«Прыстасавацца можна да ўсяго, акрамя беззаконня, што адбываецца ў краіне»

Алесю Шаўчэнка затрымалі 12 верасня на чарговым жаночым маршы. Дзяўчыне прысудзілі 11 сутак, якія яна правяла на Акрэсціна і ў Жодзіна, а таксама выпісалі афіцыйнае папярэджанне, у якім пагражаюць крымінальнай справай. Сваімі ўражаннямі Алеся падзялілася з «Новым Часам».

Фота прадастаўлена гераіняй публікацыі

Фота прадастаўлена гераіняй публікацыі

— Збор павінен быў адбыцца ў 15.00 на плошчы Свабоды (мы потым смяяліся з сукамерніцамі аб затрыманні на такой гаворачай плошчы). Я прыйшла крыху загадзя, будзем лічыць, што мая пунктуальнасць мяне і падвяла, — узгадвае Алеся Шаўчэнка.

— Падзеі сталі развівацца імкліва. Спярша пад'ехала першая партыя «алівак» і ачапіла нас. Пачалася цісканіна, адной дзяўчыне стала дрэнна і ёй спрабавалі паклікаць лекара. Лекарам аказалася хтосьці з мітынгоўцаў, ёй аказалі дапамогу. Атмасфера была жудасная, мы крычалі, што нас душаць і прасілі адпусціць. «Каму душна — хай выходзяць!», — сказаў нехта з сілавікоў, але натуральна, усё заставаліся стаяць у счэпцы. Я была ў сярэдзіне натоўпу і старалася не паддавацца паніцы, бо не першы раз удзельнічаю ў такіх мерапрыемствах. Праз некалькі хвілін я павярнула галаву і ўбачыла, што амаль усіх, хто стаяў за мной, сілавікі пачалі затрымліваць і мяне «выціснулі» да першых шэрагаў. Але там я прастаяла нядоўга, мяне таксама выцягнулі і суправадзілі ў аўтазак. Я не супраціўлялася і спецыяльна ішла з паднятымі рукамі, па-першае, каб ніхто з іх да мяне не дакрануўся, а па-другое, каб не абвінавацілі ў супраціве.

Фота прадастаўлена гераіняй публікацыі

Фота прадастаўлена гераіняй публікацыі

«Было адчуванне, што ты здымаешся ў фільме ў Кустурыцы»

— Пачынаючы з 14 ліпеня я старалася не прапускаць ніводнага пратэсту. Я выразна ўсведамляла сваю грамадзянскую пазіцыю і рабіла ўсё, што ад мяне залежыць. Яшчэ адным трыгерам для мяне было тое, што кампанія, дзе я працавала (краўдфандыгавая платформа «Улей», чыім заснавальнікам з'яўляецца Эдуард Бабарыка) была заблакаваная «звыш». Нам прыйшлося цалкам спыніць запуск новых праектаў, а з-за заблакаваных рахункаў мы не атрымлівалі зарплату. Пасля гэтага я зразумела: трэба выходзіць не толькі за сябе, але і за тых людзей, хто незаконна асуджаны і знаходзіцца пад арыштам.Кожны раз на працягу гэтых месяцаў я давала сабе ўстаноўку: «Так, калі цябе затрымаюць не хвалюйся, не дай эмоцыям цябе здушыць, будзь моцнай і ўключай халодны розум». Таму ў момант затрымання і далейшага арышту я была маральна гатовая. Яшчэ вельмі ратуе гумар. Калі мы ўсе апынуліся ў аўтазаку, адна з дзяўчын дастала ручны вентылятар і мы ім маглі трохі асцюдзіць наш запал. Хтосьці спяваў, жартаваў, чытаў малітвы, наогул было адчуванне, што ты здымаешся ў фільме ў Кустурыцы. А яшчэ мы тады вельмі перажывалі, што марш зараз загнецца і ўсе разыйдуцца.

Акрэсціна — суд — Жодзіна

— Нас павезлі ў Фрунзенскае РУУС, па дарозе я паспела адправіць трансляцыю геалакацыі, каб палегчыць блізкім мой пошук. Па прыездзе нам усім выдалі маскі для твару, прапанавалі ваду, вадзілі ў туалет, у цэлым ставіліся да нас нармальна. Амаль усе супрацоўнікі, з кім ўдавалася пагаварыць паўтаралі, не хвалюйцеся, да вечара будзеце дома. Гэта, калі шчыра, ўсяляла надзею. На нас усіх склалі аднолькавыя пратаколы за парушэнне ч.1 арт. 23.34 КаАП: нібыта мы выкрыквалі «Жыве Беларусь», «Ганьба», «Сыходзь», а яшчэ ў графе «адукацыя» было напісана «сярэдняя» — мабыць, для статыстыкі. Пасля доўгіх гадзін чакання ў закрытай камеры нас адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна.

