Украіна раскрыла дэталі ваенных вучэнняў на мяжы з Беларуссю

На мяжы з Беларуссю цяпер праходзяць украінскія ваенныя вучэнні, на якіх вайскоўцы «трэніруюцца праводзіць сумеснае вызваленне і зачыстку раёнаў ад варожых сіл».

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Нацгвардзейцы, памежнікі і байцы тэрытарыяльнай абароны Украіны ўдзельнічаюць у ваенных вучэннях «Північний Буревій 2022», якія праходзяць на мяжы з Беларуссю.

Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на прэс-службу Міністэрства ўнутраных спраў Украіны.

«Нацыянальная гвардыя Украіны, Дзяржаўная памежная служба і іншыя падраздзяленні МУС сумесна з сіламі тэрытарыяльнай абароны УСУ праводзяць актыўную фазу вучэнняў «Північний Буревій 2022» у раёнах, якія мяжуюць з Рэспублікай Беларусь», — сказана ў паведамленні ўкраінскага ведамства.

Украінскі бок таксама распавёў пра свае памежныя вучэнні наступнае: падчас вучэнняў украінскія праваахоўнікі і вайскоўцы адпрацоўваюць заданні па інжынерным уладкаванні абаронных пазіцый і мініраванні тэрыторыі.

Таксама ўкраінскі МУС заявіў, што іх падраздзяленні «трэніруюцца праводзіць сумеснае вызваленне і зачыстку раёнаў ад варожых сіл і адточваюць выяўленне, блакаванне і ліквідацыю ўзброеных фарміраванняў».

Украінскія вучэнні цяпер праходзяць на тэрыторыі Жытомірскай, Роўненскай і Валынскай абласцей.