Уладзімір Шыпіла: Фізічная антрапалогія ў Беларусі ў занядбанні і з’яўляецца філіялам расійскай

Уладзімір Шыпіла — колішні супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук, дзе вучыўся на фізічнага антраполага, а потым працаваў па гэтай спецыяльнасці. Звольнены за ўдзел у пратэстах супраць беззаконня ў краіне. Як і шмат хто з беларусаў, прайшоў праз затрыманні, суткі, мусіў эміграваць. З пачатку 2021 года навукоўца жыве і працуе ў Польшчы.

Уладзімір Шыпіла

Уладзімір Шыпіла

Пра дваццаты год, рэпрэсіі, жаночае аблічча пратэсту, становішча беларускай гуманітарнай навукі, а таксама чаму беларусы слаба ўяўляюць, як выглядалі іх продкі, Уладзімір Шыпіла распавёў «Новаму Часу».

«Вельмі ўзрушылі забойствы мірных пратэстоўцаў»

35-гадовы Уладзімір — з Наваполацка, скончыў гістарычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, магістратуру, пасля аспірантуру. Працаваў у Акадэміі навук, вучыўся на фізічнага антраполага.

«У падлеткавым узросце, падчас адной імпрэзы, дзе былі ўдзельнікі-рэканструктары перыяду ВКЛ, я пазнаёміўся з рознымі цікавымі людзьмі, адтуль узнікла зацікаўленасць да гісторыі, мінулага. Аспірантура, грэка-каталіцкая царква, рок-музыка, беларускамоўнае атачэнне, украінскі Майдан-2014 — усё гэта дужа паўплывала на фарміраванне майго светапогляду», — распавядае Уладзь аб сваім шляху да беларушчыны і змагання.

У 2017 годзе малады навукоўца далучыўся да абароны Курапатаў. Тады дэмакратычная грамадскасць пратэставала супраць забудовы каля месца масавых расстрэлаў НКВД. «Не мог застацца абыякавым да цынічнага апаганьвання памяці нашых продкаў, бязвінных ахвяр, якіх забілі і кінулі ў ямы ў гэтым лесе», — кажа суразмоўца.

uladzimir_szypila_asabisty_arhiu_novy_czas1_logo.jpg

«Дваццаты год стаў шмат у чым пераломным, — працягвае Уладзь. — Вядома, не толькі для мяне, але і для большасці беларусаў. Людзі абудзіліся ўжо ў часе пандэміі, калі зразумелі, як моцна іх зневажае і ненавідзіць сістэма, наколькі іх жыцці і здароўе нічога не вартыя для дзяржавы. Адбыліся маштабныя фальсіфікацыі рэжымных выбараў, сілавікі паказалі прыклады самага горшага беззаконня: пачаліся затрыманні, збіцці, катаванні. Нашае цярпенне скончылася, мы, беларусы, выказаліся. Незадаволенасць і абурэнне выбухнулі ў стыхійнае, але мірнае народнае паўстанне».

Глядзіце таксама

Уладзімір быў уражаны вялікай хваляй салідарнасці паміж беларусамі, іх смеласцю, асабліва на пачатку пратэстаў: «Людзі не стаялі ўбаку, выказваліся, падтрымлівалі адзін аднаго, аказвалі супраціў карнікам у пагонах, абаранялі сваіх. Запомнілася салідарнасць святароў, медыкаў, выкладчыкаў, транспартнікаў, супрацоўнікаў МНС, спартоўцаў, прафсаюзных актывістаў, рабочых. Так, рабочых, што кінулі выклік сістэме, было няшмат, але яны вельмі мужна пратэставалі: перакрывалі рух, блакіравалі працу на заводах, прыкоўвалі сябе кайданкамі, гэтыя людзі вельмі рызыкавалі. Запомніліся жанчыны, іх любоў, салідарнасць, кветкі, цеплыня, пяшчота і падтрымка», — дзеліцца ўспамінамі навукоўца.

«Вельмі запомніліся харызматычныя Мікола Статкевіч, Эдуард Пальчыс, Павел Севярынец, Сяргей Ціханоўскі, — працягвае Уладзь. — У Паўла і Сяргея атрымаўся вельмі добры дуумвірат, яны абралі вельмі слушную стратэгію: Павел прасоўваў нацыянальныя пытанні, Сяргей біў сістэму па сацыяльных. Я думаю, што Павел Севярынец прывіў любоў да беларускага Сяргею Ціханоўскаму, і ў выніку два гэтыя чыннікі — сацыяльны і нацыянальны — хай не ва ўсёй паўнаце, але змаглі аб’яднацца».

Але дваццаты год запомніўся і трагедыямі, дадае суразмоўца: «Зверствы сілавікоў на вуліцах гарадоў, выбухі гранат, збіццё, катаванне людзей у пастарунках і турмах… Мяне вельмі ўзрушылі забойствы мірных пратэстоўцаў, шакавала бандыцкае выкраданне і катаванне Рамана Бандарэнкі і ягонае забойства…»

«… А на падлозе ляжаў наш нацыянальны сцяг»

— Падчас абедзеннага перапынку 13 кастрычніка 2020 года я з іншымі калегамі-навукоўцамі ўдзельнічаў у мірнай акцыі на прыступках Акадэміі навук. Сядзеў і трымаў у руках аркуш паперы з антыбеларускімі цытатамі антынавуковага артыкула прыхільнікаў рэжыму, акадэмікаў Кавалені і Гусакова. Гэтая пісаніна мяне асабліва моцна раззлавала: беларуская мова, як і мова, на якой павінны гаварыць беларусы, зусім не іх прэрагатыва. Адзін з іх увогуле сельскай гаспадаркай займаецца…

На нас з прэзідыума Акадэміі навук выклікалі АМАП, мяне схапілі, прывезлі на пастановачны суд, далі сем сутак, завезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, пасля ў Жодзіна.

Там я сустрэў шмат цікавых людзей. І гэтыя камунікацыя і сяброўства ў літаральным сэнсе ратавалі. Аднаго хлопца з дзяўчынай схапілі выпадкова: яны не ў той бок пабеглі, калі пачалася зачыстка. Другі хлопец проста выйшаў у краму за энергетыкам. Купіў энергетык, выйшаў з крамы, на яго накінуліся, збілі, кінулі ў бус. Ніхто не разбіраўся, удзельнічаў чалавек у пратэстах ці не, хапалі ўсіх запар. Цэрберы рэжыму дужа стараліся — за зорачкі, за прэміі. Гэта страшна, што сілавікі будуюць свой дабрабыт на крыві і няшчасці людзей, — з болем кажа Уладзімір.

— Калі нас везлі з РУУС на Акрэсціна, у аўтазаку на падлозе ляжаў наш нацыянальны сцяг. Мы ўсе яго пераступалі, — працягвае суразмоўца. — Горай за ўсіх падчас допыту паводзілі сябе маладыя супрацоўнікі Першамайскага РУУС. Яны брыдкасловілі, абражалі, крычалі, пагражалі. З валацугамі размаўлялі больш ветліва, чым з намі. Больш старэйшыя міліцыянты паводзілі сябе нашмат спакайней: было ўражанне, што ім нават было неяк няёмка. Хочацца верыць, што апошнія ўрэшце адумаліся і сышлі з гэтай працы.

— Пра што табе думалася ў халодных сырых камерах?

— Вельмі перажываў за сваіх калег. Думаў, як яны там, што з імі, што ўвогуле цяпер адбываецца на волі? Пра рознае думалася...

А пасля сутак мяне звольнілі з працы. Найбольш шчыраваў у гэтым сэнсе цяперашні дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, які перад тым быў намеснікам. Пайшоў на павышэнне за звальненні супрацоўнікаў. Вось як робіцца кар’ера пры дыктатуры.

Дарэчы, звольнілі тады шмат каго — кіраўнік НАН акадэмік У. Гусакоў арганізаваў незапланаваную «атэстацыю». Некаторыя калегі звальняліся ў знак салідарнасці. Звальнялі і знакавых людзей, кандыдатаў навук, спецыялістаў па геральдыцы, іншых вузкіх спецыяльнасцях.

Гэта вялікія страты для нашай гуманітарнай навукі.

Калі я выйшаў, мяне сустрэлі сябры, увогуле вельмі шмат дапамогі і падтрымкі я атрымаў ад суайчыннікаў і не толькі. Аказалася, што пра гэты мой пратэст супраць антыбеларускай пісаніны Гусакова-Кавалені даведаліся польскія навукоўцы, якія падпісалі ліст у маю падтрымку, — апавядае суразмоўца.

Глядзіце таксама

«Беларусы, што выйшлі на пратэсты, паставілі на карту самае дарагое»

— У мірных пратэстоўцаў не было падручнікаў, метадычак, як рабіць рэвалюцыю — усё ўзнікла і развівалася спантанна, стыхійна. Гэта хлусня прапагандыстаў пра нібыта распрацаваны план апазіцыі, не хачу нават гэта каментаваць.

Мірнаму пратэсту было вельмі цяжка штосьці супрацьпаставіць узброеным лукашэнкаўскім карнікам, сістэмам назірання і сачэння. Лукашэнка ўклаў вялікія грошы ў рэпрэсіўны апарат з канца 90-х, спецслужбы былі добра падрыхтаваны да вайны з народам і трэніраваліся ўвесь час.

