Беларусы і геапалітычны выбар: паміж Захадам і Усходам
Апошнім часам запыт на нейтральнасць зніжаецца, адзначае Генадзь Коршунаў на «Media IQ». Але ад гэтага не становіцца больш прыхільнікаў Захаду або Расіі.

Ілюстрацыйны калаж «НЧ»
Шырокіх грамадскіх дыскусій наконт таго ці іншага выбару ў знешняй палітыцы ў Беларусі няма ўжо доўгія гады. Таму геапалітычныя матывацыі — як праеўрапейскія, так і прарасійскія — шмат у чым з'яўляюцца стыхійнымі і хутчэй рэфлекторнымі, чым рацыянальнымі, піша «Media IQ».
Прарасійскі погляд: выбару няма, ёсць наканаванасць
Сярод матывацый выбару ўсходняга геапалітычнага вектара часцяком дамінуе думка, што і выбару як такога няма. Таму што саюз з Расійскай Федэрацыяй проста перадзаданы — і гістарычна, і геаграфічна. Плюс да гэтага, людзі звыкла спасылаюцца на ідэалагічны стэрэатып пра існаванне спрадвечнага «славянскага братэрства», без якога выжыванне ў супрацьстаянні з «падступным» Захадам немагчыма. Паказальна, што ў такіх развагах «славянства» трактуецца толькі як «братэрства рускага, украінскага і беларускага народаў», пакідаючы за бортам усіх іншых славян – і паўднёвых, і заходніх. Атрымліваецца, што «славянскае братэрства» з'яўляецца не столькі этнічным або гістарычным утварэннем, колькі палітычна-рэлігійнай (праваслаўнай) агульнасцю. Іншымі словамі, гэта не больш чым працяг логікі «рускага свету»: проціборства «высокадухоўнага» праваслаўнага свету славянства з «дэкадэнцкім» каталіцка-пратэстанцкім і англа-саксонскім Захадам.
Думка пра гісторыка-геаграфічную перадвызначанасць прарасійскага геапалітычнага вектара падтрымліваецца яе — Расіі — чынам «вялікай дзяржавы». І без яе, маўляў, наш «кавалак зямлі», наша «маленькая» Беларусь нічога не вартая і ні на што не здольная. Дадзены тэзіс, які падзяляецца часткай беларускага грамадства, з'яўляецца вынікам мэтанакіраванага ідэалагічнага ўздзеяння, якое падтрымліваецца Аляксандрам Лукашэнкам з самага пачатку яго ўваходжання ў вышэйшыя эшалоны ўлады. І гэта пры тым, што кожнаму беларусу са школы вядома, што памер тэрыторыі нашай краіны складае 208 тыс. кв. км. — гэта 13-е месца сярод 44 кантынентальных краін Еўропы, а маштаб цалкам супастаўны з той жа Румыніяй ці Вялікабрытаніяй.
Парадаксальна, але самапрыніжальная логіка нашага «кавалачка зямлі» цалкам ўжываецца з рамантычна-інфантыльнай верай у тое, што з «магутнай» Расійскай Федэрацыяй Рэспубліка Беларусь можа будаваць раўнапраўныя і партнёрскія адносіны. Гэтая вера сілкуецца ў тым ліку і меркаваннямі пра тое, што на бягучы момант паміж нашымі дзяржавамі існуюць наладжаныя сувязі (у асноўным, эканамічнага характару): рэсурсы, тэхналогіі, вытворчасці, рынак і г. д.
Глядзіце таксама

Ну і, вядома, «савецкі рэсентымент». Як аказалася, для часткі беларускага насельніцтва ўспаміны пра СССР дагэтуль яшчэ маюць істотнае станоўчае значэнне. Зрэшты, доля такога насельніцтва з'яўляецца далёка не вызначальнай.
Праеўрапейскі погляд: рацыянальны выбар і антыкаланіялізм
Выбар заходняга, праеўрапейскага вектару геапалітычнай дынамікі, калі параўноўваць яго з прарасійскім, выглядае больш свабодным, свядомым і рацыяналізаваным. У яго аргументацыях пераважаюць сцвярджэнні каштоўнаснага характару, у прыватнасці той сістэмы каштоўнасцей, што традыцыйна вызначаюцца як «еўрапейскія» ці «дэмакратычныя». Варта адзначыць, што для прыхільнікаў выбару Еўропы характэрныя развагі не пра адцягнена-абстрактнае каштоўнасна-гістарычнае адзінства з Еўропай. Наадварот, людзі звычайна кажуць пра цалкам канкрэтныя рэчы, прынцыповае значэнне якіх стала відавочна пасля падзей 2020 года: «дэмакратыя», «антыаўтарытарызм», «змяняльнасць улады», «свабода», «правы чалавека», «вяршэнства закона» і інш.
Другі аргументацыйны блок выбару Еўропы — гэта логіка супрацьпастаўлення Захаду Расіі і выбар першага з прычыны недаверу да апошняй. Тут жа выяўляецца і пэўнае жаданне «кэнселінга» Расіі, імкнення зусім выключыць яе з жыццёвай прасторы Беларусі. І тады сапраўды Еўропа, як арганічная частка заходняй цывілізацыі, выступае як экзістэнцыяльная процівага Расіі. І праеўрапейскі вектар ацэньваецца не толькі ў рэчышчы каштоўнасных арыентацый, але і як гарант захавання сапраўднага суверэнітэту Беларусі (што, на думку гэтай часткі грамадства, цалкам немагчыма ва ўмовах саюза з Расіяй).
Глядзіце таксама

