спіне выбухнула і гарэла. Мяне як быццам паралізавала. Памятаю, што людзі тушылі, дапамагалі мне, выклікалі хуткую. Крычалі адно аднаму, каб не было гармідару — баяліся, што сілавікі пачнуць страляць у натоўп людзей.

Паранены кіроўца. Фота: чытач tut.by

Паранены кіроўца. Фота: чытач tut.by

У хуткай дапамозе Павел прадыктаваў медыкам нумар тэлефона жонкі — ёй паведамілі пра стан мужа. Пакуль сядзім у палаце, жонка як раз тэлефануе. Сібілеў падымае слухаўку, чуе нейкі жарт, хоча пасмяяцца ў адказ, але не можа. Тлумачыць: балюча.
Пасля ранення ў палату да кіроўцы аўтобуса прыходзіў следчы, распытваў аб тым, што адбылося.
 Я не разумею, на якой падставе пачалі страляць. Людзі выказвалі сваю незадаволенасць, але яны проста хадзілі, смяяліся, ехалі матацыклісты — свісталі. Але абсалютна ніякай сілы супраць іх не трэба было ўжываць. Пастаялі б, пасігналілі і раз'ехаліся, хай і да раніцы. Навошта прымяняць гвалт? — дзівіцца Павел.

voditel_pavel_ranenie_20200708_bur_tutby_phsl_9729.jpg


У Сібілева трое дзяцей — «тры пацана», ім 26, 9 і 6 гадоў. Сям'я з Маладзечна, але мужчына падчас працы жыў у адным са сталічных інтэрнатаў. Валанцёры ўжо дапамаглі знайсці кватэру ў Мінску для яго сям'і, каб яна была бліжэй падчас аднаўлення.
Пра выбары ў Беларусі Павел не разважае, паколькі сам не галасаваў.
— Мяне не запрашаюць на выбары, я ў Беларусі з 1993 года, з відам на жыхарства. Сам родам з Крыма, спачатку там была Украіна, а цяпер — Расія.
Зараз Павал марыць хутчэй аднавіцца. Ежы хапае, але амаль нічога не лезе — хочацца толькі шакаладу і марожанага.

voditel_pavel_ranenie_20200708_bur_tutby_phsl_9733_2.jpg


— Яшчэ чаго хачу? Можа, будзе гучаць неяк ... — на вачах у Паўла з'яўляюцца слёзы. — Зараз я хацеў бы гучную музыку і танцы, танцы, танцы.
— Другі дзень нараджэння будзеце адзначаць?
— Адзначу, вядома. Я піць не буду, таму што наогул не п'ю, але іншым налью. Сам буду танцаваць.
Мужчына спадзяецца, што ў бліжэйшыя дні зможа ўстаць на ногі, паколькі яшчэ ні разу не падымаўся з шпітальнага ложка.
Калі вы хочаце дапамагчы пацярпеламу Паўлу Сібілеву, вось дадзеныя:
Сібілева Вольга Рыгораўна
Нумар рахунку ў Беларусбанку (IBAN): BY28AKBB30140004271520070000
БІК: AKBBBY2X
tut.by