«Ворагі пралетарскай дыктатуры». Як пазбаўлялі звання акадэмікаў 90 гадоў таму і ці змянілася нешта сёння

6 снежня – трагічны дзень для беларускай навукі. У 1930 годзе шасцёра стваральнікаў БелАН, сярод якіх Ластоўскі, Некрашэвіч і Пічэта, былі пазбаўленыя звання акадэмікаў. Пазней палову з іх заб’юць. 

Пазбаўленыя звання акадэмікаў навукоўцы. Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Аляксандр Дубах, Сцяпан Некрашэвіч, Гаўрыла Гарэцкі

Пазбаўленыя звання акадэмікаў навукоўцы. Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Аляксандр Дубах, Сцяпан Некрашэвіч, Гаўрыла Гарэцкі

6 снежня 1930 года пастановай СНК БССР выбітныя навукоўцы Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Гаўрыла Гарэцкі і Аляксандр Дубах былі пазбаўленыя звання акадэмікаў як «ворагі пралетарскай дыктатуры». Але пра ўсё па парадку.

«Рэпрэсіі 1920-х  пачатку 1930-х не былі яшчэ масавымі. Так, вяліся надуманыя справы, людзей арыштоўвалі, катавалі, давалі тэрміны… Не было толькі масавасці, да якой заставаўся адзін крок», — адзначае гісторык Барыс Палута. Сугучна з нашым часам, праўда?

Тады, як і праз 90 гадоў, масавасць рэпрэсій чакаць сябе не прымусіла.

У 1930 годзе бальшавікі абвесцілі вайну з беларускімі навукоўцамі, сфальсіфікаваўшы справу «Саюза вызвалення Беларусі». Агулам па гэтай справе ў бліжэйшыя месяцы былі арыштаваныя 108 дзеячаў беларускай навукі, сярод якіх — Вацлаў Ластоўскі, Максім Гарэцкі, Уладзімір Дубоўка, Якуб Колас і многія іншыя. Большасць абвінавачаных – 77 чалавек – былі асуджаныя да 5-гадовай высылкі. 

Пасля перагляду справы ў крывавым 1937-м многіх абвінавачаных па так званай справе СВБ расстралялі, іншых адправілі ў лагеры. У 1988 годзе КДБ БССР у адказ на зварот Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ адказаў, што «…руплівым вывучэннем архіўных матэрыялаў не выяўлена якіх-небудзь дакументальных матэрыялаў аб верагоднасці існавання «Саюзу вызвалення Беларусі».

Але першы рэктар БДУ, адзін з арганізатараў Інбелкульта і БелАН Уладзімір Пічэта, сын серба і ўкраінкі, па справе СВБ не праходзіў. Затое праходзіў па іншай – сфабрыкаванай у 1929-м ГПУ «акадэмічнай справе», па якой у змове з мэтай звяржэння Савецкай улады абвінавачвалі 115 навукоўцаў.

13 верасня 1930 года Уладзімір Пічэта быў арыштаваны АГПУ СССР у Ленінградзе. Пастановай СНК БССР ад 6 снежня таго ж года ён, сярод іншых, быў пазбаўлены звання акадэміка. 8 жніўня 1931-га асуджаны да 5-гадовай высылкі. Праз 4 гады справу Пічэты перагледзяць. Яму дазволяць жыць у Маскве. Пазней Уладзімір Пічэта стане Акадэмікам АН СССР.

Уладзімір Пічэта

Уладзімір Пічэта

Глядзіце таксама

Яго калегам, таксама пазбаўленым звання ў той снежаньскі дзень 1930-га, пашчасціла значна менш. Аўтар «Кароткай гісторыі Беларусі», прэм’ер-міністр БНР, сакратар Беларускай АН Вацлаў Ластоўскі быў арыштаваны па справе СВБ 21 ліпеня 1930-га. На 5 гадоў яго выслалі ў Саратаў. Падчас высылкі спадар Ластоўскі працаваў у мясцовым універсітэце. 

У 1937-м яго арыштавалі паўторна і расстралялі, назваўшы «агентам польскай разведкі і ўдзельнікам нацыянал-фашысцкай арганізацыі».