Трэці блок прычын выбіраць Захад, а не Расію — гэта жаданне бачыць сваю краіну ў свеце перспектыў і развіцця, з якім асацыюецца менавіта Захад, а не Усход. Важна, што развіццё ў дадзеным выпадку трактуецца максімальна шырока — і як эканамічнае, і як грамадзянскае, і як палітычнае, і як тэхналагічнае. Усё грамадскае развіццё наогул, і індывідуальнае ў прыватнасці. Гэта своеасаблівы працяг лініі адрознівання Еўропы і Расіі: «Еўрапейскае развіццё супраць расійскай стагнацыі».
Безумоўна, у матывацыі праеўрапейскага выбару ёсць і прагматычны эканамічны момант. Аднак у нацэленым на Еўропу варыянце фокус прыпадае не на рэсурсы або залежнасці ад іх (як у варыянце з Расіяй), а на ўзаемасувязі дэмакратычных каштоўнасцей, высокага ўзроўню развіцця і магчымасцей развівацца і зарабляць. Гэта значыць, гаворка пра выбар хутчэй пэўнага ладу жыцця і такога тыпу дзяржавы, якая будзе гэты лад жыцця абараняць.
За нейтральнасцю хаваецца страх перад Расіяй
Самы неадназначны варыянт — матывацыі нейтралітэту. Для многіх экспертаў гэтая пазіцыя выглядае як, мякка кажучы, рамантычнае пажаданне, далёкае ад рэальнасці. Аднак для многіх прыхільнікаў гэтай пазіцыі такі варыянт выбару выглядае як вынік найбольш доўгіх і нялёгкіх разважанняў. Так, у прыватнасці, амаль палова сімпатызантаў геапалітычнага нейтралітэту аргументуюць сваю пазіцыю перш за ўсё меркаваннямі ваеннай бяспекі Беларусі. Сэнс іх разваг празрысты і просты: змена знешнепалітычнага вектара (гэта значыць выбар Еўропы, а не Расіі) шкодная тым, што Расійская Федэрацыя не зможа гэтага дараваць і ваенным шляхам пазбавіць Беларусь дзяржаўнага суверэнітэту. Гэта значыць, проста пачне вайну як у выпадку з Украінай.
Глядзіце таксама

Другая частка прыхільнікаў нейтралітэту дзеліцца прыкладна пароўну. Адны выступаюць за геапалітычны нейтралітэт з чыста прагматычных меркаванняў, у рамках якіх геаграфічнае становішча Беларусі паміж Усходам і Захадам разглядаецца як магчымасць атрымліваць эканамічныя і палітычныя дывідэнды. Іншыя схільныя выбіраць роўнааддалены і ад Усходу, і ад Захаду фармат проста па факце недаверу кожнаму варыянту геапалітычнага выбару: і Усходу, і Захаду.
У выніку ўвесь спектр матывацый таго ці іншага геапалітычнага выбару мадэльна рэзюмуецца наступным чынам: арыентацыя на Расію кансерватыўная і дыктуецца традыцыяй, выбар Еўропы з'яўляецца перспектыўным і каштоўнасна афарбаваным, а «геапалітычная нейтральнасць» з'яўляецца вынікам недаверу геапалітычным партнёрам (асабліва ўсходнім).
Новы віток беларускай ідэнтычнасці: паміж нейтралітэтам і геапалітычным выбарам
Калі глядзець на сітуацыю ў дынаміцы, то можна канстатаваць, што пасля развалу СССР Расія паступова губляла сімпатыі сярод беларусаў, а Еўрасаюз, на жаль, не мог іх «перахапіць». У рамках геапалітычнага выбару ўсё больш папулярнай станавілася ідэя геапалітычнай нейтральнасці і ўласнай суб'ектнасці.
Менавіта ўстаноўкай на сваю суб'ектнасць і імкненнем да незалежнасці (роўна як і недаверам да асноўных геапалітычных цэнтраў) тлумачыцца геапалітычная нейтральнасць беларускіх пратэстаў. Устойлівасць ідэі нейтралітэту дэманструе той факт, што крытычнай змены ў геапалітычных ацэнках беларусаў не адбылося нават пасля таго, як менавіта з дапамогай Расіі рэжыму Лукашэнкі ўдалося здушыць вулічныя пратэсты ў Беларусі.
Глядзіце таксама

Разам з тым да беларусаў паступова прыходзіць усведамленне таго, што нейтральнасць у сучаснай геапалітычнай прасторы яны не могуць сабе дазволіць. Пасля 2020 года адзначаецца павольны, але ўстойлівы трэнд на зніжэнне жаданага ўзроўню нейтральнасці — паралельна з ростам папулярнасці як усходняга, так і заходняга вектараў гіпатэтычнай знешнепалітычнай інтэграцыі.
Пачатак новага этапу расійска-ўкраінскай вайны ўнёс пэўныя карэктывы ў ацэнкі беларусамі беларуска-расійскіх адносінаў. З аднаго боку, умоўна станоўчае стаўленне да Расіі стабілізавалася на нейкім плато, з другога — адзначаецца паступовае змяншэнне, «плаўленне» падтрымкі Расіі як агрэсара ў расійска-ўкраінскай вайне. Акрамя таго, назіраецца пэўнае зніжэнне недаверу ў адносінах да краін Захаду, якое ўзнікла ў сярэдзіне 2010-х гадоў.
Відавочна, далейшая дынаміка геапалітычных пераваг беларусаў будзе залежаць ад зыходу вайны ва Украіне і ступені актыўнасці яе падтрымкі з боку краін Захаду.