У Расіі абвясцілі дату выбараў. Хто супраць Пуціна?
У Расіі фармальна пачалася прэзідэнцкая гонка, якую ў народзе многія называюць «перавыбары Пуціна». Між тым, як не дзіўна, хапае палітыкаў, якія гатовыя кінуць ВВП выклік.
Хаця пра дату выбараў (17 сакавіка 2024 года) стала вядома толькі 7 снежня, па сутнасці кампанія стартавала куды раней. Ужо пару тыдняў таму прэса пісала пра забаўныя флэшмобы ў рэгіёнах, дзе бюджэтнікі раптам кінуліся маліць Уладзіміра Пуціна пайсці на выбары. «Просьбы працоўных» афармляліся адкрытымі лістамі завадскіх калектываў і відэазваротамі. А ва Уладзімірскай вобласці пуцінафілы пайшлі яшчэ далей. У рамках пікета запатрабавалі надзяленне цяперашняга кіраўніка дзяржавы надзвычайнымі паўнамоцтвамі без пераабрання.
Звонку такая нізавая актыўнасць падаецца дзіўнай. Тое, што Пуціна пераабяруць без усялякіх «просьбаў працоўных», ясна ўсім. На яго баку дзяржаўная медыямашына. Самыя харызматычныя апаненты ў турмах або за мяжой. Акрамя таго, рэйтынгі Уладзіміра Пуціна дастаткова высокія. «Да 70% апытаных расейцаў хацелі б, каб дзейны прэзідэнт балатаваўся на новы тэрмін», — прызнае «Независимая газета», якая мае імідж неангажаванага СМІ. Хутчэй за ўсё, прыкладна столькі Пуцін і атрымае ў сакавіку.
Прагноз наконт перамогі Пуціна падмацоўваюць і працэсы ў лагеры сістэмнай апазіцыі, дзе ніхто на электаральнае рысталішча асабліва не ірвецца. Судзячы па прэсе, палітыкам куды важней зрабіць «хайп» на тэме ежы з казурак. У кастрычніку ўбачыла свет распараджэнне ўрада, якое ўзаконіла муку і пюрэ з мух і лічынак, што справакавала ўсе партыі ў Думе дружна падняцца на абарону традыцыйнай кухні. Відавочна, што бязлітасная барацьба за ежу без насякомых дазваляе абыходзіць вострыя пытанні, дэманстраваць барацьбу, але пры гэтым утрымацца ад прамой крытыкі ўлады.
Падобна на тое, што ліберал-дэмакраты і эсэры ўвогуле маюць намер праігнараваць кампанію, падтрымаўшы Пуціна. А вось з камуністамі сітуацыя больш складаная. Калі не пайсці на выбары, то рэсурс імітацыі апазіцыйнасці, на якой трымаецца імідж КПРФ, будзе вычарпаны, што можа запусціць працэс маргіналізацыі. Таму ўдзел Генадзя Зюганава, здаецца, непазбежны. Толькі ён выглядае сапраўдным апанентам Уладзіміру Пуціну.
Апатыю ў нетрах думскай апазіцыі часткова кампенсуюць несістэмныя апаненты рэжыму. Спачатку нарабіў шуму былы лідар данецкіх сепаратыстаў Гіркін-Стралкоў, які чакае суда ў СІЗА. Яго заява аб жаданні стаць удзельнікам прэзідэнцкай гонкі актыўна дыскутавалася ў грамадстве. Зрэшты, неўзабаве стала зразумела, што ў статусе падазраванага або вязня Гіркін не можа балатавацца нават у райсавет.
Незразумелай застаецца сітуацыя з Рыгорам Яўлінскім, які нібы сабраўся ісці ў прэзідэнты ад ліберальнай партыі «Яблоко». Галоўны «яблычнік» заявіў, што разгледзіць магчымасць удзелу ў выбарах, калі грамадзяне збяруць 10 млн подпісаў у ягоную падтрымку. Пакуль звестак аб ходзе збору подпісаў няма. Як вынік, балаціроўка Яўлінскага выклікае сумневы.
Другі ліберальны прэтэндэнт у кандыдаты — Барыс Надзеждзін, экс-дэпутат Дзярждумы ад «Саюза правых сіл» (СПС), дэпутат гарсавету падмаскоўнага горада Даўгапрудны. Барыс дамовіўся аб вылучэнні ў прэзідэнты з партыяй «Грамадзянская ініцыятыва» (менавіта яна вылучала на выбарах 2018 года ў прэзідэнты Ксенію Сабчак). Такая схема спросціць Надзеждзіну працэдуру збору подпісаў — яму трэба будзе здаць у Цэнтрвыбаркам 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў, сабраных па ўсёй краіне, замест 300 тысяч, якія павінен сабраць самавылучэнец. Зрэшты, усім зразумела, што сабраць тыя сто тысяч подпісаў можна выключна ў выпадку, калі будзе адпаведная санкцыя з Крамля.
Пакуль самы рэзанансны кандыдат ад апазіцыі — Кацярына Дунцова, былы дэпутат Ржэўскай гарадской думы. 16 лістапада яна заявіла аб сваім жаданні балатавацца ў прэзідэнты Расіі. Пры гэтым Кацярына зрабіла стаўку на рост пазнавальнасці ў сацсетках. Варта адзначыць, што пакуль у яе гэта цалкам атрымліваецца. На яе перадвыбарчым Telegram-канале ўжо амаль 120 тысяч падпісчыкаў. Яе таксама піяраць некаторыя вядомыя ліберальныя палітыкі.
Каб стаць кандыдатам, Дунцовай трэба будзе сабраць 300 тыс. подпісаў як самавылучэнцу. Аднак самым першым бар'ерам стане ініцыятыўная група грамадзян з 500 чалавек, якую трэба арганізаваць, не патрапіўшы ні ў адну з пастак цяперашняга выбарчага заканадаўства.
Ці трапіць нехта з лібералаў у кандыдацкі пул? Ёсць меркаванне, што ўлады могуць дапусціць кантраляванага антываеннага кандыдата разам з іншымі прадстаўнікамі сістэмнай апазіцыі. Гэта дазволіць Пуціну трыўмфальна перамагчы і атрымаць дадатковую ін'екцыю легітымнасці, паколькі на адных рэпрэсіях утрымаць сістэму ўлады не так проста.
З іншага боку, для ўладаў існуе небяспека, што ў выпадку з'яўлення кандыдата ад апазіцыі выбары могуць ператварыцца ў рэферэндум па найбольш вострых праблемах краіны. Напрыклад, працяг вайны і адсутнасць ва ўладзе адказу на пытанне — калі дадому вернуцца яе ўдзельнікі?
Па-другое, улады цудоўна разумеюць, што маючыя адбыцца выбары апазіцыя можа выкарыстоўваць у мэтах самаарганізацыі на перспектыву. Нават калі лідары, такія як Дунцова, і Надзеждзін з'яўляюцца банальнымі спойлерамі, іх штабы можна абсалютна легальна выкарыстоўваць у мэтах развіцця пратэснага руху ў будучыні.
У сілу гэтых фактараў канчатковы спіс прэтэндэнтаў у кандыдаты і кандыдатаў, пакуль цяжка прагназаваць. Зрэшты, нават калі ў фінале будуць толькі сервільныя апазіцыянеры, у Крамля няма ніякіх гарантый адносна таго, што выбары пройдуць, кажучы беларускім палітычным слэнгам, «элегантна». Асабліва, калі на ўкраінскім фронце напярэдадні дня галасавання здарыцца нейкі форс-мажор.