Вацлаў Ластоўскі

Вацлаў Ластоўскі

Падобным трагічным чынам склаўся лёс кіраўніка БНР, аднаго з першых выкладчыкаў БДУ Язэпа Лёсіка. Упершыню ён быў арыштаваны савецкай уладай у 1922-м. Падручнік «Практычная граматыка беларускае мовы» аўтарства Лёсіка бальшавікі назвалі «контррэвалюцыйным». Сваім вызваленнем у той час Язэп Лёсік абавязаны наркаму асветы ССРБ Усеваладу Ігнатоўскаму.

На жаль, ніхто не здолее дапамагчы самаму Ігнатоўскаму, які па адной версіі скончыць жыццё самагубствам пасля допыту ў ДПУ, па іншай – будзе застрэлены савецкімі карнікамі ў 1931-м.

Па «Справе вызвалення Беларусі» Язэп Лёсік быў арыштаваны 14 ліпеня 1930 года. Пасля арышту яго пасадзілі ў турму НКУС, так званую амерыканку. Як і спадара Ластоўскага, Лёсіка таксама вышлюць на 5 гадоў у Саратаўскую вобласць. У 1938-м колішняга кіраўніка БНР ізноў абвінавацяць, гэтым разам па справе «Контррэвалюцыйнай арганізацыі палітссыльных у Саратаве», і асудзяць на 5 гадоў ГУЛАГу. Язэп Лёсік памёр на наступны дзень пасля прысуду.

Язэп Лёсік

Язэп Лёсік

Першы старшыня Інбелкульту, віцэ-прэзідэнт БелАН, выбітны мовазнаўца Сцяпан Некрашэвіч таксама быў арыштаваны ў ліпені 1930-га, па ўсё той жа справе СВБ. На 7 гадоў яго саслалі ва Удмурцію. У 1937 годзе крыважэрныя бальшавікі арыштавалі Некрашэвіча паўторна і прысудзілі да расстрэлу.

Сцяпан Некрашэвіч

Сцяпан Некрашэвіч

Глядзіце таксама

Беларускі геолаг, археолаг, самы малады з заснавальнікаў Беларускай Акадэміі Навук Гаўрыла Гарэцкі дажыў ажно да 1988-га – фактычна цудам. У ліпені 1930-га яго арыштавалі па справе «Працоўнай сялянскай партыі». У траўні 1931-га Гарэцкага асудзілі на смерць як «кіраўніка контррэвалюцыйнай арганізацыі», але пазней прысуд замянілі на 10 гадоў лагераў. Роўна праз 7 гадоў Гаўрылу Гарэцкага зноў прысудзілі да расстрэлу. Прабыўшы год у турме, ён усё ж здолеў выжыць. У 1965 годзе яго адновяць у званні акадэміка АН БССР.

Гаўрыла Гарэцкі

Гаўрыла Гарэцкі

Аляксандр Дубах, навуковец у галіне меліярацыі і геалогіі, таксама быў пазбаўлены звання акадэміка 6 снежня 1930-га. Як і Гаўрылу Гарэцкага, яго арыштоўвалі па справе «Працоўнай сялянскай партыі», але ўжо ў 1932 годзе навукоўца рэабілітавалі. У 1937-м Дубах не пазбегнуў паўторнага арышта, але і гэтым разам справа ў дачыненні яго хутка была закрытая. Хацелася б сказаць «пашчасціла», але, на жаль, Аляксандру Дубаху было наканавана пайсці з жыцця даволі рана – у 1942 годзе, у чужым яму Свярдлоўску, куды былы акадэмік трапіў падчас эвакуацыі.

Аляксандр Дубах

Аляксандр Дубах

Такім чынам, як адзначаў спадар Барыс Палута, «на піку развіцця гістарычная школа была знішчаная. Рэпрэсіі закранулі ўсіх: і масцітых навукоўцаў з ступенямі і званнямі, і маладых перспектыўных даследчыкаў».

«Чысткі, тэрор, даносы, дух страху і падазронасці… Гэтыя ўмовы не спрыялі развіццю не толькі гістарычнай навукі, але і навукі наогул».

Адметна, што не абмінулі чысткі й Мікалая Галадзеда, за подпісам якога выйшла тая самая пастанова СНК БССР ад 6 снежня 1930 года, у якой акадэмікі названыя «ворагамі пралетарскай дыктатуры». 21 чэрвеня 1937 года былы кіраўнік БССР выкінуўся з акна 5-га паверха будынка НКУС.