Беларусы, якія выходзілі на пратэсты супраць узброеных, агрэсіўных сілавікоў-садыстаў, паставілі на карту ўсё. Яны рызыкавалі жыццём.

Мяркую, што калі б у пратэсце ўдзельнічала больш працоўных, гэта было б вялікім стымулам, значнай падтрымкай. Тое, што сказалі працоўныя МЗКЦ Лукашэнку, калі ён прыехаў да іх з выступленнем у жніўні 2020 года, не менш важна, чым фраза пра «российский военный корабль». Яны сказалі яму праўду ў вочы, і ён гэта ніколі не забудзе, яго гэта дужа зачапіла, траўміравала. Рабочыя сказалі дыктатару, куды яму, яго сілавікам, а па сутнасці і ягоным спонсарам з Крамля трэба ісці.

Лічу, што менавіта больш працяглыя забастоўкі маглі б стацца найбольш балючым ударам для рэжыму, таму што гэта пагроза ягонай стабільнасці, гэта вельмі яскрава разбурае яго тэзу «я запустил заводы».

Саміх людзей для паўстання хапала, але не было іншых рэсурсаў. А голымі рукамі не так шмат можна зрабіць. Бяззбройных людзей лёгка перамагчы. Іх можна закідаць гранатамі з газам, расстраляць, паліць з вадамёта. У нас жа не было ваенізаваных фарміраванняў, большасць не думала, што будуць такія жахлівыя рэпрэсіі, — дзеліцца думкамі навукоўца.

«У выпадку нямірнага пратэсту ахвяр было б нашмат болей»

— Прыхільнікі перамен часта спрачаюцца паміж сабой, што калі б, маўляў, у дваццатым мы павялі сябе больш радыкальна, то даціснулі б рэжым і сёння б ужо жылі без дыктатуры. Ты што думаеш на гэты конт?

— Трэба мець тое, чым даціскаць, як я ўжо казаў вышэй. Яшчэ ў нас Расія пад бокам. І ў Расіі шмат гарматнага мяса — так званая Расгвардыя, жаўнераў якой расійская ўлада можа закідваць проста пачкамі да нас і правакаваць грамадзянскую вайну і генацыд.

Немалаважным фактарам была і вялікая колькасць жанчын на пратэстах. Варта і гэта ўлічваць.

У Грузіі мужчыны не дапускаюць жанчын да сілавых пратэсных акцый. Беларускі пратэст шмат у чым меў жаночае аблічча. Жанчыны спрабавалі неяк ачалавечыць гэтых садыстаў у пагонах — кветкамі, шарыкамі… Але садысты настолькі азвярэлі і дэградавалі, што яны не захацелі і не хочуць ачалавечвацца.

Калі б Беларусь пачала тануць у крыві, ніхто б спачуваць, умешвацца не стаў бы.

І які быў бы вынік? Частка народу папросту загінула б. І ўсё б гэта з часам спісалі, як спісалі ахвяры ў Казахстане за студзень 2022 года па сутнасці. Хто цяпер згадвае пра трагічныя падзеі ў Казахстане?

Глядзіце таксама

Самае вялікае і галоўнае, што ёсць у чалавека — гэта яго жыццё. Многія беларусы сапраўды ім ахвяравалі.

У Румыніі ўсё развівалася хутка, бо там у змене сітуацыі былі зацікаўлены і ваенныя — каб спісаць пасля ўсё на Чаўшэску. Хацелі ўсё справакаваць, а самі чыстымі хадзіць. Хаця па вушы былі ў крыві.

Такія рэжымы, як лукашэнкаўскі, на жаль, вельмі трывалыя. Ён умацоўваў свой рэжым з дзевяностых, трымаючы людзей у рабстве, пакоры, увесь час пагражаючы, што будзе голад, катастрофа, — разважае Уладзімір Шыпіла.

«Беларусы ў сваіх пратэстах былі і застаюцца людзьмі»

— Лукашэнка да Таджыкістана пакуль што не дацягнуў, але ў справе задушэння народа рэжым Лукашэнкі адзін з найбольш брутальных. Супраць такога рэжыму мусяць быць адпаведныя сродкі, а ў беларусаў, як я ўжо казаў, іх не было.

Цяжка гуляць па правілах, калі рэпрэсіўная машына па правілах не гуляе. Там няма ніякай літасці. Беларусы не запэцкалі свае рукі, свае душы крывёю пераследнікаў і стукачоў. Я думаю, большасць беларусаў выступіць за справядлівы суд над гэтымі нягоднікамі, і цешуся, што мае суайчыннікі паказалі сябе на высокім маральным узроўні, — упэўнены навукоўца.