Ізалятар Часовага ўтрымання і Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ізалятар Часовага ўтрымання і Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Наогул гэта ўсё нагадвала засяленне ў лагер. Каля цябе крутыя дзяўчыны, твае аднадумцы, праўда, з важатымі не пашчасціла...
Увесь наступны час мы чакалі панядзелка і рашэння суда. «Суд», канешне, таксама асобная тэма. Калідор, ты стаіш тварам да сцяны, чакаеш сваё прозвішча, па двух баках стаяць сталы, на іх ноўтбукі (як пазней высветлілася, інтэрнэт раздавалі супрацоўнікі са сваіх тэлефонаў). Мае зносіны з «высокім судом» былі каля 20 хвілін, што ў параўнанні з іншымі было шмат. На судзе мае інтарэсы прадстаўляла адвакатка. Спойлер: іх прысутнасць ніяк не ўплывае на рашэнне. Мне прысудзілі 11 сутак адміністрацыйнага арышту. Як налічвалі суткі — было загадкай, мы жартавалі, што ў суддзяў была рулетка як на гульнявых аўтаматах, падчас абмеркавання яны такія: «Шаўчэнка» — і там выпадала лічба. У асноўным усім давалі ад 11 да 15 сутак.
На наступны дзень усіх маіх сукамерніц перавялі ў Жодзіна, а мяне пакінулі. І вось ты сядзіш, губляешся ў здагадках, чаму цябе пакінулі, уключаеш дэдукцыю, тысячы схем, а на справе — яны проста згубіілі маю пастанову з суда. Так што ў Жодзіна я ўсё-ткі зганялі з наступнай партыяй.

img_2776_logo_1.jpg

Будынак ізалятара на Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Такое папярэджанне выпісалі Алесі Шаўчэнка. У выпадку, калі яе яшчэ раз затрымаюць на акцыі пратэсту, ёй можа пагражаць крымінальная справа. Фота прадастаўлена гераіняй матэрыяла

«Для супрацоўнікаў была забаўка — прынізіць жанчыну»


— Чым больш іх было ў адным месцы, тым больш каментарыяў яны адпускалі ў наш бок. Для іх была забаўка — прынізіць жанчыну, прычым некаторыя ім у маці падыходзілі. Праўда, у Жодзіна кантынгент быў лепшы. У цэлым, як ні дзіўна гэта гучыць, у параўнанні з Акрэсціна, там было лепш. Дзе тут можна паставіць ім ацэнку за знаходжанне? Запомніўся адзін супрацоўнік, які выводзіў нас з Жодзіна. Румяны такі, са шчочкамі, погляд добры. Мы яму кажам: ты ж добры, пераходзь на наш бок, а ён — павінен жа нехта з добрых заставацца тут. І я зразумела, што нават у гэтай гнілой шасцярэньцы павінен быць хоць адзін элемент, у чыіх сілах нешта змяніць.

«Я атрымала каласальную падтрымку з розных куткоў Зямлі»


— За ўвесь час я атрымала 2 перадачкі, бо мяне перавялі ў сераду ў Жодзіна, а серада — гэта адзіны дзень для перадачак. Усе запіскі супрацоўнікі выкідалі, таму пасланні часам удавалася знайсці, напрыклад, у кніжцы. Дзе яшчэ — не буду распавядаць, ці мала што. Вядома, вельмі складана знаходзіцца ў ізаляцыі столькі часу, без доступу да інфармацыі. Што, калі народ здаўся, няўжо дарма мы тут сядзім за нашу і вашу свабоду? Але гэтыя думкі хутка развеяліся у дзень майго выхаду, тады ж адбыўся пратэст супраць таемнай інаўгурацыі АРЛ.
Я атрымала каласальную падтрымку з розных куткоў Зямлі, ад блізкіх і незнаёмых людзей. Мне тут жа прапанавалі аплаціць выстаўлены рахунак за ежу — 148 рублёў. Дзякуй ім усім вялізны, гэта вельмі моцна матывуе ісці далей.

«Я буду змагацца»

Абсалютна да ўсяго можна прыстасавацца: ежа, койка, асабісты камфорт, — акрамя аднаго. Поўнага беззаконня, якое адбываецца ў маёй краіне. Калі ёсць найменшы шанец з майго боку гэта змяніць, я буду змагацца.Здагадваюся, што мэтай арышту быў выпраўленчы характар. Вось мы ўсе выходзім, раскайваючыся за свой учынак і спрэс забываем усё, што было ў нашым жыцці «да». Ідзем у ЦУМ, купляем чырвона-зялёную тканіну і выдаляемся з усіх апазіцыйных каналаў. Але адзінае, як мне здаецца, што ў іх атрымалася зрабіць, дык гэта ўсяліць упэўненасць, што мы ўсё робім правільна.

Алеся Шаўчэнка пасля вызвалення з Жодзіна. Фота прадастаўлена гераіняй матэрыяла