Глядзіце таксама

«Сапраўдная катастрофа». Што адбываецца ў беларускім навуковым асяродку сёння?

У лістападзе 2022 года Беларусь абляцела дзікая, нават па мерках сённяшняга часу, навіна – у Акадэміі навук КДБ зладзіў аблаву. 44 супрацоўнікі былі затрыманыя. Пазней, як паведамляла «Наша Ніва», большасць навукоўцаў адпусцілі, але ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

Пазней, як паведамляла крыніца «Зеркала», у Прэзідыум Акадэміі навук выклікалі дырэктараў інстытутаў і загадалі звольніць тых, хто пасля аблавы апынуўся на сутках. Адным са звольненых навукоўцаў быў выбітны мовазнаўца Сяргей Гаранін. Ён правёў на Акрэсціна 10 сутак.

У інтэрв’ю «Новаму Часу» Сяргей Гаранін казаў: «Справа ў тым, што пазіцыя кіраўніцтва Акадэміі навук заключалася ў тым, што «навука — па-за межамі палітыкі», а пасля — «навука павінна быць з уладай». Аналагічнае — «па-за межамі палітыкі» — было і ў тых жа германскіх вучоных у 1930-я гады: «Гэта ў іх там на вуліцы фашызм. Так, фашызм — дрэнна, але гэта ТАМ, а ў нас тут, у лабараторыі — навука». Тое, з чым сутыкнуліся германскія вучоныя, калі ўсё стала яўным, канешне, прывяло іх да вялікага крызісу.

У самім жа навуковым асяроддзі людзі збольшага пасіўна падтрымлівалі пратэсты, а актыўная частка не была вялікай — але, тым не менш, яна была».

Глядзіце таксама

Пасля лістападаўскай аблавы ў АН за кратамі засталіся член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук 72-гадовы Алег Давыдзенка і яго жонка Наталля.

Алег Давыдзенка

Алег Давыдзенка

Як пішуць праваабаронцы «Вясны», нагодай для пераследу стала фота, на якім сямейная пара стаіць з плакатам падчас пратэстаў 2020 года. 

У залежнасці ад ролі кожнага, іх вінавацілі па двух крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Справу супраць іх суд Савецкага раёна Мінска разгледзеў за адзін дзень. 29 снежня 2022 суддзя Алена Жуковіч прызначыла Алегу і Наталлі па тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Па зняволенні Алега Давыдзенку звольнілі з Інстытута генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук Беларусі.

Алег Давыдзенка – аўтар 300 навуковых працаў, у тым ліку 5 манаграфіяў, 1 падручніка, вывеў 19 гатункаў раслін. Ён даследаваў геном карэннага насельніцтва Беларусі.

Сёлета ў траўні затрымалі наўпрост у Акадэміі і кінулі на Акрэсціна супрацоўніка Інстытута сацыялогіі НАН, магістра сацыялогіі Андрэя Баханава. У 2020 годзе, падчас хвалі звальненняў супрацоўнікаў інстытутаў Акадэміі навук, ён падпісваў адкрыты ліст вучоных супраць рэпрэсій.

Сітуацыю з чысткамі ў Інстытуце сацыялогіі АН каментаваў у праекце «Ток» былы кіраўнік Інстытута Генадзь Коршунаў

«Паступова тых людзей, у каго была адкрытая грамадзянская пазіцыя, натуральна, з Акадэміі выціснулі. Акадэмія заўсёды была пад калпаком КДБшнікаў».

Асаблівую ўвагу кіраўніцтва Беларусі чакана надае пераследу гісторыкаў і архівістаў. Кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенкаказала ў інтэрв’ю «Радыё Свабода»:

«Безумоўна, тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, і ў архівах, і ў гістарычнай навуцы, выглядае сапраўднай катастрофай. Выцясненне прафесіяналаў з навуковых устаноў не можа не адбіцца на ўзроўні працы, якасці даследаванняў.

Дасведчанага гісторыка або архівіста немагчыма замяніць, проста набраўшы выпускнікоў з гістфака. Чалавек сыходзіць разам з усімі сваімі ведамі, часам разам з тэмаю, якою ніхто іншы проста не займаецца. Каб выгадаваць новага спецыяліста аналагічнага ўзроўню, неабходныя гады. Вынікі тых чыстак, якія адбываюцца сёння, будуць адгукацца беларускай навуцы цягам доўгіх гадоў».