Пра ад’езд

— У лістападзе 2020-га мяне накрыла чорная меланхолія. Я страціў працу, захварэў на кавід, забілі Рамана Бандарэнку, навіны — скрозь негатыўныя, дыхаць няма чым. Мой сябра сказаў мне тады: «Ты разумееш, што ўсё гэта можа зацягнуцца надоўга, і ўсё ж такі не хацелася б, каб ты кідаў навуку. А ў Беларусі ты гэтага зрабіць не зможаш, бо цябе нікуды не возьмуць».

Плюс я разумеў, што я столькі нарабіў, столькі нагаварыў, столькі каментароў напісаў, што за мной рана ці позна ў любым выпадку прыйдуць.

Глядзіце таксама

Я выехаў у Польшчу ў лютым 2021 года. У гэты дзень была завіруха, самалёт доўга не мог сесці ў аэрапорце Варшавы, мы доўга кружылі. Вельмі добра памятаю гэты дзень…

У Польшчы працягваю займацца навукай. Але тут фізічная антрапалогія іншая: у нас яна такая постсавецкая, інструменты, прылады, методыкі — усё састарэлае альбо ўвогуле няма. А ў Польшчы ўсё іначай: навука на даволі высокім узроўні, еўрапейскім. Тут сапраўдная канкурэнцыя. Напрыклад, фізічны антраполаг з Варшавы можа паехаць для працы з матэрыялам на Блізкі Усход. У Польшчы даследчыкі не чарапы мераюць, як у СССР, а вызначаюць харчаванне, род заняткаў людзей па касцявых астанках, хваробы і маркеры стрэсу, дэмаграфію. Даследаванні праводзяцца з улікам генетыкі, каб пацвердзіць генетычную пераемнасць папуляцыі, якая пакінула той ці іншы могільнік.

Навука тут — гэта не будынак і не афіцыёз, а калектыў прафесіяналаў, навуковае асяроддзе. Навукоўцы ў Польшчы, нягледзячы на канкурэнцыю, добразычлівыя і гатовыя дапамагчы, — кажа Уладзімір.

«Прыкра, што мы слаба ўяўляем, як выглядалі нашы продкі»

uladzimir_szypila_fota_z_asabistaha_arhivu_novy_czas2_logo.jpg

— Калі спрошчана, то археолагі даследуюць артэфакты, а антраполагі — астанкі нашых продкаў: як яны выглядалі, якія мелі траўмы і хваробы, рэканструююць іх фізічны тып, рэканструююць на папуляцыйным узроўні. Мы даследуем старажытнае насельніцтва.

Як і шмат якія навуковыя дысцыпліны, фізічная антрапалогія ў Беларусі ў занядбанні. Яна на дадзены момант з’яўляецца філіялам расійскай. Патрэбны людзі, якія будуць праводзіць далейшае вывучэнне ў гэтым кірунку. І я ўпэўнены, што гэта яшчэ адбудзецца.

uladzimir_szypila_fota_z_asabistaha_arhivu_novy_czas3_logo.jpg

У беларускіх улад заўсёды было вельмі кепскае стаўленне да астанкаў людзей. То яны на месцы Трасцянца зрабілі сметніцу, то на пагостах лютэранскіх могілак ездзілі на бульдозерах, а ў якім занядбаным стане яўрэйскія могілкі ў Берасці былі!

У Гальшанах увогуле паклалі асфальт на месцы ранняга грунтовага могільніка 13 стагоддзя. І там ездзілі на бульдозерах. Гэта ўсё проста жудасна.

А калі мы не маем антрапалагічнага матэрыялу — астанкаў, мы не можам іх даследаваць. Мы толькі ўмоўна ведаем, як выглядалі нашы продкі, — тлумачыць навукоўца.

Пра будучыню Беларусі

— Я бачу Беларусь дэмакратычнай дзяржавай, парламенцкай рэспублікай, але для гэтага нам трэба найперш загаіць свае раны, уратаваць грамадства ад небяспекі русіфікацыі, дэградацыі і расчалавечвання. А тыя, хто выехаў, па магчымасці могуць стаць светачамі: намацоўваць і развіваць сувязі, зарабляць грошы. Не сварыцца, не зайздросціць, а рабіць кожны, што можа, дамаўляцца, не шкодзіць адзін аднаму. Усе гэтыя скандалы толькі на радасць нашым ворагам.

uladzimir_szypila_fota_z_asabistaha_arhivu_novy_czas5_logo.jpg

Як кажуць мае сябры з Каўказа, не трэба скардзіцца, што хтосьці моцны, трэба самім стаць моцнымі. Не трэба толькі чытаць і пісаць гісторыю, трэба і самім яе ствараць.

Мы павінны верыць. Калі мы страцім веру, мы страцім усё, — падсумоўвае суразмоўца «Новага Часу».

Фота з асабістага архіву Уладзіміра Шыпілы