«Сын утрымліваў пераціснутую рану, і ад убачанай крыві яму было кепска»

Віталь Марока, 40 гадовы спецыяліст у лагістыцы пасля закрыцця ўчасткаў а 20:00 разам з сынам адправіўся да школы, каб убачыць фінальны пратакол.

Віталь Марока.
Фота August2020

Віталь Марока. Фота August2020



"Чакалі доўга. — расказвае Віталь. — Прыкладна ў 21:30 пад канвоем супрацоўнікаў міліцыі ўчастковая камісія пакінула школу, пратаколу так і не ўбачылі. Разам з групай абураных людзей мы рушылі ў цэнтар гораду. Але не дайшлі.

Я быў дастаткова апалітычным чалавекам, ніколі не ўдзельнічаў у мітынгах і не праяўляў актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Накіпела. Уся перадвыбарная кампанія 2020 года складалася такім чынам, што заставацца ў баку было немагчыма. Колькі можна быць у пазіцыі «канапавага» крытыка? Разам з сям’ёй мы вырашылі — прыйшоў час браць свой лёс у рукі і рабіць выбар, як жыць далей.

Мы ведалі пра збор людзей каля стэлы. Мы ішлі, і па дарозе нас рабілася ўсё болей. Мы выйшлі на Кальварыйскую і там сустрэлі калону людзей, якія ішлі з боку Пушкінскай. Нас было прыкладна паўтысячы чалавек. На падыходзе да моста на Кальварыйскай нас сустрэлі супрацоўнікі АМАП. Яны перакрывалі адзіны шлях да стэлы.

Калона спынілася. Сярод нас было шмат дзяўчат, можна сказаць, мы «пазяхалі», ніякага выкліку ці радыкальных дзеянняў не рабілі. Я стараўся трымаць сына ззаду сябе. У нейкі момант кардон «супрацоўнікаў» пачаў грукаць у шчыты, яны рушылі ў бок людзей і нас паспрабавалі выцесніць. Мы ўзяліся ў счэпку і далі адпор. Байцы разгубіліся і сталі адступаць. Па меры адступлення яны распылялі слезацечны газ: кожны раз, калі мы набліжаліся да іх, мы апыналіся ў газавым воблаку. Я адчуў непрыемны смак у роце і смыленне ў вачах. Людзі пачалі разбягацца, я пабачыў, як уцякае мой сын, і пабег за ім. Раптам раздаліся гучныя выбухі і яркія ўспышкі.

Адбегшы ў бок, я звярнуў увагу на жоўтыя кропкі на маёй адзежы. Адчуў боль у руцэ, падняў і ўбачыў кавалак скрываўленага мяса. Мне рабілася горш, я спыніўся і стаў на калені. Людзі побач пачалі дапамагаць: дзяўчына дала бутэльку з вадой, хлопец парваў майку і пераціснуў мне рану, запісалі час ранення. Крывацёк узмацняўся. Сын утрымліваў пераціснутую рану, і ад убачанай крыві яму было кепска, ён быў на мяжы страты прытомнасці. Міма праяжджаў аўтамабіль. З яго выйшла дзяўчына і прапанавала дапамогу адвезці ў лякарню. Калі я ўбачыў яе белы салон, то адмовіўся. «Дачакаюся “хуткай”!» — сказаў я. Мне было няёмка сапсаваць ёй салон, а крыві рабілася болей.

Хтосьці па гучнай сувязі набраў «хуткую», і голас у слухаўцы адказаў: «Шукайце дапамогу на месцы. Мы на месца выкліку не паедзем». Як стала потым вядома, ім было забаронена з 9 на 10 жніўня выяжджаць на выклікі ў раён стэлы.

Віталь Марока.
Фота August2020 

Віталь Марока. Фота August2020 

Дзяўчына побач вырашылі, што трэба мяне весці праз рубеж АМАП і там шукаць машыну «хуткай». Мяне падхапілі і павялі. Супрацоўнікі нас не краналі і прапусцілі. Каля прыпынку грамадскага транспарту стаяла «хуткая», выйшаў кіроўца і сказаў, што не можа мяне ўзяць, бо ўжо трое «цяжкіх» у машыне і ў аднаго кішкі навонкі. Мяне пасадзілі на парапет і там чакалі дапамогі.

Падзеі ў лякарні памятаю ўрыўкамі. Мяне сустрэў вялізны кансіліюм лекараў. На мне была бірка «пацыент №2». Мяне ўразіла зладжаная і дакладная праца медычнага персаналу. Адносіны былі, як да «свайго». Мне здалося, што дактары былі на баку пратэстоўцаў.

На наступны дзень, 10 жніўня, да мяне ў палату прыйшлі дзьве дзяўчыны са Следчага камітэту. Я праходзіў у якасці сведкі. Адна з дзяўчат расказала гісторыю, што ў часе пратэстаў загінуў супрацоўнік АМАП. На маё пытанне, пры якіх абставінах гэта адбылося, дзяўчына пазбегла прамога адказу. Я засумняваўся ў ейным расказе. Таксама мне далі зразумець, без пагрозаў, што не варта праходзіць судмедэкспертызу атрыманых траўмаў. Як-небудзь «замяць» гэтае «непаразуменне». Закончыўшы нашу гутарку, супрацоўніцы з неахвотай перадалі пратакол.

Я ўважліва прачытаў яго і выкрасліў яшчэ некаторыя выдуманыя эпізоды. Падпісаў. Напаследак у дзяўчат пацікавіўся: «Якім правам карысталіся праваахоўныя органы, калі ўжывалі баепрыпасы супраць бяззбройных людзей?» Супрацоўніцы СК адказалі суха: «Мы не былі там. Нічога не бачылі. Чыста тэхнічна не можам сцвярджаць, з якога з бакоў былі стрэлы». Яны сышлі.

Нам вельмі дапамагалі валанцёры. Яны дзяжурылі і дзень, і ноч. Мы не адчувалі нястачы чаго б там ні было, хутчэй нават лішак, таму мы з хлопцамі збіралі нейкія рэчы, прадукты і перадавалі паверхам ніжэй у дзіцячы апёкавы цэнтар. Тут я пазнаёміўся з хлопцамі з дабрачыннага фонду “Имена”, праваабарончага цэнтру «Вясна» і фонду салідарнасці BySol.

Запомніўся дзень, калі ў лякарню прывезлі людзей з Акрэсціна. Гэта вельмі моцна ўразіла. Гэтую прыгнечанасць і страх, убачаны ў вачах, не магу забыць дагэтуль. Я абсалютна перакананы, што мне пашанцавала быць параненым і адразу дастаўленым у лякарню. Тое, што я пабачыў, гэта не перадаць словамі… Яны былі не фізічна нават, а маральна, псіхалагічна забітыя. Гэта было жахліва! Мне здаецца, у свеце няма такога псіхолага, які зможа вярнуць гэтых людзей да нармальнага жыцця.

Калі шчыра, я не трымаю зла на «супрацоўнікаў», якія стралялі… Яны выконвалі загад. За адмову гэта зрабіць іх маглі пакараць ці рэпрэсаваць. У мяне больш пытанняў да іхнага кіраўніцтва, хто аддаваў гэтыя звярыныя загады страляць і здзекавацца з людзей. Я катэгарычна супраць публічнага цкавання праваахоўных органаў. Толькі дыялог і прававая ацэнка! Зло спараджае яшчэ большае зло. Чым я тады буду адрознівацца ад садыстаў у балаклавах?

Я сумняваюся ў правасудздзі ў хуткім часе. Дзяржава ўчыніла вялізны прававы правал, і галоўная іх задача — усімі спосабамі гэта зацерці… Усе пацярпелыя будуць пад велізарным ціскам. Мне трывожна за бяспеку маёй сям’і. За адну ноч у мяне змянілася жыццё. За гэты час я пераасэнсаваў усё. Я хачу быць часцей з сям’ёй і вельмі хачу падзякаваць кожнаму беларусу за дапамогу.

Гэты час рэфлексаваў часта пра сваё жыццё… Я 14 гадоў працаваў, працаваў — і за адно імгненне ўсё перавярнулася. Для мяне цяпер галоўнае — гэта мая сям’я і дзеці. Я бясконца закаханы ў кожнага неабыякавага беларуса, удзячны ўсім валанцёрам, усім дактарам і медычным супрацоўнікам, усім-усім, хто цяпер салідарны. Як толькі мая сям’я будзе ў бяспецы, мне хочацца ўсю тую назапашаную добрую энергію аддаваць іншым. Я поўны рашучасці зрабіць штосці важнае для маёй краіны. Вельмі хачу ў вольнай Беларусі сустрэцца з кожным, хто дапамагаў, і выпіць па кубачку эспрэса. Толькі разам мы сіла! Жыве Беларусь!“